RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Якую суму наяўных грошай можна правезці з сабой без мытнага дэкларавання

Пытанне: у сувязі з аднаўленнем працы некаторых пунктаў пропуску на мяжы збіраемся з сябрамі паехаць на мора. Нагадайце, калі ласка: якую суму наяўных грошай я магу правезці з сабой без мытнага дэкларавання?

Адказ: мытнаму дэклараванню падлягаюць у пісьмовай форме наяўныя грашовыя сродкі і (або) дарожныя чэкі, калі агульная сума пры іх аднаразовым увозе (вывазе) на мытную тэрыторыю ЕАЭС перавышае суму, эквівалентную 10 000 долараў ЗША па курсе валют, які дзейнічае на дзень падачы мытнаму органу пасажырскай мытнай дэкларацыі.

Такім чынам, без мытнага дэкларавання ў пісьмовай форме вы маеце права правезці з сабой суму да 10 000 долараў ЗША.

Даведачна:

У выпадку, калі вы плануеце да вывазу з мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза суму ад 10 000 да 100 000 долараў ЗША, то мытнае дэклараванне ажыццяўляецца шляхам падачы:

пасажырскай мытнай дэкларацыі, у тым ліку дадатковага фармуляра пасажырскай мытнай дэкларацыі «Дэкларацыя наяўных грошай і (або) грашовых інструментаў».

Калі да аднаразовага вывазу з мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза плануецца сума, якая перавышае 100 тыс. долараў ЗША, то мытнае дэклараванне ажыццяўляецца шляхам падачы:

– пасажырскай мытнай дэкларацыі, у тым ліку дадатковага фармуляра пасажырскай мытнай дэкларацыі «Дэкларацыя наяўных грошай і (або) грашовых інструментаў»,

– дакументаў для пацвярджэння паходжання наяўных грашовых сродкаў і (або) грашовых інструментаў.

Бланк пасажырскай мытнай дэкларацыі, а таксама інструкцыю аб парадку яго запаўнення вы можаце спампаваць на адзіным інтэрнэт-партале мытных органаў па спасылцы http://www.customs.gov.by/ru/passajirskaja_tamozhennaja_declaracija-ru/.

У мэтах скарачэння часавых выдаткаў на ажыццяўленне неабходных мытных аперацый пасажырская мытная дэкларацыя можа быць запоўнена загадзя на адзіным інтэрнэт-партале мытных органаў у раздзеле «Папярэдняе электроннае прадстаўленне звестак».

Па матэрыялах Магілёўскай мытні