Аляксандр Петранкоў, трактарыст-машыніст КСУП «Ніва-Барсукі», узнагароджаны ордэнам Айчыны III ступені, ордэнам Пашаны, медалём «За працоўныя заслугі»:
– Мне выпала ганаровае права ў саставе дэлегацыі Кіраўскага раёна двойчы прымаць
удзел у рабоце такога важнейшага форуму, як Усебеларускі народны сход, – у 2006 і 2016 гадах. Усё, што тады адбывалася, добра памятаецца і зараз.
Мы, дэлегаты, безумоўна, адчувалі вялікую адказнасць з нагоды ўласнага дачынення да прыняцця рашэнняў дзяржаўнай важнасці, а гэта, у першую чаргу, стратэгія развіцця рэспублікі на наступную пяцігодку, у тым ліку галіны, якой я прысвяціў шмат год жыцця, – сельскай гаспадаркі. А інакш не магло быць, бо размова вялася аб нашым надзённым жыцці, працы, тых праблемах, якія неабходна вырашаць, будучым краіны.
Вялікае ўражанне зрабілі выступленні на форумах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі: адчувалася, што ён усёй душой хварэе за тое, каб краіна дынамічна развівалася, узрастаў узровень жыцця людзей. «Дзяржава для народа» – такім быў дэвіз трэцяга сходу, і яго рашэнні тычыліся менавіта выканання гэтай мэты.
Курс дзяржавы, накіраваны на клопат аб людзях, іх дабрабыце, застаўся нязменным.
Лозунг пятага сходу – «Разам – за моцную і квітнеючую Беларусь». І ў наступным пяцігоддзі краіна ўпэўнена крочыла па вызначаным шляху.
Мы яскрава адчулі, што Усебеларускі народны сход – гэта сапраўды дзейсны механізм народаўладдзя, таму што намечаныя напрамкі дзейнасці знаходзілі сваё ўвасабленне ў
жыцці.
Я – патомны механізатар, нарадзіўся ў вёсцы і працую на зямлі дзядоў і прадзедаў усё свядомае жыццё: дарэчы, у гэтым годзе споўніцца роўна 40 год, як шчырую ў роднай гаспадарцы, зараз яна мае назву КСУП “Ніва-Барсукі”. Ведаю цану няпростай сялянскай працы, рэзультат якой залежыць у тым ліку і ад чалавечага фактару: любові да зямлі, сумленнасці і адказнасці кожнага за канчатковы рэзультат. Радуе, што дзякуючы падтрымцы дзяржавы развіваецца аграпрамысловы комплекс, у тым ліку і наша сельгаспрадпрыемства. На службу сяльчанам прыходзяць высокапрадукцыйная тэхніка, перадавыя тэхналогіі – адкрываюцца новыя магчымасці ў працы. І кожны ў нашым згуртаваным калектыве стараецца ўносіць свой уклад у агульныя здабыткі – ведаем, што і ад нас залежыць харчовая незалежнасць краіны. Задавальняе, што праца прыносіць плён: паказчыкі ў нашай гаспадарцы дастойныя, не стаім на месцы, упэўнена рухаемся наперад.
Ад прадстаячага народнага форуму чакаю разгляду пытанняў далейшага развіцця АПК, сацыяльнай сферы сяла, замацавання маладых кадраў. Думаю, што пры вызначэнні новых напрамкаў работы, як і раней, будзе ўлічаны станоўчы вопыт мінулых год.
Галоўнымі нашымі каштоўнасцямі і дасягненнямі на пятым Усебеларускім народным сходзе Прэзідэнт назваў мір, спакой, незалежнасць і бяспеку. Сёння надзённым з’яўляецца пытанне зберажэння гэтых каштоўнасцей. Мы, людзі Беларусі, павінны быць адзінымі ў імкненні пераадолець складанасці, якія сустракаюцца на шляху, захаваць мір, спакой, стабільнасць – дзеля ўсіх нас, дзеля нашых дзяцей і ўнукаў. Нездарма надышоўшы год аб’яўлены ў нашай рэспубліцы Годам народнага адзінства.