Рус Бел Eng 中文

Акцыя «Нашы дзеці»: Леанід Заяц наведаў Магілёўскі спецыялізаваны дом дзіцяці

Рэспубліканская дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» працягвае марафон па Магілёўскай вобласці. Сёння старшыня аблвыканкама Леанід Заяц наведаў з падарункамі выхаванцаў Магілёўскага спецыялізаванага Дома дзіцяці для дзяцей з арганічным паражэннем цэнтральнай нервовай сістэмы з парушэннем псіхікі.

«Новы год – жаданае свята для кожнага чалавека, у першую чаргу для дзяцей, якія з нецярпеннем чакаюць у госці Дзеда Мароза і Снягурку, падарункаў, – адзначыў Леанід Заяц. – Асабліва важна ў гэтыя дні не забываць пра дзяцей, якія па розных прычынах пазбаўлены бацькоўскага цяпла і ўвагі, бо падрастаючае пакаленне – гэта наша будучыня. Менавіта па гэтай прычыне ў Магілёўскай вобласці паўсюдна праходзяць дабрачынныя акцыі і ранішнікі. Іх мэта – падарыць цяпло, аб’яднаць дарослых і дзяцей у адну вялікую дружную сям’ю».

Леанід Заяц выказаў словы падзякі калектыву дома дзіцяці за бясцэнны ўклад у выхаванне дзяцей. «У вас вялікія сэрцы», – падкрэсліў кіраўнік рэгіёна.

Клопат пра дзяцей на розных узроўнях – гэта адна з асноў сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы, канстатаваў старшыня Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета Рэспублікі Міхаіл Русы, які таксама быў госцем на свяце. Ён заўважыў, што для гарманічнага развіцця маладога пакалення ў краіне і вобласці робіцца многае, у тым ліку будуюцца сучасныя сацыяльныя, спартыўныя і культурныя аб’екты. І асабліва важна, што ў рэгіёне нямала людзей, якія разумеюць, у якой складанай сітуацыі знаходзяцца дзеці без бацькоў, прымаюць дзяцей у сваю сям’ю. А моцная сям’я – моцнае грамадства.

Падчас свята дзеткі з задавальненнем тупалі, пляскалі, дружна танцавалі разам з гасцямі, спявалі. Парадавалі малыя Дзядулю Мароза і атрымалі прысмакі. У сваю чаргу госці, у ліку якіх былі старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Харытончык, старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў, старшыня Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Анатоль Мацюлін, прадстаўнікі Магілёўскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы, валанцёрскага атрада «Сэрца воіна» абласнога кадэцкага вучылішча, уручылі адміністрацыі Дома дзіцяці грашовыя сертыфікаты на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы, цацкі і іншыя падарункі.

Сёння ў Магілёўскім спецыялізаваным доме дзіцяці выхоўваецца 72 дзіцяці ад 2 месяцаў да 3 гадоў. Тут жывуць часова змешчаныя па заявах бацькоў дзеці і пад паліятыўны нагляд па медыцынскіх паказаннях. Ёсць адно дзіця, ад якога адмовіліся. Аднак у асноўным гэта дзеткі, забраныя ў адпаведнасці з дэкрэтам № 18. У наступным вядзецца праца па іх вяртанні ў біялагічныя сем’і. «Гісторыі ў такіх малых падобныя, – расказала спецыяліст па сацыяльнай рабоце Таццяна Слюсарава. – Бацькі злоўжывалі алкаголем, пакідалі дзяцей трэцім асобам». Аднак ёсць і станоўчыя тэндэнцыі. Сёлета больш за 50 дзяцей зноў вярнулася ў сем’і. У бацькоўскіх правах адноўлены мамы і таты 28 выхаванцаў. Акрамя таго, з году ў год зніжаецца колькасць дзяцей, якія паступаюць на дзяржаўнае забеспячэнне.

Магілёўскі дом дзіцяці заснаваны 15 мая 1945 года. З 16 чэрвеня 1999 года ў сувязі з патрэбай рэгіёна ён перапрафіляваны ў спецыялізаваны. У мэтах аб’яднання амбулаторнага і стацыянарнага звяна аказання медыцынскай дапамогі дзецям Магілёўскай вобласці, якія маюць патрэбу ў паліятыўным лячэнні і даглядзе, у кастрычніку 2015 года на базу дома дзіцяці перамешчаны гарадскі кабінет паліятыўнай дапамогі. Матэрыяльна-тэхнічная база дома дзіцяці адпавядае медыцынскім, санітарна-гігіенічным і педагагічным патрабаванням у адзіным комплексе. Па наборы памяшканняў, спецыяльных кабінетаў і прылад дом дзіцяці з’яўляецца магутным рэабілітацыйным цэнтрам для правядзення аздараўленчых, лячэбных і медыка-педагагічных мерапрыемстваў. Увесну 2018 года тут адкрылі аддзяленне сацыяльнай перадышкі.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая