RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Аб дасягненнях і планах: старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц правёў прэс-канферэнцыю для журналістаў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ

У дзень стварэння Магілёўскай вобласці кіраўнік рэгіёна Леанід Заяц правёў прэс-канферэнцыю для журналістаў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ. Размова ішла аб дасягненнях і планах на найбліжэйшую перспектыву.

Старшыня аблвыканкама паведаміў, што, паводле папярэдніх вынікаў 2019 года, у рэгіёне выкананы 4 з 6 ключавых паказчыкаў. Гэта экспарт тавараў (факт за студзень–лістапад склаў 115,5%), экспарт паслуг (126,2%), паступленне прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове (факт за 9 месяцаў $96,8 млн.) і колькасць працаўладкаваных грамадзян на зноў створаныя працоўныя месцы.

«Аднак з наяўнымі вынікамі пагадзіцца не можам, – падкрэсліў Леанід Заяц. – У нас нямала рэзерваў у кожнай сферы народна-гаспадарчага комплексу». Таму на пасяджэнні аблвыканкама было прынята рашэнне, арыентаванае на вельмі напружаныя заданні ў 2020 годзе. Плануецца забяспечыць тэмп росту абагульняльнага паказчыка, які характарызуе эканамічнае развіццё Магілёўшчыны, валавога рэгіянальнага прадукту на ўзроўні 103,4%. Для гэтага прамысловы комплекс павінен прырасці не менш чым на 2,5% у параўнанні з 2019-м, будаўнічы – на 6,5%, гандаль – на 4,5%, арганізацыі транспарту – на 2,5%.

З досыць высокімі тэмпамі павінна спрацаваць сельская гаспадарка. «Задачы тут стаяць напружаныя і нават амбіцыйныя», – падкрэсліў Леанід Заяц. У 2020 годзе аграрыі рэгіёна павінны павялічыць вытворчасць збожжа да 1,5 млн. т. З гэтай мэтай на 20% у параўнанні з 2019-м пашыраны плошчы сяўбы азімых збожжавых культур, на 14% – пад азімыя крыжакветныя культуры. Павялічаны аб’ёмы ўнесеных мінеральных угнаенняў. Каб вызваліць палі ад пустазелля, 200 тыс. га апрацавалі гліфасатамі.

Актыўна вядзецца назапашванне пад яравую сяўбу мінеральных і арганічных угнаенняў. Плануецца назапасіць пад поўную патрэбу азотных угнаенняў, 95% – калійных, 39% – фосфарных, неабходна ўнесці больш за 6 млн. т арганічных угнаенняў.

Для паляпшэння рэпрадукцыйнага і сартавога складу насення яравых збожжавых і зернебабовых культур у элітвытворчых арганізацыях вобласці падрыхтавана 2, 9 тыс. т элітнага насення.

Праводзіцца абнаўленне машынна-трактарнага парку. За 2019 год сельскагаспадарчым арганізацыям рэгіёна пастаўлена 1200 адзінак сельгастэхнікі і абсталявання на суму амаль Br94 млн.

Для забеспячэння жывёлагадоўлі канцэнтраванымі кармамі скарэкціраваны плошчы сяўбы яравых збожжавых і зернебабовых культур у бок павелічэння плошчаў фуражнага ячменю (зніжэнне плошчаў аўса), да 54 тыс. га павялічаны плошчы сяўбы кукурузы на збожжа.

«У мінулым годзе мы прыбіралі ўраджай на 323 тыс. га, у 2020-м – трэба будзе не менш за 400 тыс. га, што дасць магчымасць забяспечыць валавы намалот, які паслужыць добрай дапамогай для жывёлагадоўлі», – адзначыў Леанід Заяц.

 

Паводле слоў кіраўніка рэгіёна, у вобласці маюцца велізарныя магутнасці па перапрацоўцы гэтай прадукцыі. Малочныя заводы могуць прапускаць 1 млн. 200 тыс. тон малака, а апрацоўваюць не больш за 500 тыс. Дадаткова трэба вырабляць 45 тыс. т мяса, каб загрузіць наяўныя магутнасці мясакамбінатаў. «Таму ўсе распрацаваныя праграмы развіцця накіраваныя на тое, каб выпусціць патрэбны аб’ём прадукцыі дзякуючы найноўшым інтэнсіўным тэхналогіям, дааснашчэнню сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, – канстатаваў Леанід Заяц. – Гэта прывядзе да павелічэння аплаты працы і замацавання ў сельскай мясцовасці спецыялістаў».

Дарэчы, прагназуецца, што па выніках за мінулы год сярэднямесячная зарплата складзе Br890. Кіраўнік рэгіёна ўпэўнены, што ў вобласці ёсць рэзервы для дасягнення ўзроўню ў Br1 тыс. Аднак зарплата павінна зарабляцца, а тэмпы росту выручкі пераважаць над тэмпамі яе росту. На 2020 год кожным рэгіёнам, прадпрыемствам распрацаваны комплексныя планы паскоранага сацыяльна-эканамічнага развіцця. Яны прайшлі абарону, зацверджаныя рашэннямі гар- і райвыканкамаў, аблвыканкама.

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая