RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Адкрыццё спартыўна-гульнявой пляцоўкі адбылося ў школе-інтэрнаце ў Бялынічах

У Бялынічах урачыста адкрылі спартыўна-гульнявую пляцоўку на тэрыторыі дапаможнай школы-інтэрната. Яе з’яўленне стала магчымым дзякуючы добраму сэрцу расіяніна Аляксея Ляміна, які з’яўляецца генеральным дырэктарам гандлёвага Дома «БЕЛАЗ» у Маскве.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка, старшыня Бялыніцкага раённага Савета дэпутатаў Андрэй Саланінка, дырэктар Магілёўскага абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду Ірына Фісюк, дырэктар па маркетынгу Гандлёвага дома «БЕЛАЗ» Наталля Халадуліна, дырэктар філіяла ААТ «БЕЛАЗ» – кіруючая кампанія холдынгу «БЕЛАЗ – ХОЛДЫНГ» – «Магілёўскі аўтамабільны завод імя С. М. Кірава» Аляксандр Моніч.

– Для таго каб ваш жыццёвы шлях быў больш упэўненым, Гандлёвы дом «БЕЛАЗ» у асобе яго кіраўніка падрыхтаваў выдатны падарунак – новую варкаўт-пляцоўку, – адзначыў Валерый Малашка. – Мне хочацца, каб вы былі сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны, любілі Радзіму, былі моцнымі, ўмелымі, спрытнымі. Для гэтага ў нас ёсць усё: установы адукацыі, педагогі.

Таксама Валерый Малашка ўручыў сертыфікат для 30 выхаванцаў на экскурсійна-пазнавальную паездку ў г. Магілёў з наведваннем «Заасада».

– Мы прадстаўляем завод «БЕЛАЗ» у Расійскай Федэрацыі, – сказала дырэктар па маркетынгу Гандлёвага дома «БЕЛАЗ» Наталля Халадуліна. – Наш кіраўнік Аляксей Лямін з вялікай любоўю адносіцца да Рэспублікі Беларусь і яе маленькіх жыхароў і кожны раз радуе дзетак дзіцячых дамоў і школ-інтэрнатаў. Дапамога абсалютна розная – ад разнастайных экскурсій да ўстаноўкі спартыўных пляцовак.

Варта адзначыць, што дапамогу ва ўстаноўцы трэнажораў ажыццявіў філіял ААТ «БЕЛАЗ» у Магілёве «Магілёўскі аўтамабільны завод імя С. М. Кірава».

А каб дзеці развівалі сваю сілу і цягавітасць, Аляксей Лямін перадаў установе яшчэ і спартыўны інвентар.

Наталля Халадуліна раскрыла і яшчэ адну добрую справу кіраўніка: Аляксей Юр’евіч рыхтуе экскурсійную паездку для дзяцей у Жодзіна на завод «БЕЛАЗ».

Дырэктар школы-інтэрната Аляксандр Мамчанка падзякаваў за падарункі і адзначыў, што дзеці з сапраўдным задавальненнем займаюцца на шматфункцыянальнай спартыўнай пляцоўцы.

– Прыярытэтам для нас з’яўляецца развіццё нашых выхаванцаў, – падкрэсліў Аляксандр Мамчанка. – Новае спартыўнае збудаванне стане годнай альтэрнатывай для правядзення дзіцячага вольнага часу і развіцця фізкультурна-аздараўленчага руху ў школе. Здаровае дзіця – здаровая сям’я – здаровая нацыя!

Пляцоўка прадстаўлена 8 сучаснымі трэнажорамі, якія прызначаны для фізічнага развіцця падлеткаў: умацавання цягліц, ног, рук, спіны, хрыбетніка. А таксама для выканання агульнаўмацавальных практыкаванняў на расцяжку спіны і трэніроўку прэса.

mogilevnews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая