Старшыня Магілёўскага райвыканкама Алег Чыкіда займае гэтую пасаду з чэрвеня 2019 года. Прадстаўляючы новага кіраўніка раёна, старшыня аблвыканкама Леанід Заяц даў высокую ацэнку яго прафесійным якасцям, вывастраным кіраўніцкім вопытам. Пазітыўныя перамены ў гаспадарчым жыцці краю з прыходам новага кіраўніка ўжо прыкметныя.
– Алег Іванавіч, на першай жа планёрцы стала зразумела, што ў дэталях валодаеце інфармацыяй па ўсіх сферах, бачыце праблемы і шляхі іх вырашэння…
– Інакш нельга. Каб вырашаць пастаўленыя задачы і дасягаць поспеху, неабходна ведаць свой участак работы да дробязяў. Гэтаму прынцыпу прытрымліваюся сам і таго ж патрабую ад падначаленых. Самаарганізаванасць і працоўная дысцыпліна з’яўляюцца важным фактарам выніковай працы, як і валоданне інфармацыяй. Патэнцыял для развіцця па ўсіх сферах раёна вялікі. Многае зроблена, але нельга спыняцца на дасягнутым.
– Ці хапае ў раёне прафесійных і надзейных кадраў?
– Годныя прыклады, на якія можна раўняцца, ёсць ва ўсіх галінах. На ўвазе дасягненні працоўных калектываў ЗАТ «Сервалюкс Агра», «Агракамбінат “Зара”», СДП «Авангард», ААТ «Цішоўка», «Магілёўскі лянок», філіяла «Вендараж» РУП «Магілёўэнерга». У прамысловасці дынамічна працуюць холдынгі «Група кампаній “Газасілікат”», «Група кампаній “Протас”», ПГВУП «Стальная лінія», ТАА «Маркетынг-Цэнтр», ПУВП «Прамгаз». Трымаюць марку ДЛГУ «Магілёўскі лясгас», Магілёўскае райст. Усе гэтыя прадпрыемствы ўзначальваюць граматныя вопытныя кіраўнікі. Выдатныя творчыя спецыялісты працуюць у сацыяльнай сферы. Дзякуючы таленавітым педагогам, напрыклад, школьнікі раёна займаюць прызавыя месцы на алімпіядах рознага ўзроўню, далёка за межамі Магілёўшчыны гучаць галасы яркіх самадзейных артыстаў, і спартсменаў нашых таксама ведаюць.
Што тычыцца кадравай палітыкі райвыканкама, то яна накіравана на ўмацаванне кіруючага звяна і на працу з моладдзю. Даём магчымасць маладым спецыялістам для праяўлення ініцыятывы і кар’ернага росту. У цэлым з кадрамі працуем сур’ёзна і сістэмна. Прадпрыемствы раёна ў гэтым кірунку дзеляцца вопытам паміж сабой, выкарыстоўваюць прагрэсіўныя методыкі іншых рэгіёнаў.
– Нядаўна ў раёне ўпершыню арганізавалі інвестыцыйны форум. Што стала перадумовай для яго правядзення і ці задаволеныя Вы вынікам?
– Ідэя, якую з натхненнем падтрымалі сябры раённага выканаўчага камітэта, належыць намесніку старшыні райвыканкама Ірыне Чындо. І добра, што ёсць такія ініцыятыўныя людзі. Без іх немагчымы прагрэс. Форум прайшоў на высокім узроўні.
Падпісаны ўзаемавыгадныя пагадненні аб супрацоўніцтве, а самае галоўнае – мы змаглі паказаць гасцям інвестыцыйную прывабнасць раёна.
Плануем праводзіць такія мерапрыемствы штогод і пашыраць кола дзелавых партнёраў. Рост эканомікі немагчымы без развіцця прадпрымальніцтва. Калі раней пераважала доля сельгасвытворчасці, то ў апошнія гады набірае сілу і пашырае сферу інтарэсаў і інвестыцыйную прывабнасць прамысловасць.
– У раёне паспяхова прайшоў выязны семінар па развіцці асабістых падсобных гаспадарак. Чым Вы кіраваліся, ініцыіруючы гэта мерапрыемства?
– Развіццё асабістай падсобнай гаспадаркі – гэта рэальная магчымасць для сельскага жыхара зарабляць грошы і паляпшаць дабрабыт. Семінар паказаў, што ў раёне ёсць граматныя прадпрымальныя людзі, здольныя эфектыўна працаваць на зямлі.
У цэлым гэта вялікі рэзерв у плане занятасці насельніцтва, і пры належнай падтрымцы ў раёне можа быць не 70 фермерскіх гаспадарак, як цяпер, а намнога больш.
Мы ўзялі курс на спецыялізацыю асабістых падсобных гаспадарак. Для гэтага распрацоўваем адпаведную праграму, у якой будуць прапісаны меры матэрыяльнага стымулявання, прадастаўленне льготных крэдытаў, аказанне дапамогі ў рэалізацыі сельгаспрадукцыі, набыцці тэхнікі, афармленні зямельных участкаў і многае іншае. Абавязкова будзем падводзіць вынікі з заахвочваннем найлепшых гаспадароў. Добрай справе трэба надаць паскарэнне.
– Галоўная задача ўлады – павышэнне ўзроўню заработнай платы і дабрабыту насельніцтва. Як будзеце яе вырашаць?
– Для гэтага і ўзялі курс на эфектыўную вытворчасць, уключаючы высокую арганізацыю працы, укараненне і захаванне сучасных тэхналогій, строгі кантроль за працоўнай і выканальніцкай дысцыплінай. Перадумовы для выканання планавых эканамічных паказчыкаў ёсць. Для вытворчага росту, напрыклад, у аграпрамысловым комплексе закладзена добрая кармавая база, значна павялічаны план сяўбы азімых збожжавых, у цэлым перагледжана структура пасяўных плошчаў з улікам патрэб жывёлагадоўлі і глебава-кліматычных умоў раёна. На нашых урадлівых землях пры захаванні тэхналогіі можна атрымліваць важкія ўраджаі. У жывёлагадоўлі таксама маецца добрая база. Функцыянуюць сучасныя малочна-таварныя комплексы. Стаіць задача павялічыць пагалоўе жывёлы, таму асаблівую ўвагу надаём маладняку. Малако і мяса – заўсёды запатрабаваная прадукцыя і гарантыя фінансавай стабільнасці для сельгаспрадпрыемстваў, якія нарошчваюць вытворчасць.
На выпуск запатрабаванай прадукцыі і пашырэнне рынкаў збыту арыентавана прамысловасць. У цэлым у раёне дынамічна развіваюцца як дзяржаўныя, так і прыватныя прадпрыемствы.
– З якімі пытаннямі людзі часцей ідуць да раённай улады і як яны вырашаюцца?
– У асноўным гэта рамонт дарог, прывядзенне ў належны стан жыллёвага фонду і ў цэлым навядзенне парадку на зямлі і ў населеных пунктах. Маім папярэднікам праведзена велізарная праца па будаўніцтве станцый абезжалезвання. Забеспячэнне людзей якаснай вадой – гэта справа гонару, якую мы давядзём да канца.
У той жа час мы гаворым людзям пра тое, што кожны павінен уносіць свой уклад у развіццё малой радзімы, працаваць у адзінай звязцы. Толькі так мы станем жыць лепш. Яны гэта разумеюць, стараюцца, а значыць, усё ў нас атрымаецца.
Гутарыла Святлана ДЗЯДУШКА, апублікавана на СБ
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
08.04.2025 - 14:30
07.04.2025 - 15:47
04.04.2025 - 20:00
03.04.2025 - 19:40
02.04.2025 - 12:40