RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Адукацыйны брэнд краіны: у Магілёве адзначаюць 50-годдзе з дня заснавання БДУТ

У Магілёве праходзяць урачыстыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 50-годдзя з дня заснавання Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій. Кульмінацыяй свята стаў збор працоўнага калектыва, студэнтаў і выпускнікоў.

Віншаванні рэктару і ўсяму калектыву ВНУ адрасаваў першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч. «Хачу пажадаць, каб залаты юбілей для ўніверсітэта стаў пачаткам залатога стагоддзя. БДУТ - унікальны ўніверсітэт, падобнай навучальнай установы няма на тэрыторыі Беларусі і краін СНД. Самае важнае, што ён напрамую ўдзельнічае ў забеспячэнні харчовай, а значыць, і нацыянальнай бяспецы дзяржавы. Бо развіццё харчовых і хімічных тэхналогій садзейнічае развіццю аграпрамысловага комплексу, які робіць гераічныя намаганні, каб вырасціць, сабраць і перапрацаваць ураджай. Атрыманне гатовай прадукцыі з высокім дабаўленым коштам якраз праца спецыялістаў па харчовых тэхналогіях, выпускнікоў ВНУ. Хімічныя тэхналогіі таксама адзін з найважнейшых напрамкаў развіцця нашай эканомікі», - сказаў ён.

Паводле слоў Аляксандра Бахановіча, магілёўская ВНУ унікальная і адметная яшчэ і тым, што стварае важныя адукацыйныя траекторыі, робіць вялікі ўклад у навуковыя распрацоўкі і даследаванні, рыхтуе высакакласных спецыялістаў - патрыётаў і прафесіяналаў сваёй справы. «Выпускнікі ўніверсітэта сваёй працай, ведамі і ўменнямі ўмацоўваюць сілу, моц і прыгажосць нашай любімай Беларусі», - сказаў на заканчэнне першы намеснік міністра.

Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій Максім Кіркор падкрэсліў, што за паўвекавую гісторыю існавання навучальная ўстанова прайшла доўгі шлях станаўлення і развіцця. За гэты час ВНУ узброіла ведамі і дала пуцёўку ў жыццё больш як 38 тыс. выпускнікоў. Многія з іх сталі вядомымі вучонымі, таленавітымі спецыялістамі, моцнымі кіраўнікамі і дзяржаўнымі дзеячамі. Варта таксама адзначыць, што ў Беларусі практычна няма такога харчовага ці прадпрыемства хімічнай прамысловасці, дзе б не працавалі выпускнікі навучальнай установы.

«У гэты святочны дзень хачу выказаць падзяку ўсім супрацоўнікам, студэнтам і выпускнікам, - падкрэсліў Максім Кіркор. - 50 гадоў - значная дата, але нельга спыняцца ў развіцці. Упэўнены, наперадзе будуць толькі новыя поспехі і дасягненні. Я таксама выпускнік гэтага ўніверсітэта, і для мяне гэта больш чым альма-матэр - гэта ўстанова, у якой я правёў і праводжу большую частку свайго жыцця. Выдатна памятаю студэнцкія гады, бо для кожнага выпускніка гэты цудоўны час. Таму мне лёгка знаходзіць агульную мову са студэнтамі, тым больш калі яны выказваюць сваё бачанне развіцця ўніверсітэта, удасканаленні яго грамадскага жыцця. Асобны дзякуй выпускнікам - гэта наш залаты фонд. Мне вельмі прыемна, што адгукнуліся і прыехалі на юбілей нават тыя, хто быў у першым выпуску. У выніку атрымаўся вялікі святочны вечар сустрэч».

Па словах выпускніка 2000 года, гендырэктара ААТ «Гродзенскі мясакамбінат» Алега Іванова, праведзеныя ў сценах ВНУ пяць гадоў - самыя лепшыя гады студэнцтва, і гэтага не адабраць. «Плюс да ўсяго Магілёў мой родны горад, таму з Гродна ехаў сюды з вялікім задавальненнем. Ужо пабываў у інстытуце, сустрэўся са сваімі аднакурснікамі і выкладчыкамі. Вучоба тут навучыла мяне шмат чаму і дала магчымасць стаць тым, хто я ёсць. Усё ж такі наша навучальная ўстанова - сапраўдны знак якасці».

Беларускі ўніверсітэт харчовых і хімічных тэхналогій - адзіная профільная ўстанова вышэйшай адукацыі ў краіне, дзе рыхтуюць поўны спектр спецыялістаў для сферы грамадскага харчавання, харчовай, перапрацоўчай і хімічнай прамысловасці. Цяпер тут навучаюцца больш за 2,5 тыс. студэнтаў. Прычым у сценах ВНУ не толькі рыхтуюць высокакваліфікаваныя кадры, але і выхоўваюць дастойных грамадзян сваёй краіны.

Універсітэт навучае па 15 спецыяльнасцях, а таксама вядзе пастаянны маніторынг па адкрыцці новых і запатрабаваных эканомікай профіляў. Падрыхтоўка студэнтаў праходзіць у цесным узаемадзеянні з вытворчасцямі, якія выступаюць прамымі заказчыкамі кадраў. Цяпер філіялы кафедр арганізаваны на 15 прамысловых прадпрыемствах. Варта адзначыць, што ВНУ таксама ўяўляе сабой буйны навуковы цэнтр, чаму садзейнічае наяўнасць ва ўстанове сучаснага абсталявання і лабараторый. Толькі за мінулы год БДУТ укараніў у вытворчасць каля 80 распрацовак.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая