RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Абласны агляд-конкурс аматарскіх тэатральных калектываў «У далонях маёй Беларусі» пройдзе ў сакавіку-красавіку на Магілёўшчыне

Абласны агляд-конкурс аматарскіх тэатральных калектываў «У далонях маёй Беларусі» пройдзе ў сакавіку-красавіку на Магілёўшчыне. Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ў абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы, які з’яўляецца арганізатарам маштабнага мерапрыемства.

Са слоў суразмоўцаў, у конкурсе возьмуць удзел аматарскія тэатральныя калектывы, студыі і тэатры мініяцюр, якія дзейнічаюць на базе ўстаноў культуры рэгіёна. «Агляд стаў традыцыйным, – зазначылі суразмоўцы. – Праўда, у гэтым годзе ў яго канцэпцыю ўнесены невялікія змены. Тэматычная накіраванасць конкурсных работ адменена на карысць разнастайнасці. Галоўная ўмова – выступленні павінны быць на беларускай мове». 

Абласное спаборніцтва пройдзе ў два туры. Зараз ідзе прыём заявак на ўдзел у першым этапе. Для гэтага трэба не пазней за 16 лютага накіраваць заяўку на электронны адрас mogomc@tut.by альбо па факсе 8 (0222) 75-98-64 з указаннем тэхнічнага райдара, неабходнага для выступлення: тэхнічнага, светлавога і музычнага абсталявання. Арганізатар конкурсу, у выпадку яго адсутнасці, мае права адмовіць удзельніку конкурсу ў поўным выкананні райдара.

Найбліжэйшы агляд выступленняў канкурсантаў, якія падзеленыя занальна, адбудзецца 1 сакавіка ў Магілёве. У абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай працы паспаборнічаюць артысты з Бабруйска, Бабруйскага, Быхаўскага, Глускага, Кіраўскага, Клічаўскага, Асіповіцкага раёнаў. 15 сакавіка на базе Палаца мастацтваў горада на Бярэзіне выступяць канкурсанты з Магілёва, Бялыніцкага, Дрыбінскага, Горацкага, Круглянскага, Магілёўскага, Шклоўскага, Чавускага і Мсціслаўскага раёнаў. 22 сакавіка творчых людзей прыме раённы Цэнтр культуры ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Чэрыкаўскага раёна». Сюды з’едуцца прадстаўнікі Клімавіцкага, Крычаўскага, Касцюковіцкага, Краснапольскага, Слаўгарадскага, Хоцімскага, Чэрыкаўскага раёнаў.

Заключны этап пройдзе ў красавіку ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай працы. Тут на суд гледачоў найлепшыя тэатральныя калектывы рэгіёна прадставяць свае пастаноўкі. Журы адбярэ пераможцаў, а таксама вызначыць уладальнікаў спецыяльных дыпломаў у 6 намінацыях: «Яркі дэбют», «Найлепшая мужчынская роля», «Найлепшая жаночая роля», «Найлепшы спектакль для дзяцей», «За арыгінальнасць трактоўкі матэрыялу пастаноўкі», «За папулярызацыю і захаванне творчасці беларускіх класікаў».

Абласны агляд-конкурс «У далонях маёй Беларусі» праходзіць з 2011 года адзін раз на два гады. Мэта конкурсу – захаванне і развіццё тэатральных традыцый Прыдняпроўскага краю, актывізацыя дзейнасці аматарскага тэатральнага мастацтва, выяўленне новых творчых калектываў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая