RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пройдзе 26 красавіка ў Магілёўскай вобласці

Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху па прафілактыцы ДТЗ з удзелам матацыклістаў, веласіпедыстаў і скутарыстаў пройдзе 26 красавіка ў Магілёўскай вобласці. Дэвіз мерапрыемства – «Колаў менш – небяспекі больш», паведамілі ў аддзяленні па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама.

«З надыходам цёплых дзён кіроўцы двухколавага транспарту масава выязджаюць на дарогу, – адзначылі ў Дзяржаўтаінспекцыі. – Ужо цяпер на дарогах рэгіёна такога транспарту становіцца ўсё больш. Не прымушаюць сябе чакаць і аварыі з іх удзелам».

Так, 18 красавіка ў Магілёве на вуліцы Піянерскай мясцовы жыхар, кіруючы аўтамабілем «Сузукі», пры развароце сутыкнуўся з матацыклам «Хонда СВ 1300 SF», які рухаўся ў спадарожным напрамку пад кіраваннем 40-гадовага магілёўца. Кіроўца «жалезнага каня» атрымаў шматлікія траўмы, з якімі быў дастаўлены ў бальніцу. Яшчэ адно ДТЗ адбылося 22 красавіка на вуліцы Фаціна абласнога цэнтра. 36-гадовы мясцовы жыхар на матацыкле «Ямаха YZF R6» у раёне дома № 6 не справіўся з кіраваннем і ўрэзаўся ў «Опель». Апошні спыніўся на прыпынку грамадскага транспарту. Кіроўца двухколавага атрымаў траўмы.

«Упартая статыстыка сведчыць аб тым, што задавальненне праехаць з ветрыкам на двухколавым транспарце ў адно імгненне можа ператварыцца ў бяду, – падкрэслілі спецыялісты. – У няўмелых руках матацыкл з’яўляецца адным з найбольш небяспечных відаў транспартных сродкаў. Таму, стаўшы матацыклістам, вы добраахвотна прымаеце на сябе абавязкі бездакорна выконваць правілы дарожнага руху. Бо любая непрадбачаная сітуацыя на дарозе можа абярнуцца трагедыяй». У мінулым годзе на тэрыторыі Магілёўскай вобласці па віне вадзіцеляў мотатранспарту адбылося 27 ДТЗ, у выніку якіх 2 чалавекі загінулі, 28 атрымалі траўмы.

Як адзначылі ў ДАІ, матацыкл адрозніваецца дынамічнасцю і манеўранасцю, але, разам з тым, характарызуецца меншай устойлівасцю, чым аўтамабіль. Таму пры кіраванні матацыклам неабходна лімітавая канцэнтрацыя ўвагі, пастаянны аналіз дарожнай сітуацыі, асцярожнасць і дысцыплінаванасць. Бо менавіта акуратнае, разумнае кіраванне з’яўляецца гарантыяй бяспекі самога матацыкліста і тых, хто рухаецца побач з ім у адным транспартным патоку.

У Дзяржаўтаінспекцыі нагадалі, што ўдзельнічаць у дарожным руху на матацыкле дазваляецца з 16-гадовага ўзросту пры наяўнасці катэгорыі «А». За «бяспраўнае» кіраванне прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ад 5 да 20 базавых велічынь, а за паўторнае парушэнне на працягу года штраф павялічваецца ад 20 да 50 БВ.

Акрамя таго, матацыкл павінен быць зарэгістраваны ў ДАІ і тэхнічна спраўны. За кіраванне «жалезным канём», не зарэгістраваным ва ўстаноўленым парадку і без дазволу на допуск да ўдзелу ў дарожным руху, прадугледжаны штраф ад 1 да 3 базавых велічынь.

Кіраваць матацыклам неабходна ў зашпіленым моташлеме і не перавозіць пасажыраў без яго, рухацца з пастаянна ўключаным блізкім святлом фар. Не лішнім для матацыкліста будзе спецыяльная экіпіроўка, якая ў выпадку ДТЗ дапаможа пазбегнуць траўмаў пры падзенні. За ігнараванне выкарыстання шлема (з незашпіленым шлемам) матацыклістам або перавозку пасажыраў без яго прадугледжаны штраф да 1 БВ.

«Не варта рызыкаваць жыццём і здароўем, выконваючы небяспечныя трукі, – сказалі ў аддзяленні па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама. – Яны не толькі багатыя наступствамі, але і штрафнымі санкцыямі». За кіраванне матацыклам, мапедам на адным коле, рух, пры якім асоба, якая кіруе такім транспартным сродкам, не трымаецца за руль ці не трымае ногі на педалях (падножцы), прадугледжаны штраф ад 5 да 10 базавых велічынь з пазбаўленнем права кіравання транспартнымі сродкамі тэрмінам да 6-ці месяцаў або без пазбаўлення.

«Будзьце ўважлівымі і з павагай стаўцеся да іншых удзельнікаў дарожнага руху, – падкрэслілі суразмоўцы. – Пры выбары хуткасці руху матацыклісту неабходна ўлічваць усе ўмовы бяспекі на дарозе, праяўляць разважлівасць і загадзя прагназаваць дарожную абстаноўку. З боку Дзяржаўтаінспекцыі надавалася і будзе надавацца самая пільная ўвага паводзінам матацыклістаў на вуліцах і трасах. Хацелася, каб, у першую чаргу, родныя і блізкія паклапаціліся аб бяспецы тых, хто кіруе мотатранспартам».

Дарэчы, на сённяшні дзень вельмі папулярны ў гарадской мяжы веласіпед. У сувязі з гэтым дарожная бяспека веласіпедыстаў-гараджан набывае асаблівую актуальнасць. У сучасных умовах руху з насычанымі транспартнымі патокамі вельмі важнае ўзаемадзеянне вадзіцеляў і веласіпедыстаў. Акрамя таго, абавязковай умовай язды па вуліцах і дарогах з’яўляецца дакладнае веданне веласіпедыстамі правілаў дарожнага руху і строгае выкананне іх патрабаванняў.

Так, рухацца на ровары дазваляецца па веласіпеднай дарожцы, пры яе адсутнасці – па абочыне, тратуары або пешаходнай дарожцы. Пры адсутнасці названых элементаў дарогі ці немагчымасці руху па іх дапускаецца рух веласіпедыстаў па праезджай частцы дарогі ў адзін рад не далей за 1 метр ад яе правага краю. Веласіпед павінен быць тэхнічна спраўны і абсталяваны катафотамі. Сам жа веласіпедыст павінен быць у камізэльцы са святлоадбіўнымі ўстаўкамі.

«Веласіпедысту варта памятаць, што пры перасячэнні праезджай часткі дарогі па пешаходным пераходзе ён абавязаны весці веласіпед побач з сабой і кіравацца правіламі для руху пешаходаў», – звярнулі ўвагу ў ДАІ.

Асобную ўвагу варта надаць юным веласіпедыстам. Самастойна кіраваць двухколавым сябрам на дарогах ім дазволена толькі з 14 гадоў. На жаль, дзеці часта бескантрольна катаюцца на веласіпедах, дзе ім толькі захочацца. Такія паездкі часта заканчваюцца сінякамі і гузамі. Любая бацькоўская бескантрольнасць ў дачыненні да дзяцей на дарозе багатая на цяжкія наступствы.

На дарогах, набліжаных да вёсак і сёлаў, актыўна ўдзельнічаюць у руху дачнікі і мясцовыя жыхары, для якіх асноўным сродкам перамяшчэння з’яўляецца ровар. Таму пры руху на дарогах паблізу населеных пунктаў вадзіцелям аўтатранспарту важна праяўляць асаблівую ўвагу. Пры сустрэчы веласіпедыстаў на загараднай дарозе лепш за ўсё зніжаць хуткасць да мінімуму і быць вельмі асцярожнымі пры праездзе міма іх. Бо любая непрадбачаная сітуацыя можа стаць трагедыяй.

«Памятайце: захаванне галоўнага закона дарогі – Правілаў дарожнага руху – застаецца асноўнай умовай бяспекі», – падкрэслілі ў аддзяленні па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая