«Полымя свету» падарожнічае па знакавых мясцінах Магілёўскай вобласці. Пасля горада на Дняпры сімвал II Еўрапейскіх гульняў 31 мая прыбыў у Шклоў. Яго сустрэлі на плошчы перад мясцовым Домам культуры вядомыя людзі раённага цэнтра, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскасці, моладзь. Захавальнікі агню запалілі факел і перадалі яго першаму сакратару ЦК БРСМ Дзмітрыю Варанюку. Сімвал Еўрапейскіх гульняў носьбіты паходні даставілі да гарадской ратушы, лядовай арэны і ў ААТ «Папяровая фабрыка “Спартак”». Наступным горадам на шляху эстафеты сталі Горкі, дзе полымя наведала моладзевы культурна-забаўляльны цэнтр «Амфітэатр», батанічны сад Беларускай сельгасакадэміі і цэнтральную плошчу, на якой прайшоў тэматычны флэшмоб. Факел пабываў ля Блакітнай крыніцы ў Слаўгарадскім раёне, помніку прыроды рэспубліканскага значэння, а таксама мемарыяле вайсковай славы «Лудчыцкая вышыня» ў Быхаве і Чыгірынскім вадасховішчы. 3 чэрвеня «Полымя свету» сустрэў Бабруйск. На цэнтральнай плошчы імя У. І. Леніна сімвал галоўнага мультыспартыўнага форума Еўропы павіталі факеланосцы, ганаровыя грамадзяне горада, найлепшыя спартсмены, сотні бабруйчан. Далей факел прайшоў да помніка Шуры Балаганава, скульптуры Бабра і іншых аб’ектаў. На наступны дзень агонь II Еўрапейскіх гульняў пабываў на прадпрыемствах «Чырвоны харчавік», «Белшына» і СВК «Гігант» у Вялікіх Бортніках.
Фота
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая