RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, які дазваляе грамадзянам набываць ва ўласнасць арэнднае жыллё

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19 чэрвеня падпісаў указ №235, накіраваны на пашырэнне сацыяльна-прававых гарантый у галіне жыллёвых адносін грамадзян з прадастаўленнем ім права набыцця ва ўласнасць арэнднага жылля. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Грамадзянам найбольш запатрабаваных прафесій будзе прадастаўляцца права набываць ва ўласнасць арэнднае жыллё ў населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тыс. чалавек (акрамя Мінскага раёна) пры некаторых умовах.

Такое набыццё будзе магчыма, у прыватнасці, пры наяўнасці падстаў для прызнання грамадзян маючымі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, стажу работы ў арганізацыі, якая прадаставіла жыллё, і тэрміну пражывання ў такім жыллі не менш як 10 гадоў, а таксама невыкарыстанні гэтымі грамадзянамі і членамі іх сем'яў дзяржаўнай падтрымкі пры ўзвядзенні, рэканструкцыі або набыцці жылля, адсутнасці ў іх іншых жылых памяшканняў ва ўласнасці ў населеным пункце па месцы знаходжання арэнднага жылля альбо фактаў іх адчужэння на працягу трох гадоў.

Аплату кошту арэнднага жылля можна будзе ажыццявіць у растэрміноўку на 15 гадоў, а таксама выкарыстоўваць на гэтыя мэты імянныя прыватызацыйныя чэкі «Жыллё» і сродкі сямейнага капіталу.

Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, дзяржаўныя органы (арганізацыі) будуць надзелены правам перадачы ва ўласнасць наймальнікаў размешчаных у вёсцы аднакватэрных жылых дамоў, кватэр у блакіраваных жылых дамах дзяржаўнага жылога фонду, якія эксплуатуюцца больш за 10 гадоў і патрабуюць капрамонту. Пры гэтым такое жыллё, прадастаўленае на час працоўных адносін, можа быць перададзена ва ўласнасць грамадзян, якія маюць стаж работы не менш як 5 гадоў у арганізацыі, якая выдзеліла жылое памяшканне.

Прадастаўленне арэнднага жылля стала адной з тэм нарады Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Савета Міністраў 29 мая. Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта пытанне павінна стаць адным з прыярытэтаў на пяцігодку.

«У будучым годзе мы выйдзем да беларусаў з праектам праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, які будзе разгледжаны на Усебеларускім народным сходзе. Да гэтай сустрэчы трэба дакладна і зразумела адрэгуляваць усе палажэнні: дзе, хто, наколькі хутка і на якіх умовах можа прэтэндаваць на арэнднае жыллё. І з часам набыць яго па жаданні ва ўласнасць. Прычым нават у растэрміноўку», - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая