RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Анатоль Ісачанка: наша праца накіравана на тое, каб мы выслухалі людзей і пасля прымалі рашэнні

Асабісты прыём грамадзян правёў сёння старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. Са сваімі праблемамі да губернатара звярнулася 9 заяўнікаў з Магілёва, Крычава і Асіповіч. Пытанні датычыліся абсталявання прыпынку грамадскага транспарту, зносу самавольнай пабудовы, вызначэння зямельных граніц, перадачы сетак электразабеспячэння ў садовым таварыстве, працаўладкавання, выдзялення фермерам дызельнага паліва на пасяўную і інш.

Некаторыя са зваротаў былі калектыўнымі. Так, напрыклад, жыхары вул. Гагарына ў Магілёве прыйшлі з пытаннем аб арганізацыі прыпынку грамадскага транспарту па іх вуліцы з мэтай паляпшэння якасці жыцця людзей, якія пражываюць у раёне дамоў 32, 34, 34А-Б, 34 А-В, 34 А-Г і прыватным сектары. Яны паскардзіліся, што людзям з сацыяльна неабароненых катэгорый (пажылым, інвалідам, мамам з дзецьмі) цяжка пераадольваць адлегласць да найбліжэйшых прыпыначных пунктаў, размешчаных у аддаленні ад іх жылля. Па гэтым пытанні жыхары вышэйпералічаных дамоў ужо былі на асабістым прыёме ў старшыні Магілёўскага гарвыканкама Уладзіміра Цумарава, дзе было прынята рашэнне пры надыходзе спрыяльных умоў надвор’я неадкладна разгледзець магчымасць пабудовы прыпынку пасажырскага транспарту на месцы наяўнай аўтастаянкі. Аднак грамадзяне палічылі такі адказ недастатковым. У той жа час яны падзякавалі прадстаўнікам органаў улады за тое, што раней было прынята рашэнне і па вуліцы пабудаваны прыпынак па патрабаванні ў напрамку з цэнтра горада. Аднак пытанне па прыпыначным пункце ў адваротны бок у заяўнікаў засталося. Зняў яго прысутны на прыёме Уладзімір Цумараў, ён запэўніў грамадзян, што да мая новы прыпыначны пункт пачне працу:

«Уладкаванне прыпыначнага пункта ўзгоднена з ДАІ, вызначана крыніца фінансавання, і на гэтыя мэты ўжо выдзелена Br30 тыс. З прычыны таго што неабходна ўладкаванне прыпыначнай кішэні, работы зоймуць каля трох тыдняў».

Аб выдзяленні грашовых сродкаў для завяршэння рамонту будынка дзіцячай школы мастацтваў № 3 імя М. М. Салдатава вяла размову магіляўчанка, якая звярнулася на прыём. Жанчына выказала незадаволенасць тым, што планавалася паэтапнае фінансаванне рамонту ўстановы адукацыі роўнымі долямі на працягу трох гадоў, аднак сёлета сума, што выдзяляецца на рамонт, агучана значна ніжэйшая, чым планавалася. Акрамя таго, заяўніца мае прэтэнзіі і да якасці ўжо выкананых работ, лічачы, што па-ранейшаму не вырашана праблема з ліўнеўкамі, ёсць у яе пытанні і да праведзеных фасадных работ. Як растлумачылі адказныя асобы, у мінулым годзе на рамонт асвоена сума Br131 тыс. – былі часткова заменены ліўнеўкі, мяняліся дзверы, трубы і г.д. У гэтым годзе пры мэтавым асваенні сродкаў асноўным пытаннем будзе рамонт і ўстаноўка супрацьпажарнай аўтаматыкі, паколькі бяспека дзяцей – у прыярытэце. Ужо распрацавалі адпаведную дакументацыю, і выдзяленне сродкаў чакаецца ў другім-трэцім квартале. Паколькі жанчыну не задаволіў гэты адказ, Анатоль Ісачанка даручыў разабрацца ў сітуацыі з выездам на месца экспертнай камісіі. Ён падкрэсліў, што, калі будуць выяўлены крытычныя моманты, якія ўплываюць на навучальны працэс, яны будуць ліквідаваны за кошт дадатковага выдзялення сродкаў, калі ж справа толькі ў касметычным дэфекце, то рамонт будзе прадоўжаны ў межах запланаванага бюджэту.

Шматдзетны бацька з Магілёва прыйшоў на прыём з-за наяўнай канфліктнай сітуацыі з работнікамі дзіцячага сада, які наведваюць яго дзеці. Мужчына сцвярджае, што выхавальніца своечасова не паведаміла ім пра тое, што ў дзіцяці ўзнялася высокая тэмпература. І падчас абмеркаванняў данай сітуацыі дазволіла сабе абразлівыя выразы на адрас дзяцей. Анатоль Ісачанка тут жа даручыў кампетэнтным органам разабрацца ў сітуацыі, вывучыўшы наяўныя аўдыя- і відэазапісы, скрыншоты перапісак. Ён папярэдзіў заяўніка, што, калі інфармацыя, прадстаўленая ім, пацвердзіцца, вінаватыя панясуць пакаранне і будуць вызвалены ад пасад, калі ж не – да адказнасці будзе прыцягнуты сам мужчына.

Нязгоду з рашэннем камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама аб размеркаванні дзяржаўнага матэрыяльнага рэзерву дызельнага паліва выказалі два фермеры з Крычаўскага і Асіповіцкага раёнаў. Паводле іх слоў, гаспадаркі, якія яны ўзначальваюць, па ўсіх крытэрыях падыходзілі для ўключэння ў спісы па выдзяленні гэтага паліва, аднак яно ім выдзелена не было.

Як растлумачыла першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама Вольга Прыстромская, на агульнай нарадзе з фермерамі было вызначана, што падставай для размеркавання будзе афіцыйна пададзеная справаздачнасць. Паводле даных абласной статыстыкі, названыя гаспадаркі ў гэтых спісах на момант запыту не былі прадстаўлены.

«На сёння запатрабавана і атрымана ўдакладненая інфармацыя, – адзначыла Вольга Прыстромская. – Паколькі ўжо вызваляецца нейкі ліміт у сувязі з адмаўленнем некаторых гаспадарак ад паліва, мы можам прапанаваць гэтым гаспадаркам вылучыць ім паліва пры пераразмеркаванні».

Анатоль Ісачанка пракаментаваў сітуацыю:

– Рашэнне выдзяляць паліва фермерам, якія прадстаўляюць справаздачы, было прынята, каб выдзяляць яго сапраўды тым, хто заняты справай. Калі на момант размеркавання нейкіх гаспадарак не было ў гэтай статыстыцы, камітэт па сельскай гаспадарцы паступіў правільна – згодна з зацверджаным распараджэннем. Але калі статыстыка гаспадаркамі пададзена, калі фермеры гатовы і далей дзейнічаць згодна з абумоўленымі правіламі, то паліва яны атрымаюць. Калі не ўвесну, то яно спатрэбіцца ім увосень.

Падводзячы вынік размовы з фермерамі, старшыня аблвыканкама выказаў упэўненасць, што паліўнае пытанне будзе закрыта на працягу месяца.

«Пытанні, з якімі звярталіся грамадзяне, па вялікім рахунку стандартныя – гэта зямельныя ўчасткі, добраўпарадкаванне, рамонт дзяржустаноў. Тое, што найбольш хвалюе людзей, з тым яны і прыходзяць. З кожнай сітуацыяй мы разбіраемся асобна. Камусьці адказ атрымліваецца даць адразу, у некаторых выпадках трэба дадаткова разабрацца, – растлумачыў пры размове з журналістамі Анатоль Ісачанка. – Бывае, што чалавек незадаволены адказам, які атрымаў на мясцовым узроўні, і ён звяртаецца ў вышэйшыя інстанцыі. Мы выслухоўваем людзей, калі ёсць недапрацоўка – папраўляем, калі дадзены раней заяўніку адказ кампетэнтны, мы тлумачым, што рашэнні прынятыя ў межах заканадаўства. Большасць так званых паўторных зваротаў не абгрунтаваныя, хаця, дзеля справядлівасці, варта сказаць, што выпадкі бываюць розныя.

Таму нашая праца накіравана на тое, каб мы выслухалі людзей і пасля прымалі рашэнні».

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая