RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Прадстаўляем дэлегатаў VI Усебеларускага народнага сходу. Аляксандр БАГЕЛЬ: «У ліку асноўных задач – павышэнне эканамічнай эфектыўнасці сельгасвытворчасці, рост дабрабыту працаўнікоў»

Дырэктар ААТ «Рассвет імя К.П.Арлоўскага», старшыня Магілёўскага абласнога аграпрамысловага саюза, дэпутат Кіраўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Багель абраны дэлегатам VI Усебеларускага народнага сходу. На прадстаўнічы форум ён накіруецца ў трэці раз – дагэтуль прымаў удзел у рабоце IV і V сходаў. І на справе пераканаўся, што гэта сапраўды дзейная форма народаўладдзя. Абмеркаваныя і вызначаныя на іх арыенціры рэальныя для дасягнення, падкрэсліў Аляксандр Іванавіч. У прыватнасці, напрамкі развіцця сельскагаспадарчай галіны, прапісаныя ў папярэдніх пяцігадовых праграмах, рэалізаваны ў «Рассвеце», што пацвярджае і яго цяперашняя эканамічная і фінансавая стабільнасць.

Але не ў характары рассветаўцаў спыняцца на дасягнутым: кіраўнік і калектыў бачаць перспектывы развіцця і ста­вяць новыя задачы па павелічэнні вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, паляпшэнні яе якасці, павышэнні эканамічнай эфектыўнасці сельгасвытворчасці, зніжэнні затрат, а ў выніку – росту дабрабыту працаўнікоў.

Аляксандр Багель упэўнены, што пра гэтыя напрамкі ў маштабах рэспублікі будзе ісці размова на VI Усебеларускім народным сходзе ў ліку іншых пытанняў развіцця аграпрамысловага комплексу. Дэпутат лічыць, што гэты форум будзе асаблівым, насычаным рознымі тэмамі і прапановамі.

– Лічбы, прыведзеныя ў Асноўных палажэннях праекта Праграмы развіцця рэспублікі на новую пяцігодку, – адзначыў Аляксандр Багель, – абгрунтаваныя, і правільна, што ставяцца такія высокія задачы. На аснове ўкаранення навейшых дасягненняў навукі, перадавога вопыту, забеспячэння дыктатуры тэхналогій яны вырашальныя.

Увогуле ў сельгасвытворчасці можна выбіраць, у якім сегменце працаваць: займацца буйнатаварнай гаспадаркай ці, напрыклад, фермерам стаць. Ёсць карысны вопыт, талковыя людзі, якія ў стане ўзяцца і арганізаваць усё належным чынам, – магчымасці ў краіне створаны.

Бягучы год для Аляксандра Багеля па-свойму адметны – у лістападзе споўніцца дзесяць год, як ён узнача­ліў працоўны калектыў буйнейшай у раёне і на Магілёў­шчыне сельгасарганізацыі – СВК «Рассвет» імя К.П.Арлоў­скага (зараз ААТ «Рассвет імя К.П.Арлоўскага»). Ён – пяты па ліку кіраўнік у гісторыі знакамітай гаспадаркі. Прыйшоў сюды, маючы за плячыма шмат год работы ў АПК, у тым ліку ў нашым раёне. Гэта вопытны, граматны, адказны кіраўнік, які прыслухоўваецца да патрэб людзей, дае ім сябе праявіць.

Шануючы слаўныя традыцыі, прымнажаючы дасягненні, пераадольваючы складанасці, «Рассвет» крочыць наперад, праслаўляючы наш раён і вобласць на ўзроўні рэспублікі. У 2018 годзе за значны ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў калектыў гаспадаркі быў удастоены Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

За шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, узорнае выкананне службовых абавязкаў, вялікі асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу Аляксандр Багель узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі».

Мы пацікавіліся ў Аляксандра Іванавіча, азіраючыся на прой­дзены з рассветаўцамі амаль 10-гадовы шлях, якія б ён адзначыў дасягненні.

– Безумоўна, галоўнае, што ў нас захаваўся калектыў – працавітых, адказных, добрасумленных людзей, выхаваных на традыцыях ранейшых пакаленняў рассветаўцаў, стаўленні да працы, закладзеным Героем Савецкага Саюза, Героем Сацыялістычнай Працы Кірылам Пракопавічам Арлоўскім.

У нас склалася зладжаная каманда кіраўніцтва і спецыялістаў. У ходзе работы зразумеў, наколькі гэта важна, улічваючы, што «Рассвет» – шматгаліновая гаспадарка: і дакладная арганізацыя працы на кожным участку, у падраз­дзяленнях заўжды пад кантролем. Галоўныя мае памочнікі – людзі адказныя, выдатна выконваючыя свае функцыі: гэта першы намеснік дырэктара Аляксандр Жылінскі, кіраўнікі рыбнай гаспадаркі Алег Шапавалаў і ўчастка «Сад» Алена Юркавец, намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі Іна Бяляўская і іншыя. Стараюцца і маладыя кадры: напрыклад, загадчык аўтагаража Яўген Зайцаў – перспектыўны спецыяліст.

У лік нашых дасягненняў уключаю будаўніцтва сучасных аб’ектаў. У 2012 годзе ўвайшла ў строй буйнейшая ў Беларусі біягазавая ўстаноўка вытворчай магутнасцю 4,8 Мвт электраэнергіі. У прыярытэце ў нас – развіццё жывёлагадоўчай галіны. У свой час, згодна адпаведнага Указа Прэзідэнта, быў узве­дзены МТК «Валосавічы».

У 2019 годзе завяршылі бу­даўніцтва новай МТФ «Мышкавічы» высокага сучаснага ўзроўню. З’явіліся іншыя жывёлагадоўчыя аб’екты і памяшканні, у якія ўкладзены ўласныя інвестыцыі. Можна таксама нагадаць ачышчальна-сушыльны комплекс, агароднінасхові­шча. Будавалі жылыя дамы для рассветаўцаў.

На стале ў рабочым кабінеце Аляксандра Іванавіча заўжды ля­жыць ліст з табліцамі па аб’ёмах вытворчасці малака і атрыманай ад рэалізацыі выручкі з таго часу, як ён стаў кіраўніком «Рассвета». Па словах дырэктара, гэта для таго, каб адсоч­ваць дынаміку ў важнай для гаспадаркі малочнай галіне. І, трэба адзначыць, паказчыкі ў табліцы – з павелічэннем з года ў год. Калі ён прыйшоў у гаспадарку, сярэднясутачны надой на карову быў 6142 кг, па выніках 2020 года перакрочылі 8-тысячны рубеж і дасягнулі паказчыка ў 8132 кг. І па валавым сярэднясутачным надоі палепшылі пазіцыі: раней даілі за суткі максімальна 40-42 тоны, зараз – 62 тоны. Павысілі якасць малака, зараз яно ў асноўным накіроўваецца на перапрацоўку сортам «экстра». А гэта значныя грашовыя паступленні на рахунак гаспадаркі.

Пагалоўе жывёлы зараз складае больш 9 тысяч, яно будзе павялічвацца і далей. Калі Аляксандр Багель прыйшоў на работу ў «Рассвет», пагалоўе дойнага статка ўключала 2200 кароў, сёлета мяркуецца давесці яго да 2600-2700. У планах – будаўніцтва яшчэ аднаго памяшкання на новай ферме.

Ёсць поспехі ў раслінаводстве. У мінулым годзе збожжавыя нядрэнны ўраджай далі: на гэтай зямлі, адзначыў Аляксандр Іванавіч, рэкорды ўжо былі, галоўнае, не дапускаць падзення.

Структура пасяўных пло­шчаў у асноўным не змянялася, толькі адвялі больш плошчаў пад кукурузу, бо сілас патрэбны як сыравіна для біягазавай устаноўкі.

Рассветаўцы ў галіне раслі­наводства мэтанакіравана працуюць у напрамку павышэння ўрадлівасці земляў, граматна ставяцца да селекцыйна-насенняводчага ўдасканалення гатункаў і насення, укараняюць новыя тэхналогіі апрацоўкі сельскагаспадарчых культур.

Галоўнае для развіцця гаспадаркі – рэзультаты фінансавай дзейнасці. Па выніках мінулага года і ў цэлым найбольш прыбытковая прадукцыя – малако, рэнтабель­насць тут склала 40%, работа біягазавай устаноўкі – 36%. Частка электраэнергіі выкарыстоўваецца на свае патрэбы, астатняя рэалізуецца ў сетку «Магілёўэнерга». Нядрэнную рэнтабельнасць атрымалі па вытворчасці бульбы, зерня, цыбулі, а таксама рыбы.

У сельгасарганізацыі, па словах Аляксандра Багеля, надаюць увагу запатрабаванай прадукцыі, якая прыносіць выручку.

Як мы ведаем, працуе ў сельгасарганізацыі цяплічны камбінат, вырошчваюць агародніну закрытага і адкрытага грунту, ёсць яблыневыя сады. Якраз у ліку перспектыўных напрамкаў у праекце Праграмы на новую пяцігодку прапісана пладаводства, а таксама вырошчванне бахчавых і ягадных культур. У «Рассвеце» гэта ўжо апрабавалі. Летась заняліся вырошчваннем кавуноў, атрымалі добры ўраджай, культура стала рэнтабельнай.

У сельскай гаспадарцы, лі­чыць Аляксандр Багель, можна зарабіць, былі б жаданне, добрасумленныя адносіны да справы і адказнасць. Сярэднямесячная заработная плата ў «Рассвеце» па выніках мінулага года склалася ў памеры 970 рублёў, за снежань – больш 1 тысячы. Даяркі на новай МТФ «Мышкавічы», скотніцы на ферме ў Стаўпішчах, дзе высокія вынікі працы, атрымліваюць ад 1600 да 2-х тысяч рублёў.

Аляксандр Багель з’яўляецца членам прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, узначальвае пастаянную камісію па вытворча-эканамічных пытаннях, пытаннях бюджэту і фінансаў.

Дэпутатам раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Іванавіч быў абраны па Мышкавіцкай выбарчай акрузе №18.

– Мая дэпутацкая дзейнасць і работа кіраўніка перасякаюцца,– адзначыў Аляксандр Іванавіч, – і межы дзейнасці распаўсюджваюцца не толькі на акругу, але на ўсіх рассветаўцаў, ветэранаў працы, у асноўным у вырашэнні сацыяльных пытанняў. Яны датычацца ўмоў працы, бяспекі, матэрыяльнай падтрымкі. Аказваем дапамогу падшэфным установам адукацыі, а таксама культуры, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета. Грамадзянам, якія звяртаюцца асабіста, імкнуся дапамагчы вырашыць праблемы. У нас значны сацыяльны пакет, і ён павялічыўся за апошнія гады. Не шкада грошай на гэтую справу, былі б толькі магчымасці.

Сур’ёзна займаемся навядзеннем парадку на зямлі, дзякуючы чаму ў севазварот гаспадаркі ўводзяцца новыя пасяўныя плошчы. Увага надаецца добраўпарадкаванню тэрыторый. Гэтая работа будзе актыўна працягвацца сёлета, бо ў Мышкавічах плануецца правядзенне раённага свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2021».

Напрыканцы размовы Аляксандр Багель адзначыў:

– «Рассвет» упэўнена глядзіць у будучыню, дынамічна рухаецца наперад, уносячы свой уклад у забеспячэнне харчовай бяспекі краіны, павышаючы якасць жыцця сяльчан. Планы на 2021 год сельгасарганізацыі даведзены сур’ёзныя, неабходна мэтанакіравана працаваць па іх рэалізацыі, забяспечваючы выкананне тэхналагічнай і працоўнай дысцыпліны. Гэта руплівым, адказным за даручаную справу рассветаўцам па сілах.

Увогуле мне неабыякава, што робіцца вакол. Я – патрыёт сваёй краіны, роднай зямлі, і галоўнае, каб у нас былі захаваны мір, спакой, адзінства народа.

Ад выбаршчыкаў у раённы Савет дэпутатаў 28 склікання па Мышкавіцкай акрузе №18 мы пачулі вось якія водгукі

Вера Іванаўна ЛІС, ветэран працы (пражывае ў д.№16 па вул.Арлоўскага): «Я вельмі задаволена тым, што наш «Рассвет» развіваецца, будуюцца новыя аб’екты, набываюцца сучасная тэхніка, абсталяванне. У тым, што працягваецца слава нашай гаспадаркі, заслуга кіраўніцтва, у прыватнасці, дырэктара А.І.Багеля і ўсіх працаўнікоў.

Я амаль 18 год адпрацавала даяркай, у 23 гады атрымала ордэн «Знак Пашаны». Тады на фермах усё рабілі ўручную, працэсы не былі механізаваны. А зараз фермы сучасныя, умовы працы – выдатныя.

Пазней шчыравала ў іншых падраздзяленнях гаспадаркі, у тым ліку 10 год – у цяпліцы.

Хочацца выказаць удзячнасць кіраўніцтву за тое, што аказваецца ўвага нам, ветэранам працы. Нас віншуюць з юбілейнымі датамі, святамі, уручаюць падарункі, запрашаюць на Дні вёскі, іншыя мерапрыемствы, дзе мы – у ліку ганаровых гасцей. Ведаем, што можна звярнуцца да кіраўніка гаспадаркі для вырашэння нейкіх праблемных пытанняў».

Андрэй Скраблевіч, аграном па абароне раслін ААТ «Рассвет імя К.П.Арлоўскага» (пражывае ў д.№4 па вул.Ар­лоўскага): «У «Рассвеце» працую са жніўня 2013 года. Закончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. У калектыве знакамітай гаспадаркі прынялі добра – і кіраўніцтва, і калегі, умовы работы добрыя, зарплата задавальняе. Дырэктар А.І.Багель ставіцца да спецыялістаў з павагай, добразычлівасцю, зразумела, трэба заслужыць гэта сумленнымі адносінамі да справы, прафесіяналізмам. Сельгасарганізацыя набыла для нашай маладой сям’і жыллё, прадаставіўшы растэрміноўку аплаты. Прыемна, што дырэктар ідзе насустрач у вырашэнні такога важнага пытання. Жонка таксама працуе ў гаспадарцы, яна – бухгалтар. Дачка пайшла ў першы клас».

Жанна Іваніцкая, загадчык ясляў-садка аг.Мышкавічы (пражывае ў д.№24 па бульвары Будаўнікоў): «Адразу хачу выказаць удзячнасць А.І.Багелю за дапамогу, якую гаспадарка аказвае нашай дашкольнай установе ў выглядзе выдзялення бульбы, капусты, цыбулі,буракоў. Дзякуючы бясплатнай агародніне харчаванне таннее, і мы можам дазволіць сабе набыць дадаткова фрукты, кандытарскія вырабы. Сёлета нам аказалі дапамогу, дзякуючы якой мы набылі для дзяцей новыя стульчыкі. Прадаставіў «Рассвет» і навагоднія падарункі.

У Аляксандра Іванавіча заўжды можна знайсці разуменне, раней ён спрыяў вырашэнню пытання аказання дапамогі ў добраўпарадкаванні тэрыторыі садка.

Хачу таксама адзначыць работу, якая праводзіцца на тэрыторыі аграгарадку па навядзенні парадку, добраўпарадкаванні: наш калектыў прымае ў ёй актыўны ўдзел».

Наталля Хадакова,фота Максіма Мікешына, kirovsk.by