RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пройдзе 31 студзеня ў Магілёўскай вобласці

«У Новы год па “Добрай дарозе!”» – дэвіз чарговага Адзінага дня бяспекі дарожнага руху, які пройдзе па ўсёй рэспубліцы 31 студзеня і будзе накіраваны на прапаганду захавання ПДР усімі ўдзельнікамі дарожнага руху. Пра гэта паведамілі ў аддзяленні па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама.

«На жаль, зараз дарожна-транспартнае здарэнне не з’яўляецца рэдкасцю. Акрамя пашкоджанняў «жалезных коней», аварыі прыводзяць да гібелі і траўміравання людзей. У 2019 годзе на тэрыторыі вобласці адбылося 405 ДТЗ, у якіх 52 чалавекі загінулі і 451 атрымаў траўмы. Толькі за 20 дзён гэтага года ў 23 аварыях загінула 8 чалавек, яшчэ 31 –траўмаваны», – падкрэслілі суразмоўцы.

Такая сітуацыя на дарогах шмат у чым тлумачыцца свядомым парушэннем правілаў дарожнага руху. У мінулым годзе на дарогах вобласці супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі выявілі звыш 160 тыс. парушэнняў ПДР, у тым ліку затрымалі 2263 нецвярозыя кіроўцы. Нягледзячы на асаблівую ўразлівасць, сваёй бяспекай рызыкуюць і пешаходы: у 2019-ым годзе яны дапусцілі больш за 29 тыс. парушэнняў. Статыстыка вельмі несуцяшальная. Удзельнікі руху парушалі і працягваюць парушаць дарожныя законы, нягледзячы на ўсе рэкамендацыі і парады думаць аб наступствах парушэнняў.

Няправільны выбар хуткасці руху з’яўляецца адной з распаўсюджаных прычын траўмавання і гібелі людзей на дарозе. Менавіта высокая хуткасць часта прыводзіць да перакульвання, сутыкненняў і з’ездаў у кювет транспартных сродкаў. Цяжар наступстваў такіх здарэнняў вялікі – жыццё і здароўе людзей.

ДТЗ, якія адбыліся па прычыне парушэння правілаў абгону, таксама характарызуюцца вялікі цяжарам наступстваў. Абгон – самы небяспечны манеўр, і нават маленькая памылка пры яго ажыццяўленні прыводзіць да трагічных наступстваў. Таму кожны кіроўца павінен памятаць, што, перш чым пачаць абгон, неабходна пераканацца, што паласа руху, на якую ён мае намер выехаць, вольная на дастатковай адлегласці і што ён не створыць перашкод іншым транспартным сродкам. Вельмі небяспечныя абгоны на стромкіх паваротах, уздымах, спусках, месцах з абмежаванай агляднасцю, вузкіх участках дарогі, праезд якіх дапушчальны толькі з абмежаванай хуткасцю.

Нярэдка ДТЗ адбываюцца на скрыжаваннях. Кіроўцам неабходна памятаць, што на скрыжаванні нераўназначных дарог кіроўца транспартнага сродку, які рухаецца па другараднай дарозе, павінен саступіць дарогу транспарту, які набліжаецца да яго па галоўнай дарозе, незалежна ад напрамку іх далейшага руху. Акрамя таго, перад выкананнем любога манеўру кіроўца абавязаны пераканацца ў бяспецы.

Даводзіцца канстатаваць той факт, што вялікай праблемай на дарогах была і застаецца нецвярозы стан як кіроўцаў, так і пешаходаў. Па-ранейшаму пешаходы, як «цёмныя цені», працягваюць «гуляць» па праезджай частцы, рызыкуючы пры гэтым уласным жыццём.

«Сёння, калі лічбы статыстыкі фіксуюць чарговых ахвяр ДТЗ, кіроўцам і пешаходам варта спыніцца і сур’ёзна задумацца над тым, якое безабароннае чалавечае жыццё на дарозе, як недарэчна яно можа скончыцца ў адно імгненне. Хібы не даруюцца нікому. Шматгадовая практыка паказвае, што менавіта ўзаемапавага, дысцыплінаванасць усіх удзельнікаў дарожнага руху, а таксама памяркоўнае стаўленне адзін да аднаго – залог бяспекі на бязлітаснай дарозе!» – канстатавалі суразмоўцы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая