RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Аляксандр Лукашэнка плануе ў гэтым годзе наведаць паўднёва-ўсходнія раёны Магілёўскай вобласці

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка плануе ў бягучым годзе наведаць паўднёва-ўсходнія раёны Магілёўскай вобласці. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы паведаміў сёння, узгадняючы назначэнне кіраўнікоў мясцовых органаў улады.

«Бліжэйшы час, нават у гэтым годзе, пабуду на паўднёвым усходзе, я планаваў ужо. Я там праляцеў, паглядзеў, але трэба сесці і грунтоўна паглядзець, як рэалізуецца гэта праграма (па развіцці паўднёва-ўсходніх раёнаў Магілёўскай вобласці. - Заўвага БЕЛТА). Таму сустрэнемся з кіраўнікамі і абмяркуем», - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт спытаў, як рэалізуецца яго ўказ аб сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна і адпаведная абласная праграма, разлічаная да 2020 года. Яго праінфармавалі, што, у прыватнасці, у Слаўгарадзе ўжо з'явілася некалькі новых прадпрыемстваў у сферах сельскай гаспадаркі, харчовай прамысловасці, дрэваапрацоўкі.

Кіраўнік дзяржавы таксама пацікавіўся станам спраў у іншых рэгіёнах краіны, асабліва ў плане работы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, як паднімаюцца слабыя гаспадаркі. «Як жыве «Аўсянка»? Трэба падцягваць. Гэта адна з мацнейшых гаспадарак была ў нас у Беларусі, не гаворачы пра Горацкі раён. Не як «Рассвет» для Кіраўскага раёна, але вельмі важная, - заўважыў Прэзідэнт. - Горацкі раён - вядучы раён у краіне, яго трэба падтрымліваць. Некалі да «Дажынак» там парадак навялі. Вядома, трэба каб арганізацыя была дастойная».

Выказаўся Аляксандр Лукашэнка і пра Круглянскі раён: «Гэта добры раён, працаваць там можна і патрэбна. Але праблем хопіць. Я раз дваццаць у год бачу раён як на далоні. Там нядрэнная сітуацыя, не з нуля пачынаць. Невялікі раён, і правільны ў свой час быў выбраны напрамак, трэба проста падтрымліваць».

Прэзідэнт адзначыў, што эканоміка ў рэгіёнах абапіраецца ў асноўным на сельскую гаспадарку, таму гэтай галіне трэба ўдзяляць асаблівую ўвагу. Кіраўнік дзяржавы нядаўна актуалізаваў гэтыя тэмы ў час рэспубліканскай селектарнай нарады па правядзенні ўборачнай кампаніі і рабочай паездкі ў Веткаўскі раён.

«Я чытаю агляды з інтэрнэту: як заўсёды, у нас ёсць «разумныя». Яны нават пакрытыкавалі маю заяву аб тым, што мы павінны імкнуцца да 9,5 млн т збожжа, ніжэй за 9 нельга», - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, ёсць адпаведныя планы. «У кіраўніка Адміністрацыі гэта на кантролі, і строга будзем кантраляваць урад і, вядома ж, вас», - папярэдзіў Прэзідэнт.

Ён растлумачыў, што аграрыі ў гэтым годзе павінны сабраць амаль 700 тыс. т рапсу, прыкладна 7 млн т збожжавых каласавых і 1,7 млн т кукурузы на зерне, а таксама 300-400 тыс. т астатніх культур. У выніку атрымліваецца каля 9,7 млн т ураджаю. «А калі да зернетка ўбяром, дык можам атрымаць 10 млн т, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Усё тут падлічана. Прытым гэта запланавана ўрадам: больш за 9,5 млн т усяго - ад рапсу да кукурузы і да збожжавых, зернебабовых. Таму тут няма нічога асаблівага».

Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў аб сваім патрабаванні ўзяць пад строгі кантроль сітуацыю з падзяжом жывёлы. Ён звярнуў увагу, што ў мінулым годзе ў гаспадарках краіны загінулі 85 тыс. галоў маладняку, а гэта прыкладна 40 тыс. т ялавічыны. «Колькі мы грошай страцілі ад гэтага. Таму адсюль маё строгае патрабаванне, - сказаў Прэзідэнт. - Гэта нядобра ў наш час, калі валодаем найвышэйшымі тэхналогіямі, калі навучылі тэхналагічна ўтрымліваць не толькі кароў або быкоў на адкорме, свінапагалоўе і птушку, але і паказалі, як трэба працаваць з гэтым маладняком. У нас да гэтага наплявацельскае стаўленне ў асобных гаспадарках».

Як паведамлялася, сёння Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў назначэнне кіраўнікоў у Глыбоцкі, Шумілінскі, Жыткавіцкі, Кармянскі, Валожынскі, Любанскі, Капыльскі, Горацкі, Кіраўскі, Круглянскі, Асіповіцкі і Слаўгарадскі райвыканкамы, а таксама ў адміністрацыю Першамайскага раёна Бабруйска.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая