RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Абласны конкурс прафмайстэрства сярод маладых спецыялістаў збярэ каля 60 удзельнікаў

Каля 60 маладых спецыялістаў, работнікаў 18 найбуйнейшых прадпрыемстваў Магілёўшчыны, возьмуць удзел у ХІІ абласным конкурсе прафмайстэрства сярод працоўнай моладзі. Спаборніцтвы праходзяць з 2007 года і даюць канкурсантам магчымасць павысіць свой кваліфікацыйны разрад, атрымаць за прызавое месца годнае матэрыяльнае ўзнагароджанне, зарабіць павагу наймальніка і калег.

Паводле слоў арганізатараў, спецыялістаў Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, такія конкурсы спрыяюць росту прафесійнага майстэрства і руху па кар’ернай лесвіцы. Менавіта таму выпрабаваць свае сілы і прыняць у іх удзел штогод імкнуцца многія работнікі. Асабліва важна гэта для маладых людзей, якія знаходзяцца ў пачатку свайго працоўнага шляху і як ніхто іншы маюць патрэбу ў падтрымцы і матывацыі.

Рабочыя прафесіі, заяўленыя на конкурсе, – токары, фрэзероўшчыкі, слесары-інструментальшчыкі, электразваршчыкі, кранаўшчыкі – сёння высока запатрабаваныя на рынку працы. Традыцыйна больш за ўсё заявак на ўдзел паступіла ў намінацыях электразваршчык і токар – 18 і 12 чалавек адпаведна. Асноўная маса канкурсантаў прадстаўляе два прамысловыя цэнтры вобласці – Магілёў і Бабруйск, таксама ёсць удзельнікі з Крычава і Касцюковіч.

Канкурсантам трэба прайсці два этапы – практычны і тэарэтычны. Узровень іх падрыхтоўкі ацэняць прафесіяналы – кіраўнікі структурных падраздзяленняў, майстры, вядучыя інжынеры і галоўныя спецыялісты прадпрыемстваў.

Сёлета пляцоўкай для правядзення конкурсных выпрабаванняў стаў Магілёўскі аўтамабільны завод ім. С. М. Кірава. Тут 13 красавіка выберуць найлепшых прадстаўнікоў працоўнай моладзі Магілёўскай вобласці, якіх па праву можна будзе назваць прафесіяналамі сваёй справы.

«Людзі, якія хочуць і ўмеюць працаваць, цэняцца нават у эканамічна цяжкія часы, бо менавіта ад іх навыкаў і вопыту залежыць якасць і канкурэнтаздольнасць выпускаемай прадукцыі, – адзначаюць арганізатары. – Немалаважны ў пытаннях прафесійнага ўдасканалення і спаборніцкі працэс: чалавек павінен бачыць, наколькі высокі ўзровень яго майстэрства і да чаго яму варта імкнуцца. Гэта падахвочвае ісці далей і не спыняцца на дасягнутых выніках».

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая