RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Аб перавагах цеплавой мадэрнізацыі і ўстаноўцы энергаэфектыўнага абсталявання ў шматкватэрных жылых будынках

Яркія білборды ўжо не першы месяц прыцягваюць увагу гараджан. Дык пра што яны?

Уступаюць у сілу новыя механізмы фінансавання праграмы павышэння энергаэфектыўнасці шматкватэрных жылых дамоў з выкарыстаннем дзяржаўнага субсідзіравання і прадастаўленнем аплаты жыхарам у растэрміноўку.

3 жніўня 2020 года Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнка падпісаны Указ № 296 «Аб зацвярджэнні міжнародных дагавораў і іх рэалізацыі».

Указ быў распрацаваны з мэтай выканання ўнутрыдзяржаўных працэдур па ўступленні ў сілу падпісаных з Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця (МБРР) і Еўрапейскім інвестыцыйным банкам (ЕІБ) фінансавых пагадненняў для рэалізацыі інвестыцыйнага праекта «Пашырэнне ўстойлівага энергакарыстання» (далей – інвестпраект).

Для выканання інвестпраекта, разлічанага на 2020–2025 гады, прыцягваюцца пазыковыя сродкі ў суме 180 млн. еўра ад МБРР і ЕІБ у роўных долях. Яшчэ 3,65 млн. долараў у выглядзе грантавых сродкаў выдзелены глабальным экалагічным фондам.

У межах інвестпраекта плануецца ажыццявіць будаўніцтва (рэканструкцыю) 35 кацельняў арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі з забеспячэннем выкарыстання на іх драўнянага паліва (кампанент 1 інвестпраекта).

У Гродзенскай і Магілёўскай абласцях таксама будзе рэалізаваны комплекс энергаэфектыўных мерапрыемстваў па цеплавой мадэрнізацыі 249 шматкватэрных жылых дамоў з прыцягненнем сродкаў насельніцтва (кампанент 2 інвестпраекта). Механізм рэалізацыі гэтага кампанента быў вызначаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 верасня 2019 г. № 327 «Аб павышэнні энергаэфектыўнасці шматкватэрных жылых дамоў».

Даведачна:

Рэалізацыя кампанента 1 праекта дазволіць павысіць надзейнасць цеплазабеспячэння спажыўцоў, знізіць сабекошт вытворчасці цеплавой энергіі ў сярэднім на 20% і забяспечыць замяшчэнне імпартаванага прыроднага газу мясцовымі відамі паліва.

Рэалізацыя кампанента 2 праекта дазволіць:

забяспечыць сукупную эканомію цеплавой энергіі ў межах мерапрыемстваў на ўзроўні ад 7,6% да 37% (у залежнасці ад пакета энергаэфектыўных мерапрыемстваў) ад фактычнага аб’ёму спажываемай цеплавой энергіі ў дамах, якія падлягаюць цеплавой мадэрнізацыі ў межах кампанента 2 праекта;

забяспечыць агульнае зніжэнне выкідаў СО2 у дамах, якія падлягаюць цеплавой мадэрнізацыі ў межах мерапрыемстваў на ўзроўні ад 10,1 да 49,3 тысяч тон на год (у залежнасці ад пакета энергаэфектыўных мерапрыемстваў);

знізіць аб’ём спажывання цеплавой энергіі ў сярэднім на адну кватэру ў аб’ёме ад 0,54 да 2,55 Гкал у год (у залежнасці ад пакета энергаэфектыўных мерапрыемстваў), што дазволіць забяспечыць эканомію выдаткаў на жыллёва-камунальныя паслугі ў сярэднім ад 4,1 да 19,4 еўра на год (у залежнасці ад пакета энергаэфектыўных мерапрыемстваў).

Энергаэфектыўныя мерапрыемствы могуць ўключаць у сябе: уцяпленне канструкцый (сцен, даху, цокаля, замену аконных блокаў і ўваходных груп); устаноўку тэрмастатычных вентыляў і пакватэрных лічыльнікаў цяпла, якія дазваляюць жыхарам плаціць толькі за сваё цепласпажыванне, мадэрнізацыю цеплавых пунктаў і іншыя меры. Такім чынам, жыхары ствараюць сабе камфортныя і сучасныя ўмовы пражывання, скарачаюць спажыванне энергіі памер камунальных плацяжоў, пры гэтым павялічваючы рынкавы кошт сваёй кватэры.

Акрамя таго, у выніку рэалізацыі кампанента 2 праекта Рэспубліка Беларусь зможа скараціць памер бюджэтнага субсідзіравання на паслугі цепласпажывання для патрэб насельніцтва ў сувязі са скарачэннем аб’ёму спажыванай цеплавой энергіі жыхарамі дамоў, якія падлягаюць цеплавой мадэрнізацыі. Гадавы аб’ём скарачэння бюджэтнага субсідзіравання складзе ад 317,3 да 1 545,9 тыс. еўра ў год (у залежнасці ад пакета энергаэфектыўных мерапрыемстваў).

Жыхары могуць звярнуцца ў сваю кіруючую кампанію (ТУЖ, ЖБВК, ЖЭС) з запытам аб правядзенні ў сваім доме энергаэфектыўных мерапрыемстваў. Калі больш чым 2/3 уласнікаў кватэр прагаласуе на агульным сходзе «за» ўдзел у праграме, то дом мае права атрымаць дзяржаўную падтрымку, якая пакрывае 50% усіх выдаткаў на правядзенне энергаэфектыўных мерапрыемстваў, і растэрміноўку на 10 гадоў і больш для пакінутай часткі выдаткаў.

Для папулярызацыі пераваг зніжэння цепласпажывання ў шматкватэрных жылых дамах і адказаў на самыя распаўсюджаныя вопросына сайце Дэпартамента па энергаэфектыўнасці створаны раздзел «Цеплавая мадэрнізацыя жылых дамоў»

Дэпартамент па энергаэфектыўнасці