RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Адзін з найстарэйшых у краіне наладчыкаў музычных інструментаў жыве ў Глуску

Міжнародны дзень наладчыкаў фартэпіяна адзначаюць 4 красавіка. Талковыя майстры, здольныя «вылечыць» музычны інструмент, сёння нават у вялікіх гарадах на вагу золата. Так што калі б існавала Чырвоная кніга выміраючых прафесій, гэтыя спецыялісты патрапілі б у яе абавязкова. Глуску з насельніцтвам каля 7 тысяч чалавек пашанцавала: там жыве прафесіянал, здольны паставіць голас і фартэпіяна, і раялю, і піяніна. Калі трэба, Леанід Макарэвіч – адзін з найстарэйшых у краіне наладчыкаў клавішна-струнных інструментаў – і цымбалы можа «падлячыць».

Музыка – гэта сямейнае

У адной з маскоўскіх студый гуказапісу, папулярнай у зорак эстрады, музычныя інструменты падладжваюць кожныя паўгадзіны, каб якасць гуку была ідэальнай. Але на Магілёўшчыне наладчыкаў раз-два – і аблічыўся. А ў Глускай дзіцячай школе мастацтваў расстроеных інструментаў няма. Таму што ў штаце ёсць той, хто за імі даглядае. Леаніду Макарэвічу нядаўна споўнілася 74 гады, афіцыйна ён на пенсіі з 2006‑га, але адпачываць не сышоў.

– Мы не адпусцілі, – усміхаецца намеснік дырэктара школы мастацтваў Марына Рудабелец, – бо Леанід Цімафеевіч – сапраўдны брыльянт. У «штаце» ў нас 24 піяніна і 4 раялі, і ўнікальны майстар не толькі іх абслугоўвае, але і фартэпіяна, піяніна, якія ёсць дома ў нашых выхаванцаў, землякоў. А яшчэ яго запрашаюць наладжваць інструменты ў Бабруйск, Клічаў, Крычаў, Чэрыкаў, Чавусы, Быхаў... Дарэчы, і жонка Макарэвіча Таццяна Мікалаеўна вось ужо 50 гадоў у нас працуе піяністкай. А адзін з іх сыноў, Дзмітрый, – наш вучань, двойчы станавіўся стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Пасля стаў артыстам сімфанічнага аркестра ў польскім Беластоку.

– У Беласток ён, трубач, трапіў па конкурсе, але адтуль ужо пераехаў у Лондан, – удакладняе Леанід Макарэвіч. – А старэйшы і малодшы сыны, Арцём і Дзяніс, засталіся ў Беларусі. І хоць па слядах бацькоў не пайшлі, абодва ўмеюць іграць на фартэпіяна.

Сам жа глава сям’і да таго, як стаць наладчыкам, шмат гадоў вучыў выхаванцаў мясцовай школы мастацтваў іграць на баяне. Успамінае:

– З гэтым інструментам я з дзяцінства дружны, але мне заўсёды хацелася асвоіць яшчэ і прафесію наладчыка. Неяк супрацоўнікі мясцовага Дома культуры, рыхтуючыся да канцэрта, выявілі, што іх старое піяніна ў непрацоўным стане. Паколькі прафесійных наладчыкаў не вадзілася ў радыусе 50 кіламетраў, я ўзяўся яго «падлячыць». Вопыту ў мяне тады не было, і піяніна я падправіў па вобразе і падабенстве баяна, голас якому ставіў не раз. Калі і зрабіў лепш, то ненамнога. Музыкантша, памятаю, ледзь дайграла свой твор. Знервавалася. І я разам з ёй. Тады і вырашыў, што абавязкова буду Айбалітам для музычных інструментаў. Яны ж пры належным доглядзе могуць верай і праўдай служыць гадоў 50, калі іх наладжваць хоць бы раз на паўгода. А ў нашай школе на той момант былі 30–35-гадовыя піяніна, да якіх ніколі не дакраналася рука наладчыка.

Вяртанне актаў для Людмілы Гурчанка

У 1997-м Леанід Цімафеевіч скончыў спецыяльныя курсы пры адзінай у краіне Барысаўскай фабрыцы музычных інструментаў. І стаў рэгуліроўшчыкам ў Магілёве:

– Мяне запрасіў у абласную філармонію Леанід Ткачонак, які працаваў там намеснікам дырэктара. У яго быў абсалютны слых, і ён заўсёды сядзеў у зале, калі я ставіў голас піяніна. Слухаў, даваў слушныя парады. Дзякуючы яму я пазнаёміўся і з многімі вядомымі спевакамі і кампазітарамі. У Магілёве праходзіў міжнародны музычны фестываль «Залаты шлягер», куды прыязджала шмат зорак з розных краін. Як цяпер памятаю, для Ігара Лучанка было галоўным, каб не рыпела педаль раяля, расіянка Людміла Лядава патрабавала, «каб дакладна гучалі вярхі інструмента», акампаніятар Літоўскага опернага спевака Віргіліуса Нарэйкі папрасіў зрабіць для свайго мэтра пашыраныя актавы, каб верхні голас раяля быў крыху вышэйшы за норму, а канцэртмайстар Людмілы Гурчанка – вярнуць актавы на месца. Потым многія артысты падыходзілі, дзякавалі за працу.

У Магілёве, зрэшты, Макарэвіч затрымаўся ненадоўга: пацягнула на малую радзіму. Вярнуўся ў дзіцячую школу мастацтваў: «лячыў» і тутэйшыя клавішныя інструменты, і фартэпіяна землякоў.

– Самы стары інструмент, які давялося рэанімаваць, датаваўся 1910 годам, – успамінае майстар. – Гэта было нямецкае фартэпіяна, «жыло» ў сям’і быхаўчан. Знайшоў я яго вельмі запушчаным: яно наогул не гучала, не было струн, западалі клавішы. Струны даставаў з цяжкасцю – выпрошваў у старых майстроў з Барысава, у якіх, акрамя каласальнага вопыту, былі і вялікія запасы арыгінальных старадаўніх запчастак ад розных, у тым ліку і «старажытных», інструментаў. На жаль, сёння такіх профі ў краіне адзінкі. Калі на той жа барысаўскай фабрыцы (яе ўжо няма, а пры саюзе тут выпускалі да 20 тысяч піяніна ў год) у пачатку 1990-х працавала 46 наладчыкаў, ужо ў канцы таго ж дзесяцігоддзя засталося ўсяго 4.

Той нямецкі інструмент Леанід Цімафеевіч «вылечыў» за 2 тыдні. Але былі заказы і больш складаныя. Адно фартэпіяна, якое «не трымала строй», напрыклад, аднаўляў месяц. Гаворыць, яно належала шматдзетнай сям’і, на ім ігралі трое з 6 дзяцей.

– Інструмент «не трымае строй», калі ўнутры вірбеляў, або калкоў, з дапамогай якіх нацягваюцца і мацуюцца струны, перасыхаюць драўляныя коркі, – наглядна, падвёўшы да прылады, тлумачыць майстар. – Вось падцягваў я калок настроечным ключом, а ён вяртаўся ў зыходнае становішча. Гэта значыць, усе мае намаганні былі марнымі. У фартэпіяна ўсяго 220 калкоў, прыйшлося замяніць 180 з іх!

У чаканні годнай змены

Інструментаў у наладчыка, як у слесара, – цэлы чамадан. Шпацэйзен, дэмпфер, россып адвёртак... Ёсць яшчэ прасік – ім, папярэдне разагрэўшы, пасля шліфоўкі гладзяць малаточкі піяніна.

Праца не з лёгкіх. На пільны агляд інструмента ў спецыяліста сыходзіць не менш за паўтары–дзве гадзіны, яшчэ больш – на лячэнне. Пастаіш некалькі гадзін запар крукам – спіну да вечара не разагнуць. Ды і непрыбытковая гэтая прафесія. Напэўна, таму і праблема з кадрамі. Ва ўсялякім выпадку, за 22 гады, што працуе наладчыкам Макарэвіч, ніхто з навучэнцаў да яго ў памочнікі не прасіўся. Але яму яго праца падабаецца. І ён верыць, што да сыходу на заслужаны адпачынак падрыхтуе сабе годную змену: «Пакуль жывая класічная музыка, наладчыкі будуць патрэбныя. Бо нездарма кажуць, што з чалавечым вухам не параўнаецца ні адзін цюнер».

СБ

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая