RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Абласны тур праекта «Уладар сяла» пройдзе 24 чэрвеня ў Слаўгарадскім раёне

Абласныя туры рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла» пройдуць у шасці абласцях Беларусі з 12 па 29 чэрвеня, пра што паведаміла афіцыйны прадстаўнік Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, каардынатар праекта Марына Шыдлоўская.

«У гэтым годзе старт абласным святам дае Брэсцкая вобласць. У вёсцы Хмелева Жабінкаўскага раёна 12 маладых сем’яў пазмагаюцца за выхад у рэспубліканскі фінал у займальных конкурсах «Хлеб – усяму галава», «Сямейны абрад», «Дранікі на калодзе», «Па газоне», «У дровы», «Працуем у камандзе». Эстафету конкурсу 18 чэрвеня прыме Мазыр (Гомельская вобласць), 21 чэрвеня – Верхнядзвінскі раён (Віцебская вобласць), 24 чэрвеня – Слаўгарадскі раён (Магілёўская вобласць), 27 чэрвеня – Лагойск (Мінская вобласць), 29 чэрвеня – Гродзенскі раён (Гродзенская вобласць)», – расказала Марына Шыдлоўская.

Паводле яе слоў, да 15 чэрвеня ў рэгіёнах завершацца раённыя/занальныя адборачныя туры праекта «Уладар сяла». «У праекце прымуць удзел маладыя сем’і з дзецьмі, бацькі павінны быць не старэйшыя за 31 год уключна. Яны павінны пражываць у сельскім населеным пункце больш за тры гады, весці асабістую падсобную гаспадарку і працаваць у сельскай мясцовасці, у тым ліку ў галінах сацыяльнай сферы, будаўніцтва, сельскай гаспадаркі, прамысловасці, транспарту, камунікацый. Гэта могуць быць і індывідуальныя прадпрымальнікі з уласнай фермерскай гаспадаркай. Сем’і, якія набралі ў раённых/занальных турах найбольшую суму балаў за ўсе конкурсныя выпрабаванні, будуць прэтэндаваць на ганаровы тытул «Уладар сяла – 2022» спачатку ў абласных турах, а затым у рэспубліканскім фінале. Фінал запланаваны на 8–10 ліпеня падчас афіцыйнай праграмы рэспубліканскага свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»)», – дапоўніла каардынатар праекта.

Рэспубліканскі сямейны сельскагаспадарчы праект «Уладар сяла» садзейнічае замацаванню маладых сем’яў на сяле, папулярызацыі сельскагаспадарчай працы, падняцці прэстыжу сельскагаспадарчых прафесій, умацаванню сямейных традыцый і ўдасканаленню інстытута сям’і. Арганізуюць рэспубліканскі фінал праекта БРСМ, Міністэрства адукацыі, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая