Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 сакавіка прыняў з дакладам старшыню Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанку і памочніка Прэзідэнта - інспектара па Магілёўскай вобласці Сяргея Налівайку.
На разгляд кіраўніка дзяржавы ўнеслі шэраг пытанняў, якія датычацца развіцця рэгіёна і рэалізацыі шэрага перспектыўных праектаў. Пры гэтым Прэзідэнт адразу абазначыў свае патрабаванні і падыходы: у першую чаргу неабходна вырашаць найбольш актуальныя пытанні. «І ўлічваючы тое, што лішніх грошай ніколі не было, цяпер - тым больш, - заўважыў ён. - Усё залежыць ад работы вобласці: калі вобласць дрэнна працуе, які сэнс укладваць туды грошы бесперспектыўна? Я ўсім так гавару, не толькі вам. Таму гэта мы павінны памятаць, чыста па-чалавечы».
«Калі палітычна - я магу вас паслухаць тут, паківаць галавой, даручыць прапрацаваць гэтыя пытанні і гэтак далей. А калі па-гаспадарску, па-чалавечы, я павінен зыходзіць менавіта з такіх пазіцый: рубель уклаў - заўтра два вярні. Калі вінен - аддаць. Калі не аддаеш - якая можа быць з некім размова. Гэта датычыцца ўсіх, гэта прынцыпова, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Таму давайце разгледзім усе вашы пытанні, якія выклалі мне ў пісьме. Можа, у вас яшчэ ёсць якія-небудзь пытанні. Я гатовы іх разглядаць і аказваць падтрымку, калі гэта патрэбна. Але пры гэтым, калі вы будзеце прасіць якую-небудзь падтрымку, я прасіў бы вас улічваць тое, што для вобласці робіцца сёння».
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што паўднёвы ўсход Магілёўскай вобласці сур'ёзна адстае ад іншых раёнаў. У 2015 годзе Прэзідэнт падпісаў указ аб сацыяльна-эканамічным развіцці гэтага рэгіёна. У 2020 годзе асноўныя палажэнні дакумента былі прадоўжаны на чарговы пяцігадовы перыяд.
«Гэта праграма не «голая»: мы падтрымліваем яе з цэнтра, рэспубліканскага бюджэту, - адзначыў беларускі лідар. - Таму пачнём з таго, які ў вас сёння ўзровень вытворчасці ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці. Якія прадпрыемствы ў нас працуюць слабей і недацягваюць да таго ўзроўню, якімі павінны быць. А потым абмяркуем пытанні, якія вы ставіце: падтрымка, дапамога, фінансаванне па дзяржпраграме з рэспубліканскага бюджэту, рэструктурызацыя запазычанасці і гэтак далей і да таго падобнае».
«Я спадзяюся, што ў Магілёўскай вобласці я не раз пабуду. Мы пабудзем на прадпрыемствах, і я паслухаю, што вы думаеце рабіць там на перспектыву. І ў вас, і ў Гомелі, і ў Віцебску», - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Анатоль Ісачанка коратка праінфармаваў кіраўніка дзяржавы аб асноўных паказчыках работы Магілёўскай вобласці. Прэзідэнт заўважыў, што за мінулы год лічбы нядрэнныя, аднак на дадзены момант валавы рэгіянальны прадукт пакуль паказвае сціплыя рэзультаты. Так, у лютым паказчыкі ніжэйшыя, чым за студзень.
«Мы ідзём вышэй за ўзровень мінулага года - папярэдне, 101,9 працэнта, - далажыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама. - Я думаю, што за першы квартал мы спрацуем вышэй за ўзровень мінулага года. У прынцыпе, сітуацыя праглядаецца».
Аляксандр Лукашэнка засяродзіў увагу на адной з найбольш актуальных праблем у сельскай гаспадарцы рэгіёна - падзяжы жывёлы: «Больш, чым у каго-небудзь, было ў мінулым годзе».
«У гэтым годзе з падзяжом жывёлы сітуацыя стабілізавалася. Мы зменшылі падзеж жывёлы на паўтары тысячы да ўзроўню мінулага года», - праінфармаваў кіраўнік рэгіёна.
«Дык гэта нішто. Што такое паўтары тысячы, - заўважыў у сваю чаргу Прэзідэнт. - Мы з табой не толькі з вёскі, але і працавалі ў адной гаспадарцы. Ты мне не гавары пра малочнатаварныя комплексы, што іх не хапае, што, калі будуць малочнатаварныя комплексы, тады захаванасць цялят будзе. У наш з табой час не было ніякіх комплексаў, каровы і цельныя, і якія расцяліліся ўтрымліваліся ў жудасных умовах, цяляты ў тым ліку, але такога падзяжу не было. Чаму? Таму што была арганізацыя справы і адпаведны дагляд маладняку. Таму справа тут не толькі ў малочнатаварных комплексах. Я хачу цябе адразу перасцерагчы, каб тым не спрабаваў мяне на павароце абысці. Ты павінен разумець, што мы з табой выйшлі з адной і той жа сельскагаспадарчай вытворчасці і ведаем, як гэта ўсё развівалася».
Як расказаў журналістам Анатоль Ісачанка, кіраўніку дзяржавы было даложана ў цэлым аб стане спраў у рэгіёне і па тых пытаннях, якія неабходна вырашыць для больш дынамічнага развіцця вобласці.
«Першае - гэта будаўнічая галіна, мадэрнізацыя і рэканструкцыя нашых домабудаўнічых камбінатаў у Бабруйску, Магілёве і Чавусах. Прэзідэнту было даложана, у прынцыпе падтрымана, але было сказана далічыць і яшчэ раз уважліва паглядзець на эканоміку і загрузку. Наступная тэма, якая заўсёды для нас актуальная, - гэта мадэрнізацыя і будаўніцтва новых малочнатаварных комплексаў. Дадзены адпаведныя даручэнні, мы будзем іх дапрацоўваць і затым ужо выходзіць з прапановамі», - адзначыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
22.04.2025 - 16:35
18.04.2025 - 20:26
18.04.2025 - 09:11
16.04.2025 - 15:15