RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Гістарычная даведка

Пачаткам з’яўлення арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў Магілёўскай вобласці варта лічыць 1980 год, калі з Афганістана сталі вяртацца першыя ветэраны Афганскай вайны.

Гэтая вайна прымусіла яе ўдзельнікаў многае пераасэнсаваць, вызначыць для сябе сапраўдныя жыццёвыя каштоўнасці. Юнакам, якія вярнуліся не па гадах дарослымі, было цяжка зноў уліцца ў мірнае жыццё. Аддушынай сталі зносіны з такімі ж ветэранамі. Сталі ўтварацца групы на прадпрыемствах, у арганізацыях і навучальных установах.

З кожным годам расла колькасць воінаў-інтэрнацыяналістаў Магілёўшчыны, але сталі павялічвацца і страты. Таму дапамога сем’ям загінулых, інвалідам стала агульнай і асноўнай задачай.

Неабходнасць яе найхутчэйшага вырашэння прывяла да лагічнага з’яўлення ў 1985 годзе ў Магілёве клуба воінаў-інтэрнацыяналістаў «Трывога», старшынёй якога стаў Аляксандр Бардзілоўскі. Адначасова пачалі ўтварацца Саветы воінаў-інтэрнацыяналістаў: у МВА «Хімвалакно», Магілёўскім педагагічным інстытуце (цяпер Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова), на заводах «Строммашына» і «Ліфтмаш», на Бабруйскім шынным камбінаце, а таксама ў Чавускім, Шклоўскім, Быхаўскім, Горацкім раёнах.

Вялікую падтрымку ў станаўленні арганізацый воінаў-інтэрнацыяналістаў аказвалі раённыя і гарадскія камітэты ВЛКСМ. З 1987 года па ініцыятыве воінаў-інтэрнацыяналістаў у першую нядзелю красавіка пачаў праводзіцца Дзень памяці, а 13 лютага 1995 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 57 дзень 15 лютага стаў афіцыйным Днём памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

У 1987 годзе ўтварыўся першы маладзёжна-жыллёвы кааператыў па будаўніцтве дома па вул. Ленінскай 10, куды ўвайшлі 25% воінаў-інтэрнацыяналістаў. У гэтым будынку зараз размяшчаецца арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”.

У 1989 годзе на мяркуемым месцы будаўніцтва помніка воінам-інтэрнацыяналістам на вул.Лазарэнкі г.Магілёва, быў устаноўлены мемарыяльны камень, але па шэрагу прычын будаўніцтва помніка не адбылося. У 2000 годзе па ініцыятыве МАА ГА «БСВВА» і пры падтрымцы выканаўчай улады месца ўзвядзення было перанесена на набярэжную р.Днепр. Будаўніцтва помніка пачалося ў 2001 годзе, а ўжо 15 лютага 2002 года адбылося яго ўрачыстае адкрыццё.

У 1989 годзе афганскі рух прымае масавы характар, што прыводзіць да стварэння Асацыяцыі воінаў-інтэрнацыяналістаў, старшынямі якой у розныя гады з’яўляліся: да 1992 года – Валерый Дулебенец, з 1992 па 1994 год – Мікалай Казлоў, з 1994 па 2001 год – Уладзімір Тоесцеў. Асацыяцыя аб’яднала Саветы воінаў-інтэрнацыяналістаў навучальных устаноў, прадпрыемстваў, арганізацый і раёнаў, устанавіла мэты і выпрацавала адзіны напрамак працы.

У 1989 годзе ў зав. Ураджайны ў Магілёве быў створаны другі маладзёжна-жыллёвы кааператыў. У той час існавала некалькі аб’яднанняў воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія 30 чэрвеня 1999 года ўтварылі Магілёўскую абласную арганізацыю грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”. Узначаліў яе Уладзімір Тоесцеў. У 2001 годзе старшынёй МАА ГА «БСВВА» стаў Уладзімір Васіленка.

Асноўнымі задачамі арганізацыі з’яўляюцца:

– сацыяльная абарона і падтрымка воінаў-інтэрнацыяналістаў, сем’яў загінулых і інвалідаў;

– патрыятычнае выхаванне моладзі, удзел у грамадска-палітычным жыцці вобласці.

Для вырашэння гэтых задач воіны-інтэрнацыяналісты Магілёўшчыны пастаянна ўдасканальваюць метады выхавання падрастаючага пакалення. Штогод праводзяцца спартыўныя турніры. Сярод іх Міжнародны майстарскі турнір па барацьбе дзюдо памяці воіна-інтэрнацыяналіста Андрэя Мельнікава, які з’яўляецца адборачным турнірам на чэмпіянаты Еўропы. Больш за дваццаць гадоў у Шклове праводзіцца міжнародны турнір па міні-футболе і валейболе сярод школьнікаў, у Бобуйску – турнір па барацьбе. Усяго на тэрыторыі Магілёўскай вобласці арганізуецца больш за 20 спартыўных турніраў памяці загінулых воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Штогод праходзяць конкурсы патрыятычнай песні не толькі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, але і ў блізкім замежжы. Велізарная заслуга ў гэтым напрамку групы воінаў-інтэрнацыяналістаў групы «Каскад» на чале з яе кіраўніком Юрыем Стральцовым, якая атрымала ў 2010 годзе званне народнага калектыву. Шырокае распаўсюджанне набыў рух прысваення імёнаў воінаў-інтэрнацыяналістаў піянерскім дружынам, стварэнне музеяў і куткоў памяці ў навучальных установах вобласці.

Воіны-інтэрнацыяналісты праводзяць сустрэчы з навучэнцамі і ў працоўных калектывах. Такі тып зносін з моладдзю аказаўся настолькі запатрабаваным, што ў 2009 годзе Магілёўскай абласной арганізацыяй грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” пры ўдзеле творчай студыі «Взгляд» МДУ імя Куляшова створаны фільм «Лёсы, апаленыя вайной». Гэтая стужка знайшла шырокі водгук не толькі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, але і ў Расіі, Украіне, Узбекістане, Літве.

Магілёўская абласная арганізацыя ГА «БСВВА» актыўна ўдзельнічае ў грамадска-палітычным жыцці вобласці і рэспублікі. Адпрацавана дакладнае ўзаемадзеянне з выканаўчай уладай, а таксама абласным Саветам дэпутатаў. На сённяшні дзень воіны-інтэрнацыяналісты Магілёўскай вобласці прадстаўляюць арганізацыю ў Саветах дэпутатаў усіх узроўняў.

Праца арганізацыі заслужана ацэнена выканаўчымі органамі ўлады, па наяўных пытаннях дасягнута паразуменне, што прывяло да стварэння ў 2006 годзе Праграмы па падтрымцы воінаў-інтэрнацыяналістаў. На падставе гэтага дакумента праграмы ветэраны Афганскай вайны атрымалі магчымасць пабудаваць жыллё, вырашыць пытанні працаўладкавання, медыцынскага абследавання, сацыяльныя і бытавыя праблемы. Дзякуючы праграме ва ўсіх раённых цэнтрах (за выключэннем Клімавіцкага раёна) усталяваны помнікі воінам-інтэрнацыяналістам.

Працягваецца праца па стварэнні пярвічных арганізацый. Толькі ў Бабруйску на сённяшні дзень зарэгістравана 16 пярвічак.

Арганізацыя заўсёды была грамадскай, і людзі працуюць у ёй на добраахвотнай аснове ў вольны ад асноўнай працы час. Тым не менш, аб’яднанне мае заслужаны аўтарытэт і плённа дзейнічае на працягу больш за двух дзесяцігоддзяў.

Мы адкрыты для супрацоўніцтва з усімі, хто падзяляе нашы мэты, гатовыя да сумеснай дзейнасці на карысць беларускага народа. Нашы ідэйныя мэты выяўляюцца паняццямі «Дзяржаўнасць», «Патрыятызм», «Духоўнасць», значнасць якіх замацавана доблесцю, потам і крывёю многіх пакаленняў нашых продкаў.