RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Хто мае права на дапамогу па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў

ПЫТАННЕ: Хто мае права на дапамогу па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў.

АДКАЗ: Артыкулам 18 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей» (далей – Закон) вызначана кола сем’яў, якія маюць права на дапамогу па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў (далей – дапамога па доглядзе).

Дапамога па доглядзе прызначаецца і выплачваецца маці (мачысе) або бацьку (айчыму) у поўнай сям’і, аднаму з бацькоў у няпоўнай сям’і, усынавіцелю (удачарыцелю), апекуну (папячыцелю) дзіцяці-інваліда, якія фактычна ажыццяўляюць яго догляд, пры ўмове, калі яны не з’яўляюцца занятымі або калі яны занятыя на наступных умовах:

працуюць на ўмовах няпоўнага працоўнага часу (не больш за палову месячнай нормы рабочага часу) у аднаго ці некалькіх наймальнікаў або выконваюць работу на даму ў аднаго наймальніка;

з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, натарыусамі, адвакатамі, асобамі, якія ажыццяўляюць рамесную дзейнасць, дзейнасць у сферы аграэкатурызму, і адпаведная дзейнасць прыпынена ў парадку, устаноўленым заканадаўствам;

з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі і не ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць у сувязі са знаходжаннем у працэсе спынення дзейнасці;

знаходзяцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту 3 гадоў (адпачынку па доглядзе дзіцяці, які прадстаўляецца па месцы службы) або акадэмічным адпачынку;

атрымліваюць пенсію або штомесячную страхавую выплату ў адпаведнасці з заканадаўствам аб абавязковым страхаванні ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў.

Іншым асобам, якія фактычна ажыццяўляюць догляд дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, дапамога па доглядзе назначаецца і выплачваецца пры ўмове, калі яны не з’яўляюцца занятымі, а абодва бацькі (маці (мачаха), бацька (айчым)) у поўнай сям’і, бацька ў няпоўнай сям’і, усынавіцель (удачарыцель), апякун (папячыцель) дзіцяці-інваліда не маюць права на дапамогу па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў або не могуць ажыццяўляць догляд дзіцяці-інваліда ў сувязі з інваліднасцю I групы.

Занятымі для мэтаў прызначэння дапамогі па доглядзе з’яўляюцца асобы:

якія працуюць па працоўных дагаворах;

якія праходзяць ваенную службу, альтэрнатыўную службу, службу ў органах унутраных спраў, Следчым камітэце Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь, органах фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, органах і падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях;

якія выконваюць работы па грамадзянска-прававых дагаворах, прадметам якіх з’яўляецца аказанне паслуг, выкананне работ і стварэнне аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці;

якія з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, натарыусамі, адвакатамі, асобамі, якія ажыццяўляюць рамесную дзейнасць, дзейнасць у сферы аграэкатурызму;

якія атрымліваюць прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную, вышэйшую або паслявузаўскую адукацыю ў дзённай форме атрымання адукацыі;

якія праходзяць падрыхтоўку ў клінічнай ардынатуры ў вочнай форме;

зарэгістраваныя ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў якасці беспрацоўных або праходзяць прафесійную падрыхтоўку; перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі або асвойваюць змест адукацыйнай праграмы навучальных курсаў па накіраванні гэтых органаў;

якія атрымліваюць пенсію або штомесячную страхавую выплату ў адпаведнасці з заканадаўствам аб абавязковым страхаванні ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў, штомесячнае грашовае ўтрыманне ў адпаведнасці з заканадаўствам аб дзяржаўнай службе.

Дапамога па доглядзе прызначаецца на падставе заявы і дакументаў, прадугледжаных пунктам 2.15 пераліку адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян (зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26.04.2010 № 200). Пры звароце па заканчэнні 6 месяцаў з дня ўзнікнення права на дапамогу па доглядзе прызначаецца з дня звароту.

Днём узнікнення права на дапамогу па доглядзе з’яўляецца: для маці (мачахі), бацькі (айчыма) у поўнай сям’і, аднаго з бацькоў у няпоўнай сям’і, усынавіцеля (удачарыцеля), апекуна (папячыцеля) дзіцяці-інваліда: дзень прызнання дзіцяці інвалідам; дзень, наступны за днём спынення занятасці; дзень узнікнення занятасці на ўмовах, указаных у артыкуле 18 Закона. Для іншых асоб – дзень звароту па прызначэнне дапамогі па доглядзе.

Дапамога па доглядзе прызначаецца органам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы атрымання сацыяльнай пенсіі на дзіця-інваліда.

Дапамогі па доглядзе не прызначаюцца і не выплачваюцца на дзяцей, якія знаходзяцца ў дзіцячых інтэрнатных установах, установах адукацыі з кругласутачным рэжымам знаходжання.