RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Апытанне выявіла толькі 9% антываксёраў у Магілёўскай вобласці

Большая частка насельніцтва Магілёўскай вобласці выступае за вакцынацыю ад COVID-19, супраць – толькі 9%, але пры гэтым даволі многа тых, хто чакае і не вызначыўся. Пра гэта паведаміла загадчык кафедры паліталогіі і сацыялогіі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова Святлана Ліхачова падчас чарговага пасяджэння спецпраекта «Экспертнае асяроддзе» ў прэс-цэнтры на тэму «Сацыяльнае развіццё рэгіёнаў у люстэрку сацыялогіі».

У верасні гэтага года Цэнтр сацыялагічных даследаванняў і інфармацыйна-аналітычнай працы пры інфармагенцтве «Магілёўскія ведамасці» правёў апытанне сярод жыхароў рэгіёна. Аказалася, што 47% рэспандэнтаў ухваляе вакцынацыю. Пры гэтым на пытанне, ці гатовыя яны асабіста прышчапіцца, 26% сказалі, што ўжо зрабілі прышчэпку, 30% – гатовы прышчапляцца. Але разам з тым не гатова прышчапляцца 34%, а супраць вакцынацыі 9%.

«Даследаванне паказала, што пандэмія не толькі медыцынская праблема, але і шмат у чым сацыяльная, сацыялагічная. На гэтым прыкладзе можна прасачыць, як трансфармуецца грамадская думка. У дадзеным выпадку ў яе фарміраванне актыўна ўмяшаліся новыя электронныя сродкі масавай камунікацыі – інтэрнэт, сацыяльныя сеткі. Калі раней мы маглі ўключыць тэлевізар і нам спецыяліст аўтарытэтна тлумачыў, як сябе паводзіць у той ці іншай сітуацыі, то тут ужо ўсе спецыялісты. Каментары часта бязладныя, абсурдныя», – пазначыла нюансы атрыманых вынікаў Святлана Ліхачова.

З іншага боку – даследчыкі бачаць наглядную дыскусію ў грамадстве і разуменне складанасці сітуацыі. «Як бы там ні было, сталі выяўляцца паводніцкія аспекты: 67% нашых рэспандэнтаў станоўча ставяцца да прафілактыкі, нашэння масак у грамадскіх месцах», – дадала Святлана Ліхачова.

Меркаванні з нагоды таго, што ў нашай краіне адсутнічае каранцін, лакдаун, падзяліліся прыкладна на тры роўныя групы: «за», «супраць», «цяжка адказаць». Але найбольш цяжка ў сельскай мясцовасці, малых гарадах. Таксама ва ўзроставым плане лакдаўн больш ухваляюць людзі сярэдняга пакалення.

Пры гэтым у Магілёўскай вобласці гатоўнасць прышчапляцца найменшая ў жыхароў да 31 года.

У цэлым беларускаму грамадству ўласцівы некаторыя патэрналісцкія ўстаноўкі – чаканні таго, што дзяржава павінна вырашаць праблему каранавіруса. Але забываць пра асабістую адказнасць няправільна.

Дэкан медыка-псіхалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта кандыдат медыцынскіх навук Святлана Бойка звярнула ўвагу на неабходнасць росту сацыяльнай адказнасці ў пытаннях барацьбы з COVID-19. Сэнс вакцынацыі якраз у гэтым – праявіць асабісты ўдзел, знізіць для сябе рызыкі заразіцца і мець цяжкія наступствы хваробы, а таксама ўнесці ўклад у фарміраванне калектыўнага імунітэту. «Можна асуджаць сістэму аховы здароўя, але паглядзіце спачатку на сябе», – рэзюмавала Святлана Бойка.

На яе думку, дарэчы выкарыстоўваць аналогію: трэць насельніцтва Еўропы ў свой час загінула ад сухотаў. Спыніць бяду дапамагла вакцынацыя – сёння гэта кіраванае, кантраляванае інфекцыйнае захворванне. Таму так званых антываксераў у грамадстве проста не можа быць больш за 30%. У Магілёўскай вобласці такіх 9%.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая