RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Адкрыты конкурсны адбор грамадзянскіх ініцыятыў праходзіць у абласным цэнтры

Адкрыты конкурсны адбор праектаў грамадзянскіх ініцыятыў для рэалізацыі на тэрыторыі вобласці ў 2024 годзе пачаўся ў Магілёве. Удзел у працы камісіі прыняла старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык. Яна нагадала, што ў 2023 годзе на адной з сесій было прынятае рашэнне аб выніках папярэдняга разгляду праектаў: «У адрас абласнога Савета было накіравана 56 грамадзянскіх ініцыятыў. На адкрыты конкурс зарэгістравана 36 з іх».

Абарона праектаў будзе праходзіць на працягу двух дзён: 7 лютага камісіяй разгледжана 17 заявак, у пятніцу будуць прэзентаваны яшчэ 19. Пераможцы атрымаюць фінансаванне на рэалізацыю сваіх праектаў з абласнога бюджэту, якім на гэтыя мэты прадугледжана Br300 тыс. Важнай умовай з'яўляецца ўдзел ініцыятара і іншых зацікаўленых суб'ектаў у расходах, звязаных з рэалізацыяй прапанаваных ініцыятыў, не менш як 10% ад іх кошту. Увасабленне праектаў забяспечваецца структурнымі падраздзяленнямі аблвыканкама, якія ажыццяўляюць дзяржаўныя паўнамоцтвы ў адпаведнай галіне.

Арганізатарам адкрытага конкурснага адбору выступае Магілёўская абласная асацыяцыя мясцовых Рад дэпутатаў. Яе дырэктар Паліна Церашкова нагадала членам камісіі крытэрыі ацэнкі. Сярод якіх - актуальнасць і значнасць грамадзянскіх ініцыятыў, чаканы сацыяльны, эканамічны і іншыя эфекты, інавацыйнасць падыходаў, накіраванасць на паляпшэнне якасці жыцця людзей і іншыя.

Так, ініцыятыва, прадстаўленая Круглянскім раёнам, прадугледжвае ўстаноўку ў цэнтральным парку культуры і адпачынку на Алеі Герояў памятнага знака «Партызанам Кругляншчыны». Як распавёў старшыня раённай Рады дэпутатаў Сяргей Храмцоў, у рамках праекту праведзена аб'ёмная падрыхтоўчая праца як з архіўнымі дакументамі, так і па распрацоўцы эскіза памятнага знака, яго ўзгадненню ў неабходных інстанцыях: «Людзей заўсёды аб'ядноўвае гістарычная памяць і мы імкнемся праз грамадзянскія ініцыятывы ўмацаваць яе. Лейтматыў нашай працы – «Ніхто не забыты, нішто не забыта». У апошнія гады за кошт сродкаў грамадзян, іх асабістага ўдзелу, сродкаў прадпрыемстваў і арганізацый раёна, спонсараў, грамадскіх аб'яднанняў і нашай асацыяцыі ў раёне заменены і капітальна адрамантаваны 23 помнікі, устаноўлена 5 мемарыяльных дошак і г.д. Упэўнены, што калі наш праект будзе ўхвалены, то ён зойме дастойнае месца ў шэрагу спраў па патрыятычным выхаванні моладзі і захаванні гістарычнай памяці, стане сімвалам мужнасці для партызан ваенна-аператыўнай групы на базе атрадаў 8-й Круглянскай брыгады, якія змагаліся супраць фашызму, а таксама подзвігу мірных жыхароў, якія падтрымлівалі партызанскі рух».

З праектам па добраўпарадкаванні дваровай тэрыторыі па вуліцы Ленінскай у Краснаполлі выступіла ініцыятар Святлана Сазонава: «У нас жыве шмат пажылых людзей, дзеці розных узростаў, маці з немаўлятамі, людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Таму жыхары мікрараёна на агульным сходзе выказалі жаданне пасільна паўдзельнічаць ва ўладкаванні тратуарных дарожак і ўваходных груп дамоў, устаноўцы лавак для адпачынку, азеляненні прыдамавой тэрыторыі. У 2020 годзе мы ўжо рэалізоўвалі праект па добраўпарадкаванні дзіцячай гульнявой пляцоўкі ў сваім двары, дзякуючы рэалізацыі грамадзянскай ініцыятывы пры фінансавай падтрымцы асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў і суфінансаванні грамадзян. Пляцоўка карыстаецца вялікай папулярнасцю ў дзяцей і падлеткаў рэгіёна. Таму новую ініцыятыву насельніцтва актыўна падтрымала, гэта палепшыць жыццё жыхароў мікрараёна, калі наш праект будзе падтрыманы».

Абарона праектаў працягнецца 9 лютага, у гэты ж дзень будуць вызначаны і названы імёны пераможцаў.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая