RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Абласны семінар-нарада па пытаннях карэкціроўкі Выбарчага кодэкса прайшоў у Магілёве

Пытанні маючай адбыцца карэкціроўкі Выбарчага кодэкса у выніку рэспубліканскага рэферэндуму па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь абмеркавалі на абласным семінары-нарадзе, які адбыўся сёння ў Магаблвыканкаме. У ім прынялі ўдзел памочнік Прэзідэнта – інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк, намеснік старшыні аблвыканкама Валерый Малашка, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык, сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь Алена Балдоўская, члены ЦВК РБ ад Магілёўскай вобласці Дзяніс Дук і Вольга Дарашэнка, старшыня абласной камісіі па рэферэндуме Валерый Берастаў.

Прафесіяналізм, зладжанасць, арганізаванасць работы вертыкалі ўлады, ідэалагічнага актыву вобласці і рэгіёнаў, праваахоўных органаў падчас кампаніі па правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму ў Магілёўскай вобласці адзначыў Валерый Малашка. Да асноўных акцэнтаў у рабоце органаў улады па падрыхтоўцы і правядзенні рэферэндуму ён аднёс стварэнне пазітыўнага сацыяльна-эканамічнага фону для насельніцтва вобласці, эфектыўны маніторынг і адэкватныя кіраўнічыя рашэнні.

«Перыяды кардынальных зменаў – гэта заўсёды час канстытуцыйных рэформаў. Толькі трывалая канстытуцыйна-прававая аснова дае магчымасць забяспечыць незваротнасць, стабільнасць і эфектыўнасць перамен, – адзначыў Валерый Малашка. – І новая Канстытуцыя якраз заклала асновы для руху наперад».

Пра асноўныя аспекты перыяду маючых адбыцца зменаў расказала ў сваім выступленні Алена Балдоўская:

«Нам трэба ў кароткія тэрміны ўнесці карэктывы ў Выбарчы кодэкс. І яны будуць датычыцца не толькі зменаў і дапаўненняў Канстытуцыі, прынятых на рэферэндуме, у адпаведнасць з якімі мы павінны прапісаць усе неабходныя фармулёўкі. Але і тых змен, якія прадыктаваны часам, правапрымяняльнай практыкай. Кожная з іх павінна быць прадуманай, неабходна спрагназаваць усе магчымыя наступствы. Праца будзе карпатлівая і складаная.

Унясенне змен у Канстытуцыю пацягне шэраг змен. У прыватнасці, Цэнтральная выбарчая камісія ўжо атрымала новую спрошчаную назву. Нам трэба таксама акрэсліць назвы камісій астатніх узроўняў. Змяняецца парадак прызначэння ЦВК. Калі раней шэсць членаў прызначаліся кіраўніком дзяржавы і шэсць – абіраліся Саветам Рэспублікі, то цяпер старшыня і члены ЦВК будуць выбірацца на пяць гадоў і вызваляцца ад пасады Усебеларускім народным сходам. УНС будзе таксама надзяляць, нараўне з іншымі суб’ектамі, паўнамоцтвам на прызначэнне рэспубліканскага рэферэндуму.

Акрамя таго, сышлі з Канстытуцыі некаторыя нормы кодэкса. Змяніліся ўзроставы цэнз і патрабаванні ў адносінах да кандыдата ў Прэзідэнты Беларусі. У Цэнтрвыбаркама з’явяцца новыя паўнамоцтвы па скліканні першага пасяджэння Усебеларускага народнага сходу. І я мяркую, у Выбарчым кодэксе знойдуць адлюстраванне нормы, якія тычацца выбару дэлегатаў УНС».

Запланаваны і іншыя новаўвядзенні ў Выбарчым кодэксе Беларусі. Па словах сакратара ЦВК, патрабуе змянення паняційны апарат, норма аб інфармаванні насельніцтва аб ходзе правядзення электаральнай кампаніі праз друкаваныя СМІ. Плануюцца карэктывы па вызначэнні межаў выбарчых акруг, колькасці Саветаў дэпутатаў першаснага ўзроўню, аптымізацыі колькасці тэрытарыяльных выбарчых камісій, іх колькаснага складу і інш.

Завяршыўся семінар уручэннем заслужаных узнагарод.

«У правядзенні рэферэндуму ўдзельнічала шмат людзей. Гэта людзі, якія ведаюць сваю справу, якія ўмеюць працаваць з грамадзянамі. Удзячныя кожнаму за працу, таму, хто найбольш вызначыўся, уручаны Падзякі ЦВК. Па выніках праведзенага рэферэндуму, безумоўна, можна адзначыць высокі ўзровень арганізацыі, што падкрэслівалі і міжнародныя назіральнікі», – рэзюмавала Алена Балдоўская.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая