RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Андрэй Іванец: стварэнне адукацыйных кластараў накіравана на паляпшэнне жыцця ў рэгіёнах

Стварэнне рэгіянальных адукацыйных кластараў накіравана на вырашэнне канкрэтных прыкладных задач. Такім меркаваннем з журналістамі падзяліўся міністр адукацыі Андрэй Іванец падчас дыялогавай пляцоўкі «Разумныя гарады» на базе Беларуска-Расійскага ўніверсітэта ў Магілёве.

«Сёння падрыхтоўка спецыялістаў у галіне інфармацыйных тэхналогій вядзецца ў 19 універсітэтах нашай краіны і шэрагу каледжаў, - адзначыў Андрэй Іванец. - Мы бачым і праблемныя пытанні, якія патрабуюць сёння нашага аператыўнага рашэння. Менавіта таму такі семінар ладзіцца сумесна з Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі. Мы павінны ўбачыць, якія новыя прафесіі спатрэбяцца ў будучыні, таму што мы рэалізуем стратэгію апераджальнай падрыхтоўкі кадраў у сістэме адукацыі. Аднак без падказкі з месцаў ад практыкаў, якія кампетэнцыі і новыя прафесіі будуць патрэбны ў цэлым не толькі сёння, але і заўтра, на перспектыву нам будзе складана забяспечыць такую падрыхтоўку. Са свайго боку, мы гатовы забяспечыць новыя адукацыйныя стандарты і праграмы, таму што гэтая галіна развіваецца вельмі дынамічна і патрабуе перагляду практычна штогод».

Па словах Андрэя Іванца, сёння ёсць усе неабходныя магчымасці для сеткавай формы ўзаемадзеяння, якая вызначана Кодэксам аб адукацыі і дазваляе выбудаваць як гарызантальныя, так і вертыкальныя сувязі: «Раней супрацоўніцтва ажыццяўлялася пераважна на адным узроўні адукацыі – універсітэты ўзаемадзейнічалі з універсітэтамі. Сёння мы бачым, што ідзе скразная вертыкаль, калі ў навукова-даследчую работу залучаюцца школьнікі, падключаюцца спецыялісты з каледжаў, якія маюць больш прыкладны, практыка-арыентаваны характар і, безумоўна, вучоныя, якія працуюць у нашых вядучых універсітэтах. Стварэнне такіх кластараў рэгіянальнага характару вельмі важна, таму што яно будзе накіравана на вырашэнне канкрэтных прыкладных задач для рэгіёнаў. І сёння падчас азнаямлення з выставай мы бачылі, што шэраг распрацовак накіраваны на паляпшэнне жыцця непасрэдна ў Магілёве, на вырашэнне задач, якія стаяць перад прамысловымі прадпрыемствамі рэгіёну. Мы проста ўпэўненыя, што сістэма адукацыі павінна больш сур'ёзна рэалізоўваць свой патэнцыял пры рашэнні сацыяльна-эканамічных задач».

Міністр адукацыі азнаёміўся з прэзентаванай у Беларуска-Расійскім універсітэце выставай навуковых распрацовак «Лічбавыя тэхналогіі ў навуцы і адукацыі», дзе былі прадстаўлены распрацоўкі ўніверсітэтаў і каледжаў рэгіёну. «На гэтым прыкладзе мы бачым, што інфармацыйныя тэхналогіі ўвайшлі практычна ва ўсе вобласці, – падкрэсліў Андрэй Іванец. - Сёння мы пазнаёміліся з распрацоўкамі для інжынерна-тэхнічнага праектавання апорных канструкцый - стварэннем адпаведных пад'ёмных кранаў, канструяваннем самазвалаў, а таксама іншай тэхнікі, дзе неабходна на стадыі праектавання ўбачыць слабыя месцы. Гэта важна, таму што дазваляе істотна скараціць тэрмін распрацоўкі наступнага выпрабавання».

Ён таксама звярнуў увагу на вялікі пласт распрацовак для транспартнай сістэмы. Так, «Разумны горад» уключае ў сябе шэраг распрацовак, накіраваны на стварэнне неабходных умоў для камфортнага перамяшчэння па беларускіх вуліцах: інтэлектуальная саманавучальная сістэма, рэгуляванне дарожна-транспартных патокаў, дапамога вадзіцелям. Не засталася ў баку і энергетычная галіна. «Мы бачым, што сёння развіццё энергетыкі ідзе па розных кірунках: нашы навукоўцы прапануюць распрацоўкі ў галіне альтэрнатыўнай энергетыкі - сонечная энергетыка, разумныя панэлі, якія дазваляюць эфектыўна збіраць энергетычныя плыні, - адзначыў міністр. - Гэта і праекты будучыні: хлопцы прапанавалі ўстаноўкі, якія дазваляюць «злавіць» маланку і выкарыстоўваць потым гэтую электрычнасць на працягу года для асвятлення цэлага гарадскога партала. Гэта магутны далягляд для таго, каб потым мы маглі не толькі ўціхамірваць такія прыродныя катаклізмы, але і накіроўваць іх у мірнае рэчышча».

Комплексная прэзентацыя праекта будучыні «Разумныя гарады Беларусі» праходзіць на базе Беларуска-Расійскага ўніверсітэта ў Магілёве. Асноўнымі спікерамі мерапрыемства сталі міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган і міністр адукацыі Андрэй Іванец. Прысутныя абмеркавалі канцэпцыю і план рэалізацыі праекта, а таксама чаканыя вынікі яго ўкаранення. Акрамя таго, у час дыялогавай пляцоўкі было закранута пытанне падрыхтоўкі шматузроўневых спецыялістаў для патрэбнасцей лічбавай эканомікі і эфектыўнага ўкаранення праекта. Прадстаўнікі магілёўскага ўніверсітэта прэзентавалі створаны ў ВНУ навукова-адукацыйны цэнтр «Разумны горад», расказалі аб перспектывах арганізацыі сеткавага навучання з улікам тэхнічных рэсурсаў, якія маюцца і ствараюцца.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая