RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Анатоль Ісачанка: для арганізацыі якаснага навучальнага працэсу ў рэгіёне створаны ўсе ўмовы

Больш за 1 тыс. работнікаў сістэмы адукацыі з усяго рэгіёна стала ўдзельнікамі жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі ў Магілёве. Мерапрыемства прайшло ў Палацы культуры вобласці.

«Дзякуючы рабоце педагогаў ствараецца трывалы падмурак, на якім будуецца па-сапраўднаму моцная дзяржава, будучыня нашай краіны і яе сацыяльна-эканамічны дабрабыт, – звярнуўся да педагагічнага актыву старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. – Для арганізацыі якаснага навучальнага працэсу ў вобласці створаны ўсе неабходныя ўмовы: своечасова праведзены рамонты, набыта абсталяванне. На падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года накіравана больш за Br14 млн бюджэтных і спонсарскіх сродкаў. Запланавана набыццё 33 новых аўтобусаў, з якіх 8 ужо пастаўлена. Асаблівая ўвага нададзена падтрымцы шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, а таксама іншых катэгорый. Такім чынам, створаны ўсе ўмовы, каб кожнае дзіця прыйшло 1 верасня з добрым настроем і жаданнем атрымаць веды».

У Магілёўскай вобласці ў новым навучальным годзе свае дзверы адчыняць 333 дашкольныя ўстановы для 40 тыс. дзяцей, а таксама 334 установы агульнай сярэдняй адукацыі для 115 тыс. навучэнцаў. Пры гэтым у першы раз за парты сядзе 12 тыс. першакласнікаў. Акрамя таго, да працы прыступяць 425 маладых спецыялістаў. Дзякуючы падтрымцы вопытных настаўнікаў у будучыні ў іх ёсць усе шанцы стаць найлепшымі ў сваёй прафесіі. Тым больш што ім ёсць на каго раўняцца і да якіх дасягненняў імкнуцца. Так, паказчыкам прадуктыўнай сумеснай працы вучняў і педагогаў сталі вынікі мінулага навучальнага года: каля 70% школьнікаў мае высокі і дастатковы ўзроўні ведаў, сярэдні бал атэстата 8,5 атрымала 37,5% выпускнікоў сярэдняй школы, медалі ўручаны амаль 400 навучэнцам.

«Адной з прыярытэтных задач сярэдняй школы стала падрыхтоўка выпускнікоў да ўсвядомленага прафесійнага самавызначэння, – падкрэсліў губернатар. – Нам не ўсё роўна, хто выйдзе са школы і будзе вырашаць, якім шляхам мы будзем рухацца заўтра. Ад таго, з якім настроем і поглядамі ўступіць у дарослае жыццё сённяшні школьнік, напрамую залежыць будучыня нашай краіны. Таму настаўнік павінен даць дзіцяці кропку апоры, выхаваць імкненне да стваральнай працы, праўдзівы патрыятызм і пачуццё адказнасці за лёс краіны. Разумеючы гэта, мы павінны зрабіць усё магчымае, каб пазнаёміць дзяцей з рынкам працы і магчымасцямі, якія прадстаўляюць установы прафесійнай адукацыі, паказаць рэсурс і дынаміку беларускіх вытворчасцяў. Удасканаленне сістэмы прафарыентацыі ў школе сёння – залог трывалага падмурка нашай дзяржавы ў будучым».

Анатоль Ісачанка таксама спыніўся на значнасці грамадзянска-патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення, захаванні гістарычнай памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны і праўды пра яе, жахах генацыду беларускага народа і барацьбе з фальсіфікацыяй гісторыі. «Маладое пакаленне павінна ведаць, якую цану заплацілі беларусы за свабоду ў імя будучыні. Усё гэта з’яўляецца магутным рэсурсам у выхаванні грамадзянскасці і патрыятызму ў сучаснай моладзі», – акцэнтаваў ён. Яшчэ адзін важны момант у гэтым пытанні – тандэм бацькоў і настаўнікаў, бо толькі разам можна дасягнуць пастаўленых мэтаў у выхаванні дзяцей.

На канферэнцыі разгледжаны асноўныя напрамкі развіцця сістэмы адукацыі Магілёўскай вобласці на сучасным этапе, падведзены вынікі работы галіны за мінулы навучальны год і пастаўлены задачы на наступны, узнагароджаны найлепшыя педагогі.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая