Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю расійскаму часопісу «Разведчык» адказаў на пытанне, у чым сакрэт яго шматгадовай паспяховай дзейнасці на пасадзе кіраўніка дзяржавы.
Першае пытанне беларускаму лідэру датычылася яго каласальнага вопыту дзяржаўнага кіравання, набытага ў надзвычай складаную гістарычную эпоху, і ўмення ўвесь гэты перыяд паспяхова весці краіну па «беларускім шляху», як ён назваў яго ў сваёй інаўгурацыйнай прамове. Прэзідэнта спыталі пра сакрэт поспеху і найболей каштоўныя ўрокі дзяржаўнага будаўніцтва.
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым згадаў сказаную ім некалі фразу «прэзідэнтамі не становяцца, прэзідэнтамі нараджаюцца» і растлумачыў, які сэнс укладваў у гэтыя словы. «Гэта не пра вышэйшыя сілы і наканаванне. Я рэаліст і прагматык. Размова пра тое, як у чалавеку па меры сталення, паступова, «ад жыцця, ад зямлі» зараджаецца ўсвядомленая любоў да краіны, свайго народа, гатоўнасць у цяжкі для дзяржавы момант узяць на сябе адказнасць і зрабіць усё, каб апраўдаць давер суайчыннікаў. Гэта пра ўстанаўленне асаблівай сувязі са сваім народам. Пра адказнасць за прынятыя палітычныя рашэнні і вельмі цяжкую работу - без аглядкі на ўсё», - сказаў Прэзідэнт.
Ён падкрэсліў: «Я бязмерна паважаю і люблю сваіх людзей, сваю краіну. І для мяне самае страшнае - падвесці народ, які ў мяне паверыў. 30 гадоў таму я пакляўся, што буду ім служыць сумленна. Гэта і раблю. Працую, а не ўладару. Як бы ні было складана».
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што самыя лёсавызначальныя для краіны рашэнні ў Беларусі прымаюць з удзелам меркавання людзей і іх інтарэсаў, праз рэферэндумы. «Я прывык ва ўсім спадзявацца і абапірацца на народ. І глыбока перакананы, што толькі ён мае права вырашаць свой лёс. У гэтым сутнасць старажытнай славянскай традыцыі нашага народаўладдзя з часоў веча», - заявіў Прэзідэнт.
Галоўная ідэя, з якой Аляксандр Лукашэнка, паводле яго слоў, некалі прыйшоў у вялікую палітыку, - захаваць пераемнасць. «Былі ўнутраная ўпэўненасць у правільнасці гэтага курсу і запатрабаванне грамадства. Таму была падтрымка, - адзначыў ён. - Народ разумеў: у нас ёсць свая дзяржава, і калі яе па-здрадніцку загубім, давядзецца пачынаць спачатку».
«Такая вось жыццёвая формула поспеху: хочаш расці, рухацца наперад - улічвай волю народа і не ламай выбудаваную папярэднімі пакаленнямі апору, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Мы ведаем, як жылі нашы продкі, калі падпарадкоўваліся законам і інтарэсам іншых дзяржаў. Ведаем, як пачало мяняцца жыццё беларусаў у савецкі перыяд. Таму ў 90-я нават гаворкі быць не магло аб тым, каб патэнцыял, створаны ў БССР, аддаць замежным багачам-алігархам. Ні за якія грошы. Людзі не зразумелі б і не дазволілі б гэта зрабіць».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што заўсёды імкнуўся зрабіць так, каб беларусы былі шчаслівыя на роднай зямлі, каб самі кіравалі ўласным лёсам і краінай. «І няхай мы сёння жывем небагата, але годна. Мы жывем на сваёй зямлі, ведаем, як жыць і што рабіць зыходзячы з рэсурсаў, якія маем», - канстатаваў ён.
«Галоўнае, мы жывем у мірнай, спакойнай і бяспечнай краіне, - працягнуў Прэзідэнт. - Паверце, калі не будзе міру, калі ў краіне пачнуць страляць і падрываць, - ужо нічога не трэба: ні працы, ні заробкі… Вось чаму я не стамляюся паўтараць: лепш ваяваць у полі, на заводзе і ферме, чым у акопах».
Менавіта таму, як перакананы кіраўнік дзяржавы, беларусам нельга расслабляцца і самазаспакойвацца. Калі працаваць і захоўваць адзінства, можна дасягнуць шмат чаго. “Як будзем працаваць, так і будзем жыць. Галоўнае, каб у міры і згодзе, - падкрэсліў беларускі лідэр. - За гэты шлях мільёны нашых суайчыннікаў у мінулым падалі жыцці. За гэты шлях беларусы аддалі свае галасы 30 гадоў таму і галасуюць сёння. Я верны яму і буду ісці па ім да канца, каб захаваць суверэнную і незалежную Беларусь.».
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
11.09.2025 - 15:35
Дзяржаўных узнагарод удастоены прадстаўнікі Магілёўскай вобласці
09.09.2025 - 12:17
Аляксандр Лукашэнка: эканоміка і банкаўскі сектар Беларусі перажылі беспрэцэдэнтныя выклікі
21.08.2025 - 11:08