RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Аляксандр Лукашэнка нечакана змяніў план паездкі ў Шклоў

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў час рабочай паездкі ў Шклоў вырашыў змяніць план свайго візіту ў гэты горад.

Першапачаткова чакалася, што кіраўнік дзяржавы пабывае толькі на заводзе газетнай паперы. Аднак, прыбыўшы туды раніцай, ён заявіў, што мае намер наведаць і Шклоўскі масларобны завод, ільнозавод, дрэваапрацоўчае прадпрыемства «Шклоў Форэст ЛТД».

Кіраўнік дзяржавы прыбыў на масларобны завод пасля паўдня. Тут ён наведаў некалькі цэхаў, азнаёміўся з тэхналагічнымі працэсамі, а затым перайшоў на размешчаную па суседстве прыватную вытворчасць «Данон Шклоў».

Аляксандр Лукашэнка даручыў губернатару Магілёўскай вобласці падрабязна вывучыць работу двух гэтых прадпрыемстваў: магчыма, для больш паспяховай работы трэба аб'яднаць іх вытворчыя рэсурсы. «Трэба ўсе фактары звесці і паглядзець, што будзе лепш. Толькі трэба дамовіцца, каб не цялёпкаліся, як некалі гэта было», - падкрэсліў ён.

Як растлумачыў журналістам губернатар Магілёўскай вобласці Леанід Заяц, пакуль невядома, пад крылом якога з прадпрыемстваў адбудзецца аб'яднанне. «Мы палічым магчымасці прыватніка, вывучым, што ён гатовы ўкласці. Наша мэта - стварыць самую сучасную вытворчасць, якая магла б канкурыраваць з гатовай прадукцыяй на іншых рынках», - адзначыў ён.

На льнозаводзе Прэзідэнт увогуле правёў каля дзесяці хвілін, але гэтага часу хапіла, каб нагадаць кіраўніцтву прадпрыемства аб былых даручэннях і агучыць новыя. Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка папрасіў звярнуць на сыравіну. На яго думку, калі завод не спраўляецца з доўгім ільновалакном, яго трэба аддаць іншым прадпрыемствам краіны, напрыклад Аршанскаму льнокамбінату: там ёсць усе рэсурсы для вытворчасці якаснага прадукту.

Акрамя таго, на шклоўскім ільнозаводзе выйшла са строю частка ліній. Іх неабходна аператыўна аднавіць, запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

Пакуль Аляксандр Лукашэнка размаўляў з чыноўнікамі і дырэктарамі вытворчасцей, высветлілася, што прыватнае «Шклоў Форэст ЛТД» наведваць не мае асаблівага сэнсу: дрэваапрацоўчае прадпрыемства не працуе. Яно вельмі закрэдытавана, і ва ўласнікаў няма сродкаў вырашыць існуючыя праблемы. Мясцовая ўлада таксама не ведае, што рабіць з гэтай вытворчасцю.

Прэзідэнт даручыў разабрацца з гэтым пытаннем і падрабязна далажыць яму аб сітуацыі, якая склалася.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая