RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Прадстаўляем дэлегатаў VI Усебеларускага народнага сходу. Іван РЫНЯК: «Сельскай гаспадарцы даўно дадзены патрэбны імпульс, неабходна рухацца далей па вызначаным накірунку»

Адзін з тых, каму даручана прадстаўляць наш раён на прадстаячым VI Усебеларускім народным сходзе ў якасці дэлегата, – Іван Рыняк – дырэктар КСУП «Ніва-Барсукі», дэпутат Кіраўскага раённага Савета дэпутатаў і Паўлавіцкага сельскага Савета дэпутатаў.

Іван Рыняк у асаблівым прадстаўленні не мае патрэбы. Ён – выдатны аграрнік, таленавіты кіраўнік, добра вядомы і ў нашым раёне, і за яго межамі. Ужо без малога 19 год узначальвае ён сельгаспрадпрыемства «Ніва-Барсукі» – адно з самых паспяховых і фінансава ўстойлівых на Кіраўшчыне. Патомны працаўнік сяла, ён прайшоў шлях ад механізатара да кіраўніка роднай для яго гаспадаркі, паралельна вывучаючы аграрную навуку тэарэтычна і практычна, а таму ведае спецыфіку работы ў сельгасвытворчасці дасканала. Адзін з яскравых доказаў таму – медаль «За працоўныя заслугі», якім Іван Рыняк быў узнагароджаны ў 2016 годзе. Ён таксама быў удастоены спецыяльнай прэміі Магілёўскага аблвыканкама «Чалавек года-2006».

Але не толькі прафесійныя здольнасці, уменне кіраваць вялікай вытворчасцю, а і найлепшыя чалавечыя якасці вылучаюць Івана Рыняка. Тыя, каму давялося мець зносіны з ім, не кажучы ўжо пра людзей, якія працуюць поплеч, ведаюць яго ўважлівым і адкрытым, чулым і спагадлівым чалавекам, які ніколі не адмовіў у дапамозе. А за дапамогай звяртаюцца часта – і як да кіраўніка, і як дэпутата. Вось пра гэтыя некаторыя аспекты з прафесійнай і грамадскай дзейнасці Івана Уладзіміравіча мы і пагутарылі нядаўна з ім. А яшчэ, безумоўна, цікавіла нас і тое, з якімі думкамі і пачуццямі збіраецца дэлегат на народны форум, што для яго значыць гэтая паездка ў сталіцу.

Заспець дырэктара ў яго прасторным і ўтульным кабінеце – справа не такая простая. Звычайна ён штодня «на нагах ці калёсах». З 7-мі гадзін кіраўнік на рабоце – гэта цяпер, узімку. Пра іншыя сезоны года можна здагадвацца – з самага досвітку. Перад планёркай, аб’ехаўшы ўсе аб’екты, дырэктар валодае самай свежай і неабходнай інфармацыяй, каб вызначыць накірункі ў рабоце і паставіць задачы. А потым на працягу дня – кантроль за іх выкананнем. Без строгай дысцыпліны, якая заўсёды з’яўляецца нормай для ніваўцаў, не дабіцца тых высокіх рэзультатаў, якіх стабільна дасягае сельгаспрадпрыемства. Упор у «Ніве-Барсукі» робіцца на вытворчасць сельгаспрадукцыі, якая з’яўляецца рэнтабельнай, прыносіць прыбытак: малако і мяса, цукровыя буракі, зерне, якое выкарыстоўваецца для патрэб у жывёлагадоўлі. Увага надаецца вырошчванню траў і наогул нарыхтоўцы якасных кармоў для грамадскага статка.

Сёння сельгаспрадпрыемства ў няпростых эканамічных умовах не мае запазычанасцей ні па бюджэце, ні па электраэнергіі, ні па падатках, ні па банкаўскіх крэдытах. Больш таго, маюцца свабодныя грашовыя сродкі на разліковым рахунку. Згадзіцеся, факты гэтыя гавораць самі за сябе: «Ніва-Барсукі» трывала стаіць на нагах, а мясцовыя працаўнікі маюць добрыя ўмовы для сваёй працы і дастойную яе аплату. Клопат аб людзях наогул з’яўляецца ў сельгаспрадпрыемстве адным з прыярытэтных напрамкаў. Згодна прэзідэнцкай праграмы адраджэння сяла, у гаспадарцы было пабудавана 80 дамоў для маладых спецыялістаў і радавых работнікаў. Цэнтральная сядзіба – аг.Барсукі – поўнасцю газіфікавана за кошт гаспадаркі. Карацей, без далейшага пералічвання, сёння ў аграгарадку маюцца ўсе неабходныя ўмовы для камфортнага пражывання і нармальнай работы – галоўнае, што трэба, каб вёска жыла.

Мы нездарма, гаворачы аб прадстаячым VI Усебеларускім народным сходзе, скіравалі ўвагу менавіта на вытворчую дзейнасць нашага субяседніка, прадугадваючы, што менавіта з ёй звязаны асноўныя тэмы, якія яму хацелася б, каб былі ўзняты на форуме.

– Абранне мяне дэлегатам такога важнага мерапрыемства дзяржаўнага значэння расцэньваю як вялікі давер, – падзяліўся думкамі Іван Уладзіміравіч. Удзельнічаць у форуме, дзе будуць вызначацца перспектывы развіцця нашай краіны, – важна для мяне, хвалююча і адказна. Упэўнены, што падчас работы сходу будуць прааналізаваны і падтрыманы ініцыятывы па развіцці сельскагаспадарчай галіны ў сучасных умовах.

Для мяне важныя пытанні далейшага развіцця, разумнай падтрымкі аграпрамысловага комплексу. Лічу, што аграрыям не варта скардзіцца на недахоп увагі з боку дзяржавы. Галіна, галоўная мэта развіцця якой – забеспячэнне харчовай бяспекі краіны, атрымала і атрымлівае немалую падтрымку, проста неабходна рухацца далей у выбраным накірунку. Неабходна зніжаць сабекошт вытворчасці прадукцыі, павышаць эфектыўнасць працы. Гэта вельмі важна для эканомікі сяла, каб наша прадукцыя дастойна канкурыравала на знешніх рынках, актыўней ішла на экспарт.

Хацелася б, каб далей дзейнічала праграма крэдытавання. Дзяржаўная падтрымка сельгасарганізацый бу­дзе стымуляваць развіццё арганічнай сельскай гаспадаркі. Патрэбна, лічу, прадоўжыць работу па тэхнічным перааснашчэнні машынна-трактарнага парка і забеспячэнні сельгасарганізацый высокапрадукцыйнымі сродкамі механізацыі, аснашчаных бартавымі камп’ютарамі і сістэмамі навігацыі айчыннай вытворчасці. У КСУП «Ніва-Барсукі» мы выкарыстоўваем падобныя тэхналагічныя навінкі ўжо не адзін год і ўпэўніліся ў іх перавагах і спрыяльнасці ў развіцці эканомікі гаспадаркі.

Неабходна ўдасканальваць кармавую базу, якасць і захаванасць кармоў, што створыць умовы для ўстойлівага развіцця жывёлагадоўчай галіны. У апошняй трэба актыўна працаваць над павелічэннем пагалоўя высокапрадукцыйнай племянной жывёлы. Трэба працягваць работу па тэхнічным перааснашчэнні жывёлагадоўчых аб’ектаў. Мы ў гэтым накірунку працуем даўно. За гады маёй работы на пасадзе кіраўніка сельгаспрадпрыемства ўведзена ў строй 6 новых аб’ектаў і на 12-ці праведзена рэканструкцыя. Гэта, безумоўна, дало свой плён у павелічэнні вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі.

Яшчэ адзін вельмі важны момант – павышэнне ўзроўню кадравай забяспечанасці, уключаючы пытанні падрыхтоўкі кадраў сельскагаспадарчага профілю і іх замацавання на вёсцы. Маладыя спецыялісты павінны хацець працаваць на зямлі, а для гэтага трэба ствараць неабходныя ўмовы. Тады іх энергія і сучасныя веды будуць садзейнічаць павышэнню ўзроўня эканомікі сельгас­арганізацый і краіны ў цэлым.

Вельмі важнай для сябе ра­зам з выкананнем прафесійных абавязкаў Іван Рыняк лічыць дэпутацкую дзейнасць. Ён неаднаразо­ва выбіраўся дэпутатам раённага і Паўлавіцкага сельскага Саветаў дэпутатаў. Галоўнай мэтай органаў мясцовага самакіравання Іван Уладзіміравіч лічыць вырашэнне сацыяльных, эканамічных і бытавых праблем у мэтах павышэння якасці жыцця насельніцтва.

Старшыня Паўлавіцкага сельскага Савета дэпутатаў Марына Стафеева характарызуе Івана Рыняка як дэпутата з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. «Мне сапраўды пашчасціла супрацоўнічаць з Іванам Уладзіміравічам, – кажа Марына Валер’еўна. – Ніводная просьба, мая ці людская, ніколі не застаецца без яго ўвагі. Вялікая дапамога аказваецца па добраўпарадкаванні тэрыторыі сельсавета, навядзенні парадку на зямлі, прывядзенні ў парадак грамадскіх могілак, ліквідацыі безгаспадарных дамоў, увядзенні ў севазварот пусту­ючых земляў. А колькі было зроблена для камфорту жыхароў тых жа Барсукоў, да прыкладу! Газіфікацыя аграгарадка, асфальтаванне вуліц, адраджэнне мясцовага возера… Многае клалася «на плечы» гаспадаркі пры непасрэднай ініцыятыве і намаганнях яе кіраўніка… Іван Уладзіміравіч з’яўляецца членам савета грамадскага пункта аховы правапарадку, у саставе інфармацыйна-прапагандысцкай групы сельскага Савета ўдзельнічае ў сустрэчах з насельніцтвам.

– Мой жыццёвы прынцып – калі маеш магчымасць дапамагчы чалавеку – дапамажы абавязкова! – падкрэслівае Іван Рыняк. – Я не падзяляю сваю дзейнасць на пасадзе старшыні гаспадаркі з дэпутацкімі клопатамі. Чалавек звяртаецца да дэпутата, калі не можа сам вырашыць тую ці іншую праблему. І адмовіць яму – лічу для сябе – я не маю права, калі сапраўды на тое маецца патрэба. Да прыкладу, выдзяляем тэхніку для апрацоўкі прысядзібных участкаў, нарыхтоўкі дроў. Камусьці трэба выпісаць корм для хатняй жывёлы, а каму неабходна трапіць у райбальніцу, а ў іншага – гора: трэба пахаваць блізкага чалавека… Ці мала такіх бытавых пытанняў?.. Паколькі мая выбарчая акруга знаходзіцца ў Барсуках, то і людзі, якія тут працуюць, – і цяперашнія работнікі гаспадаркі, і пенсіянеры, і прадстаўнікі сацыяльнай сферы – усе для мяне аднолькава заслугоўваюць увагі. І іх пытанні часта звязаны з сельскім жыццём. Хаця абмяжоўвацца толькі сваёй акругай не атрымліваецца. На тэрыторыі, дзе раскінулася наша сельгаспрадпрыемства, жывуць і працуюць людзі з 13-ці населеных пунктаў…

У адрас нашага суразмоўцы прагучалі цёплыя словы і ад яго выбаршчыкаў. Намеснік галоўнага бухгалтара КСУП «Ніва-Барсукі» Аліна Антончык адзначыла: «Мне вельмі імпануе стаўленне ў гаспадарцы да маладых спецыялістаў і работнікаў наогул. Кіраўніцтва заўсёды ідзе насустрач у вырашэнні іх патрэб, у першую чаргу, жыллёвых. Два гады таму нашай сям’і выдзелілі ўтульны дом, дагэтуль мы жылі ў Паўлавічах, адкуль я родам. Цяпер абжываемся ў Барсуках. Муж працуе ва УКП «Жылкамгас», у нас двое дзетак. У сельгаспрадпрыемстве створаны добрыя ўмовы для працы, дастойная яе аплата, а мы стараемся добрасумленна выконваць свае абавязкі, каб умацоўвалася эканамічнае становішча гаспадаркі».

Сваімі меркаваннямі падзяліўся малады спецыяліст, брыгадзір паляводчай брыгады Павел Кайданаў: «Іван Уладзіміравіч – чалавек слова і справы, а таксама чулы і спагадлівы. І гэтыя якасці напрамую звязаны з бязмернай любоўю да сваёй малой радзімы. А таму і да людзей мясцовых ён ставіцца з павагай, бо яны – і ёсць часцінка гэтай радзімы. Чаму я так разважаю? Таму што і сам – мясцовы, барсукоўскі, і гэтыя пачуцці мне добра знаёмыя. Я тут вырас, на бацькоўскай зямлі. Бацька, дарэчы – мясцовы механізатар. Пасля заканчэння сельгасакадэміі я мэтанакіравана вярнуўся на радзіму і хачу працаваць толькі тут. Спадабалася наша гаспадарка і маёй жонцы, якая родам з Гомеля. Яна ахвотна прыняла прапанову кіраўніцтва працаваць аграномам. У хуткім часе нам абяцалі выдзеліць жыллё».

Былая загадчык Барсукоўскага дзіцячага садка-пачатковай школы Еўдакія Капцялова заўважыла: «Па роду дзейнасці мне даводзілася шмат звяртацца да Івана Уладзіміравіча за рознага роду дапамогай. Адмовы ніколі не было. Гаспадарка дапамагала з рамонтам, ацяпленнем, заўсёды пастаўляла сельгаспрадукцыю. Падкрэслю яшчэ адзін важны момант. На працягу шмат гадоў мне даручалі ўзначальваць участковую камісію па выбарах у раённы і Паўлавіцкі сельскі Саветы дэпутатаў. Некалькі разоў у якасці кандыдата тут балаціраваўся Іван Рыняк. Дык вось яго перавага на выбарах заўсёды была абсалютнай».

Пагутарылі мы і з іншымі людзьмі: яны цалкам давяраюць Івану Уладзіміравічу і падтрымліваюць. Усе аднадушна прыходзілі да высновы, што Іван Рыняк – дастойны дэлегат для ўдзелу ў VI Усебеларускім народным сходзе.

Аляксандр хахлоў, kirovsk.by