RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Адзіны дзень інфармавання: Міхаіл Русы і Леанід Заяц сустрэліся з калектывам ААТ «Будаўнічы трэст №12»

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл Русы і старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц сёння сустрэліся з працоўным калектывам ААТ «Будаўнічы трэст № 12». Палілог адбыўся ў межах адзінага дня інфармавання.

За гады дзейнасці арганізацыяй уведзены ў эксплуатацыю заводы і фабрыкі, пабудаваны аб’екты жылля і сацкультбыту. Толькі за мінулую пяцігодку рукамі работнікаў прадпрыемства ўзведзены такія значныя для Магілёва СШ № 46 з басейнам і паліклініка ў мікрараёне Казіміраўка, футбольны манеж, марфалагічны корпус анкадыспансера, лячэбны корпус дзіцячай абласной бальніцы, рэканструяваны дыягнастычны цэнтр і пуцеправод праз чыгунку па вул. Першамайскай. Дарэчы, па выніках працы ў 2020 годзе будаўнічы трэст № 12 адзначаны Падзякай Прэзідэнта за значны ўклад у развіццё будаўнічай галіны і дасягненне высокіх вынікаў, а таксама занесены на Дошку гонару Ленінскага раёна горада Магілёва.   

«Ваш калектыў зарабіў добры імідж не толькі ў рэгіёне, але і краіне, – адзначыў, адкрываючы сустрэчу, Міхаіл Русы. – І гэты вопыт па лабіяванні, праектаванні і скарачэнні тэрмінаў уводу ў эксплуатацыю аб’ектаў мы імкнёмся перанесці на краіну ў цэлым. Бо ў выніку дадзеныя ўменні прыводзяць да эканоміі сродкаў бюджэту краіны і арганізацыі, росту заработнай платы людзей».    

 

Сёння спецыялісты трэста вядуць будаўніцтва не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. У межах супрацоўніцтва з Варонежскай вобласцю Расіі арганізацыя ўзводзіць сярэднюю агульнаадукацыйную школу ў рабочым пасёлку Стрэліца Семілуцкага муніцыпальнага раёна. Будынак, разлічаны на 520 вучняў, плануецца здаць у эксплуатацыю ў жніўні бягучага года. Галоўнае яго адрозненне ад іншых – у эканоміцы самога праекта. Беларусы будуюць аб’ект сваімі сіламі, большай часткай са сваіх матэрыялаў і за свае грошы.  

   

«Губернатар Варонежскай вобласці Аляксандр Гусеў у нашай нядаўняй гутарцы выказаў словы найвышэйшай падзякі работнікам і трэсту за аб’ект, які робіце, – падкрэсліў Міхаіл Русы. – Таму цяпер прапрацоўваецца яшчэ некалькі прапаноў, у тым ліку – паўдзельнічаць у будаўніцтве мегашколы ў Варонежы, якая папярэдне разлічана амаль на 3 тыс. месцаў. Такой вялікай навучальнай установы няма ні ў Расіі, ні ў Беларусі. Гэты аб’ект будзе на слыху ў дзвюх дзяржаў і можа стаць выдатнай візітнай карткай беларускіх будаўнікоў».

Міхаіл Русы ў гутарцы з калектывам будтрэста гаварыў аб палітычнай сітуацыі ў краіне, вакцынацыі і неабходнасці захавання міру і суверэнітэту. «Сіла дзяржавы ў кіравальнасці і стабільнай эканоміцы, – канстатаваў ён. – Наша краіна нармальна перажыла эканамічную, біялагічную пандэміі насуперак усяму і дзякуючы ўстойлівасці такіх калектываў, як ваш».

На неабходнасць захавання і памнажэння таго, што сёння ёсць у Беларусі, завастрыў увагу і Леанід Заяц. «Гісторыя паказвае: нікому не ўдавалася, пусціўшы на сваю тэрыторыю чужынцаў, жыць добра, – адзначыў кіраўнік рэгіёна. – Беларусы пабудавалі за дзесяцігоддзі моцную суверэнную дзяржаву. І цяпер асноўная задача – зберагчы яе, каб мы і нашы дзеці жылі ў мірнай краіне».

Старшыня аблвыканкама падзякаваў калектыву будтрэста за працу, заўважыўшы, што наперадзе нямала аб’ектаў, якія яшчэ неабходныя рэгіёну. Сярод іх – радыелагічны корпус анкадыспансера і новы корпус інфекцыйнай бальніцы, кардыялагічны корпус Магілёўскай клінічнай бальніцы і фізкультурна-аздараўленчы комплекс на Фаціна ў Магілёве, а таксама новая гарадская бальніца ў абласным цэнтры.

У завяршэнне сустрэчы прысутныя змаглі задаць пытанні гасцям. Закраналіся тэмы прызыву на ваенную службу маладых спецыялістаў пасля размеркавання, паправак, якія ўносяцца ў абноўлены варыянт Канстытуцыі.

  

Вольга Емельянава, фота Галіны Гаўрыловіч

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая