RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Змяненне тэрмінаў выплаты мытных плацяжоў як спосаб стымулявання знешнеэканамічнай дзейнасці

Адной з умоў змяшчэння тавараў пад мытную працэдуру выпуску для ўнутранага спажывання з’яўляецца выплата ўвазных мытных пошлін, падаткаў.

У адпаведнасці з пунктам 9 артыкула 136 Мытнага кодэкса Еўразійскага эканамічнага саюза (далей – МК ЕАЭС), увазныя мытныя пошліны, падаткі падлягаюць выплаце да выпуску тавараў у адпаведнасці з мытнай працэдурай выпуску для ўнутранага спажывання, калі не ўстаноўлены іншы тэрмін выплаты ўвазных мытных пошлін, падаткаў.

Суб’ектам гаспадарчай дзейнасці неабходна ўлічваць, што існуе магчымасць змены тэрмінаў выплаты мытных плацяжоў (увазных мытных пошлін і падатку на дабаўленую вартасць, які спаганяецца мытнымі органамі) у форме адтэрміноўкі або растэрміноўкі.

Падставы прадастаўлення адтэрміноўкі або растэрміноўкі выплаты ўвазных мытных пошлін устаноўлены артыкулам 59 МК ЕАЭС, падатку на дабаўленую вартасць – артыкулам 106 Закона Рэспублікі Беларусь ад 10 студзеня 2014 г. № 129-З «Аб мытным рэгуляванні ў Рэспубліцы Беларусь».

Асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на тое, што змяненне тэрмінаў выплаты ўвазных мытных пошлін, падаткаў прадастаўляецца ў дачыненні да тавараў, якія змяшчаюцца пад мытную працэдуру выпуску для ўнутранага спажывання пры ўмове забеспячэння выканання абавязку па выплаце ўвазных мытных пошлін, падатку, памер якога роўны суме ўвазной мытнай пошліны, падатку, па выплаце якога прадастаўляецца адтэрміноўка альбо растэрміноўка. У адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 63 МК ЕАЭС, выкананне абавязку па выплаце мытных пошлін, падаткаў забяспечваецца наступнымі спосабамі: грашовыя сродкі (грошы), банкаўская гарантыя, даручальніцтва, заклад маёмасці. Плацельшчык мае права выкарыстоўваць любы з вышэйпералічаных спосабаў.

Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 чэрвеня 2001 г. № 16 «Аб прадастаўленні адтэрміноўкі выплаты падатку на дабаўленую вартасць пры ўвозе на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь тэхналагічнага абсталявання і запасных частак да яго» ўстаноўлена, што пры змяшчэнні пад мытную працэдуру выпуску для ўнутранага спажывання тэхналагічнага абсталявання і запасных частак да яго, у дачыненні да якіх прымяняецца стаўка ўвазной мытнай пошліны нуль (0) працэнтаў, прадастаўляецца адтэрміноўка выплаты падатку на дабаўленую вартасць на тэрмін не больш за 6 месяцаў. Адтэрміноўка ў дачыненні да тэхналагічнага абсталявання і запасных частак да яго прадастаўляецца без спагнання працэнтаў і без забеспячэння выканання абавязкаў па выплаце падатку на дабаўленую вартасць.

Такім чынам, магчымасць змянення ўстаноўленага заканадаўствам тэрміну выплаты мытных плацяжоў стварае ўмовы для стымулявання знешнеэканамічнай дзейнасці за кошт хуткага ўключэння тавараў у гаспадарчы абарот нават пры адсутнасці дастатковай колькасці грашовых сродкаў для выплаты мытных плацяжоў, што ў цэлым станоўча адбіваецца на вядзенні бізнесу.