RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Анатоль Ісачанка: акцыя «Нашы дзеці» стала традыцыяй і добрым брэндам

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка павіншаваў пацыентаў Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы з навагоднімі і каляднымі святамі.

У першую чаргу губернатар наведаў чырвоную зону, дзе лечаць дзяцей з вірусна-рэспіраторнымі інфекцыямі. Ён азнаёміўся з умовамі знаходжання маленькіх пацыентаў і ўручыў ім салодкія падарункі. «Калі прыходзіш да дзяцей, тым больш напярэдадні такога свята, настрой заўсёды добры, – сказаў Анатоль Ісачанка. – У чырвонай зоне я пагутарыў з дзецьмі і іх бацькамі, паглядзеў, наколькі яны забяспечаны медыкаментамі і як медперсанал спраўляецца са сваімі абавязкамі. Нягледзячы на тое, што гэта лячэбная ўстанова, пацыентам тут павінна быць максімальна камфортна. У Магілёўскай вобласці наогул і ў абласной дзіцячай бальніцы ў прыватнасці зроблена ўсё неабходнае, каб дзеці выздараўлівалі як мага хутчэй. Сярэдняя працягласць знаходжання дзіцяці ў стацыянары складае прыкладна 7-8 дзён. На жаль, хвароба ёсць і нікуды не сышла, але нашы медыцынскія работнікі з ёй спраўляюцца дзякуючы наяўным магчымасцям і напрацаванаму вопыту».

Другой часткай наведвання стала дабрачыннае прадстаўленне «Навагодні перапалох», якое правялі ў сценах бальніцы навучэнцы Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Гледачамі стала амаль 100 дзяцей, многія з якіх былі разам са сваімі бацькамі. Анатоль Ісачанка таксама сустрэўся з маленькімі пацыентамі, цёпла і сардэчна павіншаваў іх і бацькоў з зімовымі святамі і ўручыў салодкія навагоднія падарункі.

«У краіне праходзіць рэспубліканская дабрачынная акцыя «Нашы дзеці», якая стала ўжо традыцыяй і добрым брэндам, – адзначыў старшыня аблвыканкама. – Дзеці і мы, дарослыя, верым у дабро, казку і ўсё самае лепшае. Хай напярэдадні Новага года гэта абавязкова здарыцца. Сёння мы знаходзімся ў абласной дзіцячай бальніцы, таму што дзеткі, на жаль, прыхварэлі. Хочацца пажадаць, каб яны сустрэлі святы дома і правялі іх разам з роднымі, блізкімі і сябрамі. Жадаю дзецям навагодніх цудаў, бацькам – радасці ў сваіх дзецях, а медперсаналу – паменш працы і хворых».

У ліку гледачоў на сённяшнім паказе – мама Вераніка Бегунова і яе чатырохгадовая дачка Сафія. Яны трапілі ў шпіталь на наступны дзень пасля дня нараджэння малой, 25 снежня. У дзіцяці тыдзень трымалася высокая тэмпература, і збіць яе самастойна ніяк не атрымлівалася. Сям’я вельмі спадзяецца, што сустрэне Новы год дома. «Шчыра кажучы, мы не чакалі такога добрага свята і віншаванняў, – дзеліцца Вераніка Бегунова. – Учора ў нас быў ранішнік у садзе, і мы вельмі знерваваліся, што на яго не патрапілі. Калі б ведалі, што тут таксама будзе свята, узялі б прыгожыя сукенкі з сабой. Вельмі прыемна, што нашых дзетак не пакінулі без увагі – гэта заслугоўвае вялікай падзякі. Усё роўна і вялікія, і маленькія заўсёды чакаюць гэтага свята».

Галоўны ўрач медустановы Ігар Каско упэўнены, што ад такой чароўнай тэрапіі дзеці здаравеюць значна хутчэй. «Падарункі, музыка, смех і добрыя эмоцыі заўсёды толькі да здароўя, – падкрэсліў ён. – Любая хвароба адступіць у адну секунду, як толькі станоўчыя эмоцыі прыйдуць у душу любога чалавека, а тым больш дзіцяці. Справа ў тым, што з навагоднімі святамі дзяцей у сценах бальніцы павіншуюць шмат розных гасцей, таму ўсе дзеці атрымаюць навагоднія падарункі. Цяпер у нас на шпіталізацыі знаходзіцца каля 400 дзяцей».

Ігар Каско ўдакладніў: зараз дзеці больш хварэюць на сезонныя рэспіраторныя інфекцыі, а не на каранавірус. У дзіцячай бальніцы такіх пацыентаў усяго тры з 14 хворых COVID-19 па рэгіёне. Усе яны знаходзяцца ў стабільным стане. Урач, як дзеці і іх бацькі, вельмі спадзяецца, што да Новага года ўсе адправяцца дадому.

У шматпрофільным дзіцячым стацыянары на 610 ложкаў Магілёўскай абласной бальніцы працуе 14 спецыялізаваных аддзяленняў, кансультатыўная паліклініка і філіял абласнога цэнтра медыцынскай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і хворых дзяцей псіханеўралагічнага профілю. Штогод ва ўстанове аховы здароўя атрымлівае стацыянарнае лячэнне больш за 20 тыс. дзяцей і падлеткаў, звыш 60 тыс. дзяцей атрымлівае кансультацыйную дапамогу, выконваецца каля 6 тыс. аператыўных умяшальніцтваў.

БЕЛТАТРК «Магілёў»

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая