RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Акцыю па прафілактыцы інфаркту міякарда правядуць 27 верасня ў Магілёўскай вобласці

Медыка-асветная акцыя «прадухіліць інфаркт міякарда» пройдзе 27 верасня ў рэгіёне. Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ў Магілёўскім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

У акцыі прымуць удзел медыцынскія работнікі амбулаторна-паліклінічных, стацыянарных арганізацый аховы здароўя, ведамасных службаў, цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі і іншыя зацікаўленыя. Толькі ў Магілёве ў гэты дзень з 10.00. да 15.00 арганізуюць работу 9 тэставых зон. Яны размесцяцца ў гандлёвых цэнтрах «Е-Сіці» (вул. Гагарына, 79), «Парк-Сіці» (Мінская шаша, 31), «Гіпа» (вул. Маўчанскага, 6), цэнтральнай паліклініцы (вул. Піянерская, 15), паліклініках №9 (зав. Бярозаўскі, 10), №11 (вул. Вішнявецкага, 10а), аптэцы Магілёўскага РУП «Фармацыя» №1 (вул. Першамайская, 59), аптэцы №3 (праспект Пушкінскі, 43), зале чакання вакзала станцыі Магілёў (Прывакзальная плошча, 1). Тут жыхары горада на Дняпры змогуць вымераць артэрыяльны ціск, масу цела, рост, атрымаць кансультацыю тэрапеўта. Таксама будзе арганізавана выдача рэкамендацый па прафілактыцы вострага каранарнага сіндрому і інфаркту міякарда, фактараў рызыкі хвароб сістэмы кровазвароту, фарміраванні здаровага ладу жыцця.

Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя назіраецца няўхільны рост смяротнасці ад сардэчна-сасудзiстых захворванняў (ССЗ) ва ўсіх краінах. У свеце смяротнасць ад ішэмічнай хваробы сэрца (ІХС) па прагнозах узрасце да 2020 года ў мужчын на 100%, у жанчын на 80% у параўнанні з данымі 1990 года.

Захворванне і ў наступным смяротнасць ад ССЗ, абумоўліваюць сем асноўных фактараў рызыкі: курэнне, злоўжыванне алкаголем, павышаны артэрыяльны ціск (АЦ), гіперхалестэрынемія (павышаны ўзровень халестэрыну ў крыві), залішняя маса цела, недастатковае спажыванне агародніны і садавіны, маларухомы лад жыцця.

Самымі распаўсюджанымі з хвароб сістэмы кровазвароту з’яўляюцца ішэмічная хвароба сэрца (ІХС) і артэрыяльная гіпертэнзія (АГ).

Артэрыяльная гіпертэнзія ўскладняе ІХС, а таксама можа з’яўляецца прычынай развіцця хранічнай сардэчнай недастатковасці, нырачнай недастатковасці, парушэнняў мазгавога кровазвароту, інфаркту міякарда.

Улічваючы, што значная колькасць выпадкаў ССЗ залежыць ад стылю жыцця і варыябельных фізіялагічных фактараў, асноўным спосабам зніжэння смяротнасці ад ССЗ з’яўляецца рацыянальная прафілактыка. Яна ўключае ў сябе:

• павышэнне фізічнай актыўнасці;

• адмаўленне ад курэння і празмернага ўжывання алкаголю;

• рацыянальнае харчаванне (у тым ліку павелічэнне ўжывання агародніны і садавіны);

• зніжэнне залішняй масы цела;

• прафілактыка стрэсавых сітуацый;

• кантроль АЦ;

• кантроль узроўню халестэрыну і цукру крыві;

• павышэнне інфармаванасці насельніцтва аб асноўных ранніх клінічных прыкметах сасудзістых катастроф і неабходнасці своечасовага звароту па медыцынскую дапамогу.

З мэтай павышэння інфармаванасці насельніцтва, а таксама фарміравання прынцыпаў здаровага ладу жыцця ў арганізацыях аховы здароўя Магілёўскай вобласці забяспечана бесперапынная праца школ здароўя: «Школа артэрыяльнай гіпертэнзіі», «Школа ішэмічнай хваробы сэрца», «Школа пацыентаў, якія перанеслі інфаркт міякарда», «Школа пацыентаў з парушэннямі сардэчнага рытму»,«Школа пацыентаў, якія перанеслі інсульт»,«Школа хранічнай сардэчнай недастатковасці». Усяго функцыянуе 80 школ здароўя з сардэчна-сасудзістай тэматыкай.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая