RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Прадстаўнікі дзевяці краін выступяць на фестывалі дзіцячай творчасці «Залатая пчолка» ў Клімавічах. Праграма

Больш за 790 удзельнікаў з дзевяці краін выступяць на XVIII Міжнародным фестывалі дзіцячай творчасці «Залатая пчолка» ў Клімавічах. Форум адбудзецца 23-26 мая, паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Клімавіцкага райвыканкама.

Плануецца, што ў музычным свяце прымуць удзел юныя таленты з Беларусі, Расіі, Балгарыі, Украіны, Кыргызстана, Узбекістана, Латвіі, Сербіі, Славакіі. 

Традыцыйна фестываль прадугледжвае конкурсную праграму ў трох узроставых катэгорыях: малодшая (9-12 гадоў), сярэдняя (13-15 гадоў), старэйшая (16-18 гадоў). Праслухоўванні і прагляды будуць праводзіцца ў жанрах «Вакальнае мастацтва»(намінацыі:«Салісты. Эстрадныя спевы»; «Салісты. Народныя спевы»; «Ансамблі. Эстрадныя спевы»; «Ансамблі. Народныя спевы»), «Харэаграфічнае мастацтва» (намінацыі: «Калектывы эстраднага танца»; «Калектывы сучаснага танца»; «Калектывы народна-сцэнічнага танца»), «Выяўленчае мастацтва»(«Жывапіс»; «Графіка»), «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» («Дэкаратыўна-прыкладная творчасць»; «Мастацкія рамёствы»).

Падчас «Залатой пчолкі» раённы цэнтр напоўняць выступленні ўдзельнікаў і гасцей, выставы дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва, кірмашы, гала-канцэрты, майстар-класы вядучых педагогаў, членаў журы фестывалю і іншыя культурныя мерапрыемствы.

Кожны дзень форуму будзе тэматычным. Адкрые фестываль «Дзень дружбы». У гарадскім парку пачне працу тэатралізаваная інтэрактыўная пляцоўка «Клімавіцкі гасцінец» з удзелам творчых калектываў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, гульнявых і акцёрскіх груп устаноў культуры Клімавіцкага раёна, выхаванцаў і выкладчыкаў мясцовага Дома рамёстваў, раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Тут жа можна будзе набыць беларускую сувенірную прадукцыю, цацкі, пакатацца на атракцыёнах, паўдзельнічаць у прэзентацыі гандлёвых аб’ектаў ААТ «Магілёўская фабрыка марожанага», «Дамачай», сеткі супермаркетаў для дзяцей «Буслік» і г.д. На плошчы Вялікага Кастрычніка разгорнецца вернісаж малюнкаў і работ дзіцячых школ мастацтваў, устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Клімавіцкага, Касцюковіцкага, Крычаўскага раёнаў. Таксама будзе арганізавана святочная шоу-праграма з правядзеннем жараб’ёўкі канкурсантаў, выступленнем беларускіх калектываў і выканаўцаў. Завершыць дзень дыска-марафон.

У «Дзень панавання дзіцячай творчасці» запланаваны конкурсныя праслухоўванні ўдзельнікаў. У гарадскім парку пройдзе «Фестывальнае сузор’е Магілёўшчыны». Тут размесцяцца пляцоўкі рэгіянальных фестываляў і святаў Прыдняпроўскага краю, тэатралізаваныя выставачна-гандлёвыя экспазіцыі, творчыя прэзентацыі работ майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і інш.Запланаванацырымонія закладкі таблічкі новай краіны-ўдзельніцы «Залатой пчолкі» Славакіі ў скульптурнай кампазіцыі фестывалю. Далей адбудзецца вечар знаёмстваў для арганізатараў і ўдзельнікаў «Залатой пчолкі», а таксама ўрачыстае адкрыццё фэсту і феерверк.

Арт-цэнтр адкрыецца ў «Дзень фестывалю нацыянальных культур». У гарадскім парку будуць працаваць прэзентацыйныя астраўкі краін-удзельніц фэсту з фотавыставамі, экспазіцыямі афіш, сувеніраў і нацыянальных сімвалаў, сэлфі-цэнтрамі. Амфітэатр стане месцам правядзення конкурсу «Міс “Залатая пчолка”», фестывальнага перфомансу з флэшмобаў«Танцы без межаў». На плошчы Вялікага Кастрычніка адкрыюць спартыўную пляцоўку, прысвечаную правядзенню ў Беларусі II Еўрапейскіх гульняў. Тут жа пройдуць паказальныя выступленні і конкурсныя праграмы, падрыхтаваныя Упраўленнем МНС па Магілёўскай вобласці, конкурс дзіцячага малюнка на асфальце «Мой родны кут». 

Цэнтральнымі мерапрыемствамі «Дня творчых дасягненняў, поспеху» стануць святочны парад удзельнікаў фэсту, цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў XVIII Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці «Залатая пчолка» і заключны гала-канцэрт.

«Форум даказаў сваё права на жыццё, бо служыць вельмі важным і высакародным мэтам. Ён спрыяе развіццю дзіцячай творчасці і эстэтычнага выхавання юнацтва, пашырае і ўмацоўвае міжнародныя культурныя сувязі, дапамагае рэалізацыі патэнцыялу таленавітай моладзі, павышае прафесійнае майстэрства кіраўнікоў і педагогаў творчых калектываў і выканаўцаў», – падкрэслілі суразмоўцы.

Фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка» праходзіць у Клімавіцкім раёне з 1996 года. У 2001-м конкурс атрымаў статус міжнароднага. Лаўрэатамі форуму ў розныя гады былі Ксенія Сітнік, Андрэй Кунец, Ганна Мушак, Лідзія Заблоцкая і інш. Ранейфэст цешыў гасцей і жыхароў рэгіёна адзін раз на два гады. Пачынаючы з 2017-га прынята рашэнне праводзіць «Залатую пчолку» штогод.

Арганізатарамі музычнага форуму выступаюць Клімавіцкі раённы выканаўчы камітэт, Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, Міністэрства культуры Беларусі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая