Аргкамітэт Усебеларускага народнага сходу ўжо атрымаў 17 тыс. прапаноў, паведаміў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Андрэй Кунцэвіч у інтэрв'ю праграме «Контуры» на тэлеканале АНТ.
«Усяго ў арганізацыйны камітэт ужо паступіла 17 тыс. прапаноў, якія цяпер абагульняюцца. Я мяркую, што па выніках абрання дэлегатаў і іх працы ў рэгіёнах, на месцах, мы таксама атрымаем вялікі пералік прапаноў, якія дазволяць нам у канчатковым выніку сфарірмаваць вобраз Беларусі будучыні», – адзначыў Андрэй Кунцэвіч.
Ён нагадаў, што звароты прымаюцца ў ліку іншага праз сайт ВНС vsebel.by: «Дарэчы, на сайт сходу ўжо паступілі сотні паведамленняў – ад мясцовай праблематыкі да пытанняў агульнадзяржаўнага ўзроўню».
Намеснік кіраўніка АП лічыць, што Усебеларускі народны сход павінен адказаць на сённяшнія запыты грамадства. «Прычым не толькі (на запыты. – Заўв. БелТА) тых, хто пражывае ў сталіцы. Маё цвёрдае перакананне, што па-сапраўднаму моцнай нашу краіну робяць толькі моцныя рэгіёны. Таму я лічу, што адным з прыярытэтаў новай пяцігодкі павінна стаць рэгіянальнае развіццё. Безумоўна, ужо нямала робіцца ў гэтым кірунку, але трэба рухацца далей, шукаць нейкія новыя пункты росту», – сказаў ён.
Андрэй Кунцэвіч таксама выказаўся за далейшую дэбюракратызацыю дзяржапарату. «Што скрываць, ёсць прыклады, калі, скажам так, некампетэнтнасць або хамства асобных чыноўнікаў перакрэслівае намаганні цэлых органаў дзяржаўнага кіравання», – канстатаваў ён.
Паводле слоў намесніка кіраўніка АП, сярод дэлегатаў ВНС – самыя розныя людзі па сваёй прафесійнай прыналежнасці, узросце, узроўні адукацыі, па поглядах на прыярытэты дзяржаўнай палітыкі. «Мяркую, што менавіта гэта разнастайнасць дазволіць нам намацаць правільны вектар развіцця краіны. І, галоўнае, ёсць адчуванне таго, што для іх Беларусь – гэта не гульня ў «Манаполію». Яны цвёрда разумеюць, што краіна – гэта не пра катлеты і не пра стужачкі, краіна – гэта пра лёсы людзей, лёсы іх дзяцей і ўнукаў», – сказаў Андрэй Кунцэвіч.