RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Анатоль Ісачанка пабываў на першым уроку ў СШ №2 г.п. Хоцімск

У сярэдняй школе №2 Хоцімска адкрыўся першы ў раёне басейн. Сімвалічны ключ ад новага аб'екта на ўрачыстай лінейцы дырэктару навучальнай установы ўручыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка.
 
«1 верасня заўсёды хвалюючы і асаблівы для ўсіх дзень - для першакласнікаў, якія ўпершыню пойдуць у школу і адкрыюць для сябе свет ведаў, для настаўнікаў, якія іх сустракаюць, - звярнуўся да ўдзельнікаў урачыстасці губернатар. - Перажываюць і бацькі - як сустрэне іх дзяцей школа, з якім настроем яны будуць хадзіць на заняткі. Канешне, хвалююцца і выпускнікі, для якіх гэты год стане часам, калі трэба вызначыцца ў жыцці. Нехта з іх ужо выбраў прафесію, нехта яшчэ думае - але гэта той жыццёвы этап, які трэба прайсці і прыняць рашэнне. І галоўнае, каб зроблены выбар у далейшым быў даспадобы, бо любая праца павінна прыносіць задавальненне».

Анатоль Ісачанка пажадаў дзецям, каб школа стала для іх сапраўдным домам, у які б яны прыходзілі з радасцю, а настаўнікі - другімі бацькамі, якія сустракаюць дзяцей з лагоднай усмешкай на твары. Бацькам і настаўнікам губернатар пажадаў разумення таго, што дзеці - гэта самае галоўнае ў нашым жыцці. «Мы разам павінны клапаціцца пра іх, выгадаваць сапраўдных патрыётаў, якія любяць сваю радзіму і свой край, а таксама людзей, якія жывуць тут - бацькоў, сяброў, знаёмых, - адзначыў ён. - Усім дабра, шчасця і ўсмешак. Няхай на шляху ў краіну ведаў у хлопцаў усё атрымаецца».

Самым вялікім і доўгачаканым падарункам для хлопчыкаў і дзяўчынак у гэтае свята стаў басейн, які ўрачыста адкрылі падчас лінейкі. Яго з'яўленне на тэрыторыі навучальнай установы з нецярпеннем чакалі не толькі навучэнцы і іх бацькі, але таксама ўсе жыхары гарадскога пасёлка. «Новы басейн - той аб'ект, які сапраўды патрэбен Хоцімску, - падкрэсліў губернатар. - Людзі прасілі, каб мы яго зрабілі, і мы зрабілі гэта ў тым ліку напярэдадні абласнога свята працаўнікоў сяла «Дажынкі». Басейн будзе працаваць для ўсіх жыхароў раёна. Вялікі дзякуй будаўнікам за праведзеную работу - усё зроблена якасна і ў тэрмін. Атрымаўся добры сацыяльны праект і для развіцця спорту, і для адпачынку. Такія падыходы мы зараз будзем тыражаваць па ўсёй Магілёўскай вобласці».

Паводле слоў дырэктара ўстановы адукацыі Іраіды Задунайскай, спартыўнага ўхілу ў школе няма, аднак сама тэрыторыя і месцазнаходжанне ўстановы садзейнічалі пачатку будаўніцтва басейна. Ён будзе працаваць з 8.00 да 18.00 для правядзення заняткаў па плаванні для навучэнцаў, а з 18.00 да 21.00 яго зможа наведаць любы ахвочы. Тым больш, тут створана сучаснае безбар'ернае асяроддзе. «Для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ўсё прадугледжана, - падкрэсліла кіраўніца. - Устаноўлены спецыяльныя санвузлы і пад'ёмнікі (у тым ліку і для апускання ў басейн), асобныя душавыя і санітарныя пакоі. Аб'ект максімальна даступны для ўсіх катэгорый грамадзян».

«Тры дарожкі па 25 метраў, дзве чары - дзіцячая для навучання плаванню малых і дарослая з паглыбленнем ад 1,5 м да 1,7 м, зала сухога плавання, безбар'ернае асяроддзе. Усё зроблена камфортна і сучасна, - удакладняе дырэктар Іраіда Задунайская. - Плошча аднапавярховага аб'екта, на будаўніцтва якога пайшло каля года, склала 2 тыс. кв.м. Яно абсталявана двума раздзявалкамі - мужчынскай і жаночай, душавымі, пакоямі для трэнерскага складу і работнікаў адміністрацыі. З'яўленне школьнага басейна запатрабавала ўвядзення дадатковага штата: два інструктары па плаванні, тры працоўныя па абслугоўванні басейна, чатыры тэхнічныя і медыцынскія работнікі, апаратчык хімводаачысткі, гардэробшчык, намеснік па вучэбнай працы, які будзе курыраваць пытанні арганізацыі працы басейна».
 
Дырэктарка падкрэсліла, што плаванне любяць усе, яно разгружае і фізічна, і эмацыйна. А з улікам таго, што сёння расце колькасць дзяцей з парушэннем выправы, аднесеных па стане здароўя да спецыяльнай медыцынскай групы, да паходу ў басейн практычна няма супрацьпаказанняў. У той жа час пры плаванні задзейнічаны ўсе групы цягліц, умацоўваецца сам цягліцавы гарсэт.

«Гэта першы, адзіны і доўгачаканы басейн у нашым горадзе, – падкрэсліла Іраіда Задунайская. - Упэўнена, што ён будзе вельмі запатрабаваным і наведвальным. Развіццё фізкультуры і спорту ў краіне - адзін з прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі. І гэты новы аб'ект таксама садзейнічае ўмацаванню здароўя беларускай нацыі ў цэлым. У хоцімскіх дзяцей з'явілася дадатковая магчымасць займацца спортам, бо басейн - гэта не толькі папулярызацыя водных відаў спорту, але і ў першую чаргу ўмацаванне арганізма, фізічнае развіццё. Дзякуючы гэтаму ў нас павінны з'явіцца свае спартоўцы, якія будуць услаўляць рэгіён і краіну ў цэлым».
 
Сярэдняя школа №2 другая па колькасці ў Хоцімску, тут вучыцца 315 чалавек. У гэтым годзе за парты сядуць каля 30 першакласнікаў. Да новага навучальнага года ў навучальнай установе была праведзена вялікая падрыхтоўка, якая ў тым ліку звязана з пераходам установы на новыя прынцыпы харчавання навучэнцаў згодна з пілотным праектам Мінадукацыі. На сёння школа поўнасцю забяспечана тэхналагічным абсталяваннем. Напрыклад, да пачатку заняткаў закуплены два халадзільнікі для захоўвання агародніны і садавіны. Акрамя таго, абнаўлялася і іншая база - за канікулы зроблены сучасны бягучы рамонт шэрага кабінетаў.
 
Істотныя змены адбыліся і на тэрыторыі самой школы - побач з новым басейнам устаноўлены тры пляцоўкі: для міні-футбола і баскетбола, дзіцячая гульнявая і сучасны шматфункцыянальны спартыўны аб'ект, які з'явіўся дзякуючы рэспубліканскаму сацыяльнаму праекту Прэзідэнцкага спортклуба «Спорт для ўсіх». Дырэктар лічыць, што такая ўвага развіццю спартыўнай інфраструктуры больш як апраўдана - важна вырасціць здаровае і фізічна моцнае пакаленне, прапанаваць ім альтэрнатыву планшэтам і тэлефонам.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая