RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў прыняты парламентам закон «Аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў», як паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Амністыя з’яўляецца праявай гуманізму з боку дзяржавы да грамадзян, якія ўчынілі злачынствы, і аб’яўляецца, як правіла, у сувязі з асабліва памятнымі падзеямі ў гісторыі краіны.

У законе вызначаны катэгорыі грамадзян, якія падлягаюць вызваленню ад пакарання: непаўналетнія, цяжарныя жанчыны, жанчыны і адзінокія мужчыны, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, асобы пенсійнага ўзросту, інваліды I і II групы, ветэраны баявых дзеянняў, асобы, якія атрымалі раненні ў перыяд праходжання службы, пацярпелыя ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, а таксама некаторыя іншыя катэгорыі асуджаных і абвінавачаных. Паводле даных Міністэрства ўнутраных спраў, колькасць такіх грамадзян складзе каля 5,4 тыс. чалавек.

Асобным катэгорыям асуджаных, якія не падлягаюць поўнаму вызваленню ад крымінальнай адказнасці, прадугледжваецца скарачэнне тэрміну пакарання ў выглядзе пазбаўлення або абмежавання волі на 1 год. Іх колькасць складзе каля 6,4 тыс. чалавек. У сувязі са знакавай гістарычнай датай і гуманным падыходам, у адрозненне ад папярэдняй амністыі 2019 года, кола такіх асоб пашыранае за кошт грамадзян, асуджаных за карупцыйныя злачынствы, а таксама за злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў (за выключэннем паўналетніх, асуджаных за нарказлачынствы, учыненыя ў складзе арганізаванай групы або з выкарыстаннем лабараторнага абсталявання, а таксама тыя, што пацягнулі смерць чалавека).

Разам з тым амністыя не дапускае сітуацыю, калі могуць быць пастаўлены пад пагрозу інтарэсы стабільнага прававога парадку і грамадскай бяспекі. Таму ў законе выразна вызначаецца пералік катэгорый грамадзян, якія ўчынілі злачынствы, на якіх амністыя не распаўсюджваецца. У прыватнасці, гаворка ідзе аб асобах, якія ўчынілі злачынствы супраць дзяржавы, забойствы, прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія пацягнулі смерць, злачынныя дзеянні сексуальнага характару, іншыя злачынствы, якія характарызуюцца павышанай грамадскай небяспекай (у тым ліку парушэнне правілаў дарожнага руху ў стане ап’янення, што пацягнула смерць ці цяжкія цялесныя пашкоджанні). Амністыя не закране асоб, якія ўчынілі новыя наўмысныя злачынствы пасля папярэдніх актаў амністыі або памілавання, не пакрылі прычыненую шкоду (урон), не выплацілі атрыманы злачынным шляхам даход, якія дапусцілі асабліва небяспечны рэцыдыў злачынстваў, якія злосна парушаюць парадак адбывання пакарання.

Амністыя таксама не распаўсюджваецца на асоб, якім смяротнае пакаранне ў парадку памілавання заменена пазбаўленнем волі або пажыццёвым зняволеннем, альбо на тых, якім пакаранне ў выглядзе пажыццёвага зняволення заменена пазбаўленнем волі, а таксама да асуджаных да пажыццёвага зняволення.

Прымяненне амністыі будзе праводзіцца на працягу шасці месяцаў з дня ўступлення закона ў сілу адпаведна органамі і ўстановамі, якія выконваюць пакаранне, органамі крымінальнага пераследу і судамі.

БЕЛТА
 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая