Пытанне: Ці можа быць прызначана пенсія за выслугу гадоў па Законе Рэспублікі Беларусь «Аб пенсійным забеспячэнні» жанчыне, якая працуе ў школе настаўнікам з 1984 года па цяперашні час?
Адказ: Згодна з артыкулам 48 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб пенсійным забеспячэнні» (далей – Закон аб пенсійным забеспячэнні) права на пенсію за выслугу гадоў маюць асобныя катэгорыі педагагічных работнікаў са зніжэннем агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту на 5 гадоў пры наяўнасці спецыяльнага стажу працы ў жанчын не менш за 25 гадоў.
У адпаведнасці з артыкулам 46 Закона аб пенсійным забеспячэнні пенсіі за выслугу гадоў прызначаюцца асобным катэгорыям работнікаў, якія не маюць права на датэрміновую прафесійную пенсію. Пры гэтым перыяды занятасці асобнымі відамі прафесійнай дзейнасці пасля 01.01.2009 улічваюцца пры вызначэнні права на пенсію за выслугу гадоў пры ўмове выплаты ўзносаў на прафесійнае пенсійнае страхаванне.
Паводле артыкулаў 5 і 11 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб прафесійным пенсійным страхаванні» (далей – Закон аб пенсійным страхаванні) права на датэрміновую прафесійную пенсію маюць асобныя катэгорыі медыцынскіх і педагагічных работнікаў пры прафесійным стажы не менш за 25 гадоў у жанчын – раней за дасягненне агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту на 5 гадоў.
Для вызначэння права на датэрміновую прафесійную пенсію пры наяўнасці не менш за палову прафесійнага стажу ўлічваюцца таксама перыяды працы з асаблівымі ўмовамі працы да ўступлення ў сілу Закона аб пенсійным страхаванні, прадугледжаныя Законам аб пенсійным забеспячэнні.
З моманту ўвядзення прафесійнага пенсійнага страхавання пры адпрацоўцы работнікам пасля 01.01.2009 больш за палову патрэбнага спецыяльнага стажу працы магла быць прызначана толькі пенсія ў сістэме прафесійнага пенсійнага страхавання незалежна ад працягласці спецыяльнага стажу працы да 01.01.2009 (за выключэннем работнікаў, занятых на працах з асаблівымі ўмовамі працы па спісах № 1 і № 2). Пры гэтым права на датэрміновую пенсію ў агульнай пенсійнай сістэме трацілася.
На падставе Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17.01.2020 № 15 «Аб змяненні указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» (далей – Указ № 15) работнікам, якія маюць права на датэрміновую прафесійную пенсію, якія да 01.01.2009 выпрацавалі не менш за палову поўнага стажу працы з асаблівымі ўмовамі працы, патрэбнага для прызначэння пенсіі па ўзросце за працу з асаблівымі ўмовамі працы або пенсіі за выслугу гадоў, замест датэрміновай прафесійнай пенсіі можа быць прызначана адпаведна пенсія па ўзросце за працу з асаблівымі ўмовамі працы або пенсія за выслугу гадоў па Законе аб пенсійным забеспячэнні.
Такім чынам, педагагічным работнікам, якія маюць спецыяльны стаж працы не менш за 25 гадоў і адпрацавалі да 01.01.2009 не менш за палову патрабаванага спецыяльнага стажу, Указам № 15 прадастаўлена права на прызначэнне пенсіі за выслугу гадоў у агульнай пенсійнай сістэме замест датэрміновай прафесійнай пенсіі.