RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Атрохаў: «Сход дасць станоўчы штуршок вырашэнню многіх пытанняў»

Адзін з дэлегатаў на Усебеларускі народны сход ад нашага раёна — дырэктар ААТ «Неўскі-Агра» Аляксандр Аляксандравіч Атрохаў. Нягледзячы на тое, што дадзеную гаспадарку узначальвае толькі два гады, у раёне яго добра ведаюць як прадпрымальнага, нацэленага на станоўчы вынік кіраўніка-арганізатара. Апошняе пацвердзіла і дырэктарства ўжо ў «Неўскім-Агра». За апошнія гады гаспадарка прыкметна павялічыла валавы збор раслінаводчай прадукцыі, вытворчасць малака і мяса, актыўна аднаўляюцца жывёлаводчыя аб’екты, сучасны выгляд набыў калгасны інтэрнат для маладых спецыялістаў і іншых работнікаў галіны, павялічыўся заробак працаўнікоў.

На высокі форум Аляксандр Аляксандравіч абраны не ўпершыню. З задавальненнем падзяліўся стаўленнем да падзеі і ўражаннем ад магчымасці стаць яе ўдзельнікам.

— Аляксандр Аляксандравіч, з якім настроем збіраецеся на форум?

— З выдатным! Тым болей што я ўжо ўдзельнічаў у IV Усебеларускім народным форуме і столькі атрымаў прыемных уражанняў!

— Чым дакладна запомніўся той сход?

— Выдатнай арганізацыяй, зладжанасцю работы. Пытанні падымаліся глабальныя, тыя, што сапраўды патрабавалі вырашэння. 

— Якіх важных рашэнняў чакаеце ад сёлетняга Усебеларускага народнага сходу?

— На VI Усебеларускім сходзе прыемна, што будзе вырашацца шмат пытанняў, якія датычацца сельскай гаспадаркі, развіцця галіны аграпрамысловага комплексу краіны — яе рэарганізацыя, адносіны да работнікаў, дырэктараў, пенсійныя налічэнні апошнім і іншае. Гэта вельмі сур’ёзнае мерапрыемства.  

— Калі б надарылася магчымасць выступіць, якую б праблему паднялі — пра што б самі выказаліся?

— Якраз пра вышэйпералічаныя праблемы. Яны ж узніклі незнарок: на ўзроўні вобласці падымаліся кіраўніцтвам арганізацый АПК і раней, і на сходзе ў Магілёве на мінулым тыдні. Як і многія іншыя, лічу, што адносіны да сельскай гаспадаркі, да зямлі патрабуюць змен. Вырашаць, якія праводзіць мерапрыемствы, якую сеяць культуру з улікам магчымасцяў глебы, не па разнарадцы зверху, а рашэннем праўлення гаспадаркі, калектыва, які працуе на зямлі і ведае яе асаблівасці. Трэба больш самастойнасці, паўнамоцтваў на месцах, меньшая залежнасць ад вышэйстаячых структур у прыняцці вытворчых рашэнняў — тое, што патрабуецца цяпер сельскай гаспадарцы, каб развівацца далей і якасна выконваць пастаўленыя дзяржавай перад АПК задачы. Спадзяюся, што Усебеларускі народны сход дасць станоўчы штуршок вырашэнню гэтых пытанняў. 

Даведка:

Нарадзіўся Аляксандр Аляксандравіч Атрохаў у 1961 годзе ў в. Вуглы Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці.

У галіне АПК прайшоў шлях ад трактарыста-машыніста калгаса «Светлы шлях» Рагачоўшчыны (1978-1979 г. г.) да дырэктара сельгаспрадпрыемства Бабруйскага раёна. Па прафесіі аграном. У 1987 г. скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію і ў тым жа годзе заступіў на пасаду галоўнага спецыяліста калгаса імя Пушкіна на Бабруйшчыне, працаваў у ёй да 1994 г. Пасля непрацяглага перапынку (1994-1995 г. г. — спецыяліст-аграном фірмы «Саквойя») ізноў вярнуўся ў калгас імя Пушкіна, дзе на працягу 1995-1999 гадоў быў за начальніка цэха раслінаводства. З 1999 па 2002 г. — старшыня калгаса «Шлях Леніна». У 2002-м быў запрошаны на пасаду намесніка начальніка Бабруйскага райсельгасхарчу. Праўда, затрымаўся там нядоўга: вабіла практыка і непасрэдная сувязь з зямлёй. У 2003 годзе ўсклаў на сябе абавязкі старшыні СВК «Калгас імя Пушкіна» і ў галаве гэтай гаспадаркі (пазней — філіяла «Варатынь») адпрацаваў да 2017 года. Пасля гэтага былі два гады працы намеснікам дырэктара філіяла «Агракамбінат КХП». З 2018 года — на кіруючай пасадзе, са снежня 2020-га — дырэктар ААТ «Неўскі-Агра».

Алена Карпенка, фота з архіву, tribunapracy.by