RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Кантроль стану здароўя пры занятках фізічнымі практыкаваннямі

Дзяржаўная палітыка ў галіне фізічнай культуры перш за ўсё накіравана на ўмацаванне здароўя нацыі, фізічнае развіццё, павышэнне творчага даўгалецця і падаўжэнне жыцця кожнага грамадзяніна краіны. Сістэматычныя заняткі фізічнай культурай спрыяюць правільнаму фарміраванню арганізма дзяцей і падлеткаў, павышэння іх функцыянальных магчымасцяў. Сучаснай навукай даказана, што стан здароўя чалавека толькі на 15–20 % залежыць ад генетычнай схільнасці; 10–15% прыпадае на якасць працы устаноў аховы здароўя; 20–25 % – на стан навакольнага асяроддзя. Галоўную ж ролю (50–55 %) іграюць умовы і лад жыцця самога чалавека. У той жа час актыўны, здаровы лад жыцця ва ўсім свеце вядзе менш за 30 % моладзі, а больш за 60 % і зусім практычна не займаецца фізічнай культурай.

Заняткі фізічнай культурай спрыяюць папярэджанню развіцця ўзроставай паталогіі, павелічэнню працягласці жыцця, падаўжэнню перыяду вышэйшай жыццяздольнасці, творчай актыўнасці, захаванню высокага ўзроўню разумовай і фізічнай працаздольнасці.

Масавая фізічная культура заклікана пашыраць магчымасці далучэння кожнага жадаючага да заняткаў фізічнай культурай і спортам, робіць даступнымі фізкультурна-аздараўленчыя заняткі па месцы жыхарства, вучобы і працы для ўсіх узроставых катэгорый насельніцтва рэспублікі.

Разам з тым усім, хто займаецца самастойна фізічнымі практыкаваннямі, неабходна кантраляваць свой стан пры рухальнай актыўнасці, у тым ліку з дапамогай кваліфікаваных урачоў.

Медычны кантроль пры правядзенні фізкультурна-аздараўленчых заняткаў накіраваны на вырашэнне трох асноўных задач:

– выяўленне супрацьпаказанняў да фізічнай нагрузкі;

– вызначэнне ўзроўню фізічнага стану для прызначэння адэкватнай трэніровачнай праграмы;

– кантроль стану арганізма ў працэсе заняткаў (не менш за два разы на год).

У сувязі з магчымасцю выкарыстоўваць на пачатковых этапах найменш нагрузачнае практыкаванне –хаду, пералік супрацьпаказанняў для заняткаў аэробнымі практыкаваннямі вельмі абмежаваны:

– прыроджаныя парокі сэрца і стэноз (звужэнне) прадсердна-жалудачкавай адтуліны;

– сардэчная або лёгачная недастатковасць любой этыялогіі;

– выражаная каранарная недастатковасць, якая выяўляецца ў спакоі або пры мінімальнай нагрузцы;

– хранічныя захворванні нырак;

– цяжкія формы цукровага дыябету;

– гіперфункціі шчытападобнай залозы (тырэятаксікоз);

– высокі артэрыяльны ціск (200/120 мм рт.арт.), які не ўдаецца знізіць пры дапамозе гіпатэнзіўных сродкаў;

– ранні перыяд пасля перанесенага інфаркту міякарда (3–6 месяцаў і больш–у залежнасці ад цяжару захворвання);

– тромбафлебіт;

– глаўкома і прагрэсіўная блізарукасць, якая пагражае адслаеннем сятчаткі.

Фізічная трэніроўка часова супрацьпаказана пасля любога вострага захворвання або абвастрэння хранічнай хваробы. Пасля знікнення сімптомаў пры аднаўленні заняткаў варта ўдвая знізіць звыклую фізічную нагрузку. Давядзенне яе да адпаведнага ўзроўню ажыццяўляецца паступова.

На ўсіх этапах трэніроўкі значную ролб іграе вызначэнне ўзроўню фізічнага стану. Метадычныя падыходы і працэдура дыягностыкі ўжо былі разгледжаны вышэй (лекцыя «Рухальная актыўнасць і здароўе»). Сістэматычны медычны кантроль за фізкультурнікамі звычайна ажыццяўляецца ва ўрачэбна-фізкультурных дыспансерах.

Выбар велічыні нагрузкі, ацэнка яе эфектыўнасці можа ажыццяўляцца таксама па даных самакантролю. Ён уключае вызначэнне аб’ектыўных паказчыкаў дзейнасці сардэчна-сасудзістай сістэмы і ацэнку суб’ектыўных адчуванняў. Асноўны крытэр пераноснасці нагрузкі –узровень ЧСС. ЧСС падлічваецца за першыя 10 секунд пасля заканчэння нагрузкі і практычна дакладна характарызуе ЧСС падчас яе выканання. Атрыманая велічыня не павінна перавышаць сярэдніх значэнняў для дадзенага ўзросту і ўзроўню трэніраванасці.

Адпаведнасць сумарнай велічыні нагрузкі (аб’ём і інтэнсіўнасць) фізіялагічным магчымасцям арганізма можна вылічыць, ацэньваючы хуткасць аднаўлення частаты пульса. Калі нагрузка аптымальная, то праз 10 мін пасля фінішу частата пульса павінна быць меншайза 100 уд/мін, а праз гадзіну наблізіцца да ўзроўню спакою (магчымае перавышэнне ЧСС спакою на 10 уд/мін). Дадзеная дынаміка аднаўлення назіраецца пасля звыклай нагрузкі. Калі ў трэніроўцы выкарыстоўваліся пікавыя нагрузкі, то пульс павінен аднавіцца максімум да раніцы наступнага дня. У адваротным выпадку абраны трэніровачны рэжым з’яўляецца празмерным і ад яго варта адмовіцца.

Не менш важнае значэнне для самакантролю маюць і суб’ектыўныя паказчыкі стану арганізма (сон, самаадчуванне, настрой, працаздольнасць, стамляльнасць на працягу працоўнага дня і інш.). Для своечасовага выяўлення прыкмет ператамлення і павышэння эфектыўнасці аздараўленчай трэніроўкі мэтазгодна весці дзённік самакантролю. У ім павінны быць адлюстраваны паказчыкі фізічнай нагрузкі (даўжыня дыстанцыі, час яе пераадолення, колькасць паўтораў), паказчыкі функцыянальнага стану сардэчна-сасудзістай сістэмы (ЧСС падчас выканання нагрузкі і дынаміка яе аднаўлення, ЧСС у спакоі), суб’ектыўныя паказчыкі (стомленасць і самаадчуванне пасля трэніроўкі, сон), таксама магчыма весці кантроль вагі (адзін раз на месяц).