RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка»

 

ГІСТОРЫЯ

Фестываль «Залатая пчолка» нарадзіўся на Клімавіцкай зямлі ў 1996 годзе. У 1995 годзе дзеці з раённага Дома піянераў удзельнічалі ў фестывалі «Ноткі над Бесяддзю», які праходзіў у Хоцімску. Яны вярнуліся акрыленыя і шмат расказалі пра ўбачанае. Тады і з’явілася выдатная ідэя правядзення падобнага фестывалю на Клімаўшчыне.

У 1996 годзе была распрацавана праграма правядзення фестывалю, прысвечанага Міжнароднаму дню абароны дзяцей. На свята запрасілі найбліжэйшых суседзяў – дзіцячыя калектывы з Касцюковіч, Крычава, Слаўгарада і дзіцячы калектыў з расійскага горада-суседа Шумячы. Фестываль прайшоў з вялікім размахам і называўся «Залатая пчолка», паколькі сімвалам горада Клімавічы з’яўляецца герб з выявай пчалы.

2001 год – фестываль становіцца Міжнародным: на дзіцячае свята сабралася звыш 450 удзельнікаў – прадстаўнікоў Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Казахстана, Кыргызстана, Латвіі.

З 2001 па 2012 год колькасць удзельнікаў фестывалю узрасла да тысячы.

Адметнай асаблівасцю «Залатой пчолкі» з’яўляецца шматграннасць, якая праяўляецца ў жанравай разнастайнасці. Конкурсныя праслухоўванні і прагляды праводзяцца па наступных намінацыях: «Салісты. Народныя спевы», «Салісты. Эстрадныя спевы», «Вакальныя ансамблі. Народныя спевы», «Вакальныя ансамблі. Эстрадныя спевы», «Харэаграфічнае мастацтва. Калектывы эстраднага танца», «Харэаграфічнае мастацтва. Калектывы народна-сцэнічнага танца», «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва», «Выяўленчае мастацтва»; конкурсы малюнка на мальберце «Мой родны кут» і дзіцячага малюнка на асфальце «Цуды дзіцячай творчасці».

Удзельнікі фестывалю – гэта навучэнцы дзіцячых музычных і мастацкіх школ, дзіцячых школ мастацтваў, выхаванцы дзіцячых мастацкіх студый і гурткоў, якія дзейнічаюць ва ўстановах культуры, адукацыйных школах, гімназіях, каледжах, а таксама ў школах-інтэрнатах і дзіцячых дамах для дзяцей-сірот.

Правядзенне фестывалю стала магчымым дзякуючы мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыцы па падтрымцы таленавітай моладзі, зацікаўленасці органаў дзяржаўнай улады ў развіцці дзіцячай творчасці. З 2001 года фестываль праводзіцца пад эгідай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь пры непасрэдным удзеле Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта і Клімавіцкага раённага выканаўчага камітэта.

Калектывы і індывідуальныя выканаўцы ўдзельнічаюць у фестывалі бясплатна. Усе выдаткі па забеспячэнні пражывання і харчавання ўдзельнікаў, арганізацыі культурнай праграмы бярэ на сябе аргкамітэт фестывалю. Усё гэта робіць фестываль даступным для дзяцей і іх бацькоў, прывабным для розных творчых калектываў, шматкаляровым па сваіх конкурсных, канцэртных і забаўляльных праграмах.

За сваю гісторыю Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка» запаліў нямала яркіх зорачак і стаў трамплінам у творчую будучыню. На фестывалі атрымалі прызнанне і сталі лаўрэатамі Гран-пры такія выканаўцы, як Ксенія Сітнік, Андрэй Кунец, Ганна Мушак, Міхаіл Ліла.

Нішто так не збліжае дзяцей і моладзь розных краін, як радасць ад сумеснай творчасці і зносін. Безумоўна, «Залатая пчолка» яшчэ не раз адкрые яркія імёны і стане добрым стымулам для далейшага творчага росту юных талентаў.