Юбілей фестывалю, прысвечанага глінянай цаццы-свістульцы, майстэрства вырабу якой адраджаюць на крычаўскай зямлі, сабраў разам беларускіх і расійскіх майстроў: пачаткоўцаў і вопытных, юных і забеленых сівізной. Сёлета ў журы не было строгай тэмы для лепкі. Ідэйныя арганізатары конкурсу – народны майстар Беларусі Вячаслаў Якавенка і член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Любоў Яшчанка – лічаць, што натхненне – самае галоўнае. Удзельнікі спаборніцтва стваралі тое, што прыдумалі: ад насценных пано да канька-свістулькі.