RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Абласны семінар-нарада па пытаннях правядзення рэспубліканскага рэферэндуму адбыўся ў Магілёве

Абласны семінар-нарада па пытаннях правядзення рэспубліканскага рэферэндуму адбыўся сёння ў Магілёве. У ім прынялі ўдзел кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сяргеенка, старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Ігар Карпенка, міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк.

«Цэнтрвыбаркам кіруе ўсёй сістэмай камісій, якія ствараюцца пад электаральную кампанію. І рэферэндум – не выключэнне. У нас створана 153 тэрытарыяльныя камісіі, 5510 участковых.

Зразумела, падчас працы ўзнікаюць пытанні. Мы распрацавалі метадычныя рэкамендацыі для ўсіх узроўняў камісій, зрабілі адпаведную пастанову, але такія сустрэчы дазваляюць абмяняцца думкамі. Выезд у рэгіёны, зносіны з кіраўніцтвам тэрытарыяльных і ўчастковых камісій – звычайная практыка, – адзначыў Ігар Карпенка. – Электаральная кампанія – гэта частка дзяржаўнага дэмакратычнага працэсу. Грамадзяне павінны ўсведамляць свой узровень удзелу ў такіх мерапрыемствах. Гэта і называецца прамой дэмакратыяй, якая дазваляе ўлічваць голас кожнага. Вядома, кожны павінен зрабіць свой усвядомлены выбар: самастойна вырашаць кожнаму грамадзяніну, прыходзіць на ўчастак ці не, як галасаваць. Гэта яго асабістае права, якое вызначана Канстытуцыяй і выбарчым заканадаўствам. Разам з тым, мы заклікаем грамадзян прыйсці на выбарчы ўчастак і зрабіць свой выбар, выказаць сваю пазіцыю».

Несумненна, самай важнай палітычнай падзеяй 2022 года стане правядзенне рэспубліканскага рэферэндуму. Рэферэндум – гэта ўсенароднае галасаванне, як паказана ў нашай Канстытуцыі. Але гэта яшчэ і сур’ёзная палітычная акцыя, якая разгарнула шырокую дыскусію па змене Асноўнага Закона і разам з тым палітызавала грамадства. Гэта яшчэ і комплекс арганізацыйных, фінансавых і інфармацыйных мер, якія рэалізуюцца ўсімі ўдзельнікамі электаральнай кампаніі. Да іх адносяцца органы дзяржаўнага кіравання, дэпутаты рознага ўзроўню, грамадскія аб’яднанні, палітычныя партыі і проста радавыя грамадзяне. Таму поспех рэферэндуму залежыць ад зладжанай працы ўсіх і кожнага ў асобнасці».

Сёння электаральная кампанія ўступіла ў актыўную фазу: падрыхтоўка спісаў, участкаў для галасавання, апавяшчэнне ўдзельнікаў рэферэндуму, якія павінны прыйсці галасаваць датэрмінова.

Ігар Сяргеенка адзначыў у сваім выступленні: «Літаральна праз два тыдні нас чакае адна з найважнейшых падзей у жыцці краіны і самае знакавае мерапрыемства гэтага года – правядзенне рэферэндуму па праекце змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю. Фактычна рэферэндум стане вянцом усёй маштабнай працы, якая праводзілася ў краіне на працягу года. Коратка нагадаю яе вехі і этапы: стварэнне Канстытуцыйнай камісіі, наступная яе праца па прапановах, якія паступалі з розных аўдыторый, з дыялогавых пляцовак, з калектываў і экспертных супольнасцяў, наступная дапрацоўка Канстытуцыі сумесна з рабочай групай, нарады, потым усенароднае абмеркаванне, падчас якога паступіла каля 10 тысяч розных прапаноў. Частка прапаноў была ўлічана, астатнія будуць улічаныя пазней, у працэсе наступнай працы пры змене шэрагу законаў.

Этап абмеркаванняў завяршыўся і цяпер мы праводзім актыўную падрыхтоўку да рэферэндуму, вядзецца праца ў калектывах па тлумачэнні палажэнняў Канстытуцыі, тых змен, якія плануюцца. Унутранае назіранне арганізуецца па аналогіі з папярэдняй выбарчай кампаніяй.

Для забеспячэння стабільнай сацыяльна-эканамічнай і грамадска-палітычнай абстаноўкі ў нас у краіне рэалізуецца комплекс мер, створана міжведамасная рабочая група.

У цэлым па краіне ў якасці назіральнікаў прымуць удзел да 40 тысяч чалавек з рэзервам. Іх каардынаваць традыцыйна будзе Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.

У якасці міжнародных назіральнікаў на рэферэндум запрошаны прадстаўнікі ад СНД і ШАС. Ужо акрэдытавана 77 міжнародных назіральнікаў, прапрацоўваецца пытанне запрашэння яшчэ каля 30 назіральнікаў з краін Еўрапейскага саюза, якія выказалі жаданне прыехаць. У бягучым годзе не будуць стварацца ўчасткі для галасавання за мяжой. Гэта звязана ў першую чаргу са складанасцю арганізацыі бяспекі і нязначнай колькасцю ўдзельнікаў мерапрыемства за мяжой. Разам з тым, так званыя «палітэмігранцкія» цэнтры разглядаюць рэферэндум як адзін з апошніх шанцаў вывесці людзей на вуліцу. Аднак аналіз інфармацыі, якая паступае ў Адміністрацыю Прэзідэнта, гаворыць аб спакойнай і кіраванай абстаноўцы напярэдадні рэферэндуму».

Аб гарантаванні бяспекі напярэдадні рэферэндуму і адсутнасці перадумоў несанкцыянаваных мерапрыемстваў выказаўся і міністр унутраных спраў Іван Кубракоў. Таксама ён расказаў і аб тым, як плануецца арганізаваць ахову грамадскага парадку на выбарчых участках, забяспечыць асабістую бяспеку старшынь і членаў участковых выбарчых камісій.

«У цяперашні час аператыўная абстаноўка ў рэспубліцы, і Магілёўскім рэгіёне ў прыватнасці, знаходзіцца пад поўным кантролем, і аб якіх-небудзь перадумовах несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў, спробах выйсці на вуліцу нават няма і гаворкі, – выказаў упэўненасць міністр. – Усё, на што здольныя дэструктыўна настроеныя сілы – гэта паспрабаваць пакінуць каментарыі ў інтэрнэце. Таму мы цалкам кантралюем абстаноўку, і ніякіх пытанняў сёння не ўзнікае.

Праца па арганізацыі бяспекі членаў выбарчай камісіі пачалася яшчэ за тры месяцы да правядзення рэферэндуму. Былі спробы збору інфармацыі і дыскрэдытацыі гэтых людзей і іх сем’яў. З кімсьці проста правялі прафілактычную гутарку, а там, дзе быў склад крымінальна-каральнай дзеі, зараз праходзяць асобныя крымінальныя справы. Хваляванняў у гэтым плане абсалютна ніякіх быць не павінна.

Што тычыцца аховы грамадскага парадку, то на ўсіх выбарчых участках будуць дзяжурыць супрацоўнікі органаў унутраных спраў. Прадугледжаны таксама супрацоўнікі, якія ў выпадку галасавання на даму будуць суправаджаць членаў камісіі і арганізоўваць іх бяспеку. Там, дзе ёсць нейкія сумненні і пытанні, першым у памяшканне будзе заходзіць міліцыянер, а потым ужо – прадстаўнік участковай камісіі.

Будзе арганізавана бяспека і на прылеглых да ўчасткаў для галасавання тэрыторыях. У кожным раёне будзе працаваць мінімум 4 аператыўныя групы. Гэта мабільныя групы, у якіх супрацоўнікі будуць цалкам экіпіраваныя і мець спецыяльнае ўзбраенне на выпадак узнікнення пазаштатных сітуацый. Яны будуць выбываць на ўчасткі і аказваць дапамогу супрацоўнікам, якія там знаходзяцца. Рэзервы для стварэння бяспекі маюцца, і такія групы ёсць.

У Магілёве і Бабруйску будуць працаваць спецыяльныя групы хуткага рэагавання з супрацоўнікаў АМАПа і спецыяльнага падраздзялення ўнутраных войскаў. Гэта не значыць, што ёсць нейкія пытанні, але 2020 год паказаў, што мы павінны быць гатовыя да ўсяго. Аднак, смею запэўніць, што ўсё будзе добра. Бяспека будзе створана».

Старшыня Магілёўскай абласной камісіі па рэферэндуме Валерый Берастаў выказаў меркаванне, што кіраўніцтвам вобласці робіцца ўсё магчымае для дабрабыту рэгіёна і гэта ў сваю чаргу дазваляе ствараць здаровы маральна-псіхалагічны клімат як у асобна ўзятых працоўных калектывах, так і ў цэлым сярод жыхароў Магілёўшчыны.

«У склады тэрытарыяльных і ўчастковых камісій, як ужо было адзначана сёння, уключаны граматныя, адказныя і дасведчаныя людзі, якія з’яўляюцца патрыётамі сваёй краіны, – падкрэсліў ён. – Усе камісіі пры ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў атрымліваюць поўную падтрымку і садзейнічанне з боку органаў улады, адпаведна Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Удзячны за падрабязныя і даступныя тлумачэнні, дадзеныя ў межах сённяшняй сустрэчы, якія спатрэбяцца ў далейшай працы членаў камісій па рэферэндуме. А таксама – за ўпэўненасць у грамадскай бяспецы падчас маючай адбыцца кампаніі».

Юлiя Таранава, фота БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая