Усе сферы эканомікі Магілёўскай вобласці адкрыты для інвестыцый. Аб гэтым сказаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка на цырымоніі адкрыцця Беларускага інвестыцыйнага форуму ў Бабруйску.
Паводле слоў Анатоля Ісачанкі, прымаць Беларускі інвестыцыйны форум на магілёўскай зямлі вельмі ганарова. «Выбар Бабруйска ў якасці пляцоўкі для правядзення такога значнага мерапрыемства - абсалютна правільнае рашэнне, - адзначыў ён. - Горад з'яўляецца важным прамысловым цэнтрам не толькі для Магілёўскай вобласці, але і рэспублікі ў цэлым. На яго тэрыторыі працуюць флагманы беларускага сельгасмашынабудавання, адзіны ў рэспубліцы вытворца шын, вядомая ўсім кандытарская фабрыка «Чырвоны харчавік», а таксама шэраг іншых буйных прадпрыемстваў».
Бабруйск - прывабная інвестыцыйная пляцоўка і адзін з 11 гарадоў паскоранага развіцця, які мае развітую інфраструктуру і лагістыку, а таксама трывалы кадравы патэнцыял. Аднак на форуме адбудзецца знаёмства не толькі з патэнцыялам Бабруйска, але і з усёй Магілёўскай вобласці. «У рэгіёне сфарміравана каля 100 канкрэтных інвестыцыйных прапаноў для патэнцыйных інвестараў, - удакладніў Анатоль Ісачанка. - Створана спецыяльная група, якая заклікана выбудаваць эфектыўнае ўзаемадзеянне ўлады з інвестарамі. Для інвестыцый адкрыты ўсе сферы эканомікі нашага рэгіёна».
Беларускі інвестыцыйны форум - міжнароднае дзелавое мерапрыемства рэспубліканскага маштабу, якое садзейнічае прасоўванню інвестыцыйных магчымасцей Беларусі і праходзіць штогод па даручэнню беларускага ўрада. Упершыню за пяць гадоў форум арганізаваны на беларускай зямлі (раней месцамі яго правядзення, як правіла, станавіліся сусветныя фінансавыя цэнтры - Лондан, Стамбул, Дубай). Аднак у 2023 годзе акцэнт зроблены на інвестыцыйных магчымасцях беларускіх рэгіёнаў і, як вынік, сёлетні форум прымае Бабруйск - горад з багатай дзелавой гісторыяй і шматабяцаючымі бізнес-перспектывамі.
«У Бабруйску шмат прадпрыемстваў, якія не проста развіваюцца, але і годна прадстаўляюць нашу краіну на міжнароднай арэне, - адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар. - На форуме сфарміраваны цэлы шэраг пляцовак, інвестыцыйных прапаноў, якія мы будзем рады прэзентаваць нашым інвестарам. Акрамя гэтага, у праграме мерапрыемства мы правядзем свой традыцыйны Міжнародны эканамічны форум «Млын поспеху». Упэўнены, што форум будзе насычаным, а яго мерапрыемствы дадуць эфект для Магілёўскай вобласці і Беларусі».
Беларускі інвестыцыйны форум сабраў на адной пляцоўцы больш за 300 чалавек. Перспектывы дзелавога супрацоўніцтва абмяркоўваюць інвестары і прадстаўнікі буйнога і сярэдняга бізнесу з 22 краін, у тым ліку госці з ААЭ, Турцыі, Пакістана, Егіпта, Кітая, В'етнама, Палестыны, Расіі, Бразіліі, Венгрыі. Удзельнікамі мерапрыемства сталі ўласнікі сярэдніх і буйных прадпрыемстваў, топ-менеджэры, прадстаўнікі фондаў прамых інвестыцый, фінансавых інстытутаў, асацыяцый бізнесу, інвестыцыйныя агенцтвы, кансультанты, лідэры меркаванняў у бізнес-асяроддзі.
Спікерамі форуму сталі першы намеснік прэм'ер-міністра Мікалай Снапкоў, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Ермаловіч, міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. Удзельнікам форуму раскажуць аб інвестыцыйных магчымасцях краіны, дзейных прэферэнцыйных рэжымах і нішах для інвесціравання. Яны прымуць удзел у экспертных дыскусіях, абмяняцца вопытам работы ў новых геапалітычных умовах, атрымаюць бясплатныя кансультацыі і аналітычныя матэрыялы на тэму вядзення бізнесу ў Беларусі.
Арганізатарамі форуму выступілі Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі Беларусі і Магілёўскі аблвыканкам.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
23.04.2025 - 09:25
Магілёўская вобласць па выніках работы за 2024 год будзе занесена на Рэспубліканскую дошку Гонару
22.04.2025 - 16:35
18.04.2025 - 20:26
18.04.2025 - 09:11