RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Аддзяленне сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў адкрылі ў Магілёве

Аддзяленне сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў №2 адкрылі сёння ў Магілёве.

Новае аддзяленне размясцілася ў Кастрычніцкім раёне горада. Яно створана для людзей з абмежаванымі магчымасцямі - з цяжкімі і шматлікімі парушэннямі развіцця. Як расказаў дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Кастрычніцкага раёна Магілёва Віктар Кавальчук, тут размясціліся сэнсарны пакой, вялікая зала для заняткаў і адпачынку, якая падзелена на тры зоны. Падапечныя змогуць адпачываць, займацца ў гуртках і прымаць ежу, а таксама ўсё разам глядзець тэлевізар. Ёсць пакой з адным спальным месцам, пакой прыёму ежы. Памяшканне абсталяванае элементамі даступнага асяроддзя.

«Рамонт рабілі на працягу года. Гэта было непрыстасаванае памяшканне, - адзначыў ён. - Абслугоўвацца тут будуць інваліды з цяжкімі і шматлікімі парушэннямі развіцця. У нас ужо ёсць аддзяленне сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў на базе нашага цэнтру. Там у разнастайнай форме абслугоўваецца больш за 200 чалавек з інваліднасцю. Гэтае аддзяленне разлічана на цяжэйшых падапечных. Аднамаментна яго змогуць наведваць 8-10 чалавек. Для іх створаны ўсе ўмовы для камфортнага і якаснага баўлення часу».

Віктар Кавальчук звярнуў увагу на важнасць гэтага аддзялення не толькі для тых, хто яго будзе наведваць, але і для іх бацькоў. «Для сем'яў, дзе жывуць інваліды, таксама патрэбная разгрузка. Ды і для хлопцаў гэта важна: змена абстаноўкі, цікавыя заняткі, зносіны з новымі людзьмі», - сказаў ён.

Як расказала старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама Марыя Шапнеўская, такое аддзяленне ў Магілёве стала другім.

«Патрэбнасць у такіх памяшканнях ёсць. Літаральна на тым тыдні мы адкрылі такое аддзяленне ў Ленінскім раёне Магілёва, а сёння, напярэдадні Новага года, мы адкрываем такое ж у Кастрычніцкім раёне, - распавяла яна. - Гэтыя аддзяленні дадуць магчымасць мамам нашых асаблівых дзяцей крыху перавесці дух. Узрост нашых падапечных, якія будуць яго наведваць, - ад 18 гадоў і старэйшыя. Але мы ўсё роўна называем іх сваімі дзецьмі».

Спецыялісты, якія працуюць у гэтым аддзяленні, будуць аказваць усю неабходную дапамогу, праводзіць фізічныя заняткі, псіхалагічныя трэнінгі, гуртковыя заняткі. Як адзначыла Марыя Шапнеўская, тым маці, у якіх будуць сілы і жаданне, прапануюць стаць валанцёрамі ў аддзяленні - праводзіць розныя творчыя заняткі, весці гурткі. «Калі ў іх ёсць такая патрэбнасць, мы дапаможам у яе рэалізацыі, - распавяла яна. - Аддзяленне будзе працаваць з 8.00 да 17.00. Але калі раптам у бацькоў нашых падапечных будуць просьбы аб больш працяглым знаходжанні іх дзіцяці тут - графік працы будзе гнуткім.».

Для зручнасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва набыло спецыяльныя аўтамабілі з пад'ёмнікамі, каб перавозіць дзяцей на калясках.

«Адкрыццё такога аддзялення - важны падарунак і для горада, і для жыхароў. А самае галоўнае, гэта патрэбны падарунак для тых, хто будзе наведваць аддзяленне, і іх бацькоў, - падкрэсліла Марыя Шапнеўская. - Я ўпэўнена, што ўвесь наступны год мы будзем пераконвацца ў неабходнасці і патрэбнасці гэтага аддзялення.».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая