RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Антытытунёвы дэкрэт уступіў у сілу ў Беларусі

Дэкрэт нумар 2, які робіць антытытунёвае заканадаўства ў Беларусі больш строгім, уступіў у сілу 27 ліпеня.

Асноўная мэта дакумента - паслядоўнае абмежаванне даступнасці тытунёвых вырабаў, электронных сістэм курэння, вадкасцей для іх, сістэм для спажывання тытуню. Гэта ў сваю чаргу будзе садзейнічаць прадухіленню негатыўнага ўплыву курэння на стан здароўя цяперашняга і будучых пакаленняў, а таксама створыць умовы для аховы здароўя грамадзян ад уздзеяння тытунёвага дыму і наступстваў спажывання (курэння) тытунёвых вырабаў, выкарыстання электронных сістэм курэння, сістэм для спажывання тытуню.

У дэкрэце змешчаны нормы рознага характару. У прыватнасці, прадугледжаны забараняльныя меры. У ліку асноўных - забарона на рэкламу вадкасцей для электронных сістэм курэння, а таксама аказанне спонсарскай бязвыплатнай дапамогі ў выглядзе тытунёвых вырабаў, электронных сістэм курэння, вадкасцей для іх, сістэм спажывання тытуню. Забарона рэалізацыі метадам адкрытай выкладкі, якая да гэтага датычылася продажу тытунёвых вырабаў, цяпер распаўсюджваецца і на вадкасці для электронных сістэм курэння.

У магазінах і павільёнах гандлёвай плошчай у памеры 1 тыс. і больш кв. м з 1 студзеня 2020 года продаж вышэйназваных тавараў будзе весціся толькі праз адасобленыя таварныя аддзелы, парадак стварэння якіх вызначыць Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

Антытытунёвы дэкрэт таксама змяшчае забарону на выкарыстанне на шыльдах гандлёвых аб'ектаў слоў, тоесных або падобных да ступені змяшэння з найменнем відаў тытунёвых вырабаў. Пазней, з 1 студзеня 2022 года, будзе ўведзена забарона на выкарыстанне абсталявання, якое размяшчаецца над кантрольна-касавымі вузламі.

Шэраг новаўвядзенняў датычыцца нанясення інфармацыі на спажывецкую ўпакоўку. У прыватнасці, на ўпакоўцы электронных сістэм курэння (у тым ліку вадкасцей для іх), а таксама сістэм для спажывання тытуню павінны быць звесткі на рускай або беларускай мове аб забароне продажу гэтых вырабаў, сістэм, вадкасцей асобам маладзейшым за 18 гадоў.

Устаноўлены абавязак вытворцаў, заказчыкаў і імпарцёраў тытунёвых вырабаў размяшчаць на іх сайтах інфармацыю аб выпускаемых, заказваемых і імпартуемых тытунёвых вырабах, накіраваную на прыцягненне партнёраў па бізнесе на заключэнне дагавораў пастаўкі тытунёвых вырабаў на ўнутраны і знешнія рынкі.

У мэтах стварэння бяздымнага асяроддзя раздзелены аб'екты, у якіх забараняецца курэнне, на дзве катэгорыі: у якіх цалкам забаронена курэнне і немагчыма ствараць спецыяльныя зоны для курэння, і тыя, у якіх курэнне забаронена, але пры гэтым павінны быць створаны спецыяльна прызначаныя для гэтай мэты месцы.

Так, да аб'ектаў, у якіх устаноўлена поўная забарона на курэнне, аднесены станцыі метрапалітэна, грамадскі транспарт, ліфты, дзіцячыя пляцоўкі, аўтамабілі, калі ў іх прысутнічаюць дзеці ва ўзросце да 14 гадоў, і інш.

Да аб'ектаў, у якіх курэнне дазволена ў спецыяльна створаных (выдзеленых) для гэтай мэты месцах, аднесены арганізацыі аховы здароўя, культуры, фізічнай культуры і спорту, арганізацыі, што аказваюць сацыяльныя паслугі, гандлёвыя аб'екты, аб'екты бытавога абслугоўвання і грамадскага харчавання (у тым ліку так званыя летнія пляцоўкі), дзяржаўныя органы, вакзалы, аэрапорты, тэрыторыі пляжаў.

Аб'екты, дзе курэнне тытунёвых вырабаў забаронена, павінны абазначацца спецыяльным знакам аб забароне курэння, патрабаванні да якога і парадак яго размяшчэння ўстановіць Міністэрства аховы здароўя.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая