Архіў навін

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі 23 красавіка дыялогам пакаленняў дае старт рэспубліканскаму патрыятычнаму праекту «Беларусь памятае. Кветкі Вялікай Перамогі», паведаміла сакратар ЦК ГА «БРСМ» Юлія Зінкевіч.
Міністр энергетыкі Рэспублікі Беларусь Віктар Міхайлавіч Каранкевіч 25 красавіка правядзе асабісты прыём грамадзян, юрыдычных асоб і іх прадстаўнікоў у Магілёве. Прыём пройдзе з 10.00 да 11.00 у аблвыканкаме (вул. Першамайская, 71, упраўленне па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб аблвыканкама – пакой прыёму грамадзян, асобны ўваход з боку пл. Леніна). Папярэдні запіс на прыём ажыццяўляецца па тэлефонах у Магілёве (8 0222) 32 67 21, 23 02 55.
Спецпаказ фільма «Недатыкальнасць» і сустрэча з творчай групай стужкі пройдуць 23 красавіка ў Магілёўскім кінатэатры «Ветразь». Мерапрыемства адбудзецца ў межах святкавання 95-годдзя беларускага кіно, паведамілі на прадпрыемстве «Магілёўкінавідэапракат». На сустрэчу з гледачамі прыедуць рэжысёр, заслужаны дзеяч мастацтваў Дзмітрый Зайцаў, акцёр, заслужаны дзеяч мастацтваў Аляксандр Кашпераў, кампазітар, спявак, мастак Алег Арлоў.
Прамую тэлефонную лінію правядзе 27 красавіка намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Міхайлавіч Кунцэвіч. З 9.00 да 12.00 па нумары (8 0222) 50-18-69 ён адкажа на пытанні жыхароў Прыдняпроўскага краю.
У наступным турыстычным сезоне Магілёўскі аэрапорт чакае пашырэнне зоны прылёту-вылету пасажыраў. Гэта неабходна ў сувязі з павелічэннем пасажыраплыні, паведаміў начальнік Магілёўскага філіяла дзяржаўнага прадпрыемства «Белаэранавігацыя» Уладзімір Нікіцін. Па словах суразмоўцы, ужо зацверджаны папярэдні план на праект пашырэння будынка аэрапорта. Гаворка ідзе аб будаўніцтве другой залы вылету на 200 чалавек, у якой прадугледжана таксама зона Duty Free. У секцыі прылёту пасажыраў дадасца прыбудова са стужкай выдачы багажу.
Магілёўская мытня перадала камп’ютары Клічаўскай ДЮСШ. Пра гэта паведамілі ў ведамстве. Тры адзінкі тэхнікі ва ўрачыстай абстаноўцы ўручылі аддзелу адукацыі, спорту і турызму мясцовага райвыканкама начальнік аддзела мытных аперацый і кантролю №2 Магілёўскай мытні – сакратар абласнога аддзялення ГА «Беларускі цяжкаатлетычны саюз» Дзмітрый Ерамейчык і старшыня ГА «Беларускі цяжкаатлетычны саюз» Міхаіл Рабікоўскі.
Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі могуць быць назначаны на вясенняй сесіі парламента ў 2020 годзе, расказала ў эфіры тэлеканала СТБ старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.
Прапанова аб павышэнні пенсій па ўзросце з 1 мая бягучага года прадугледжвае рост прыкладна на 6 працэнтаў. Аб гэтым заявіла ў эфіры тэлеканала АНТ міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, каменціруючы Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. «Як у міністэрства, у нас шматвектарны напрамак работы. Перш за ўсё гэта ўзровень заработнай платы, дастойныя рабочыя месцы. Другі напрамак - людзі пажылога ўзросту: узровень іх жыцця і інш.», - сказала Ірына Касцевіч.
Беларусь самастойна вызначае свой унутраны і знешнепалітычны парадак дня, заявіў журналістам старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк. «Беларусь свой знешнепалітычны і ўнутраны парадак дня вызначае сама. Усе рашэнні ў нашай краіне вызначаюцца ў Мінску, а не ў Бруселі і Маскве, - падкрэсліў Ігар Марзалюк. - Пры гэтым Беларусь - краіна ў цэнтры Еўропы, якая хоча мець нармальныя саюзніцкія адносіны з Расіяй, Кітаем і са ўсім светам».