RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Архіўныя звесткі могуць стаць асновай устанаўлення новых фактаў і месцаў расстрэлаў мірных жыхароў у гады вайны – Валерый Малашка

Архіўныя звесткі могуць стаць асновай устанаўлення новых фактаў і месцаў расстрэлаў мірных жыхароў у гады вайны. На гэта звярнуў увагу намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка падчас чарговага пасяджэння абласной рабочай групы па расследаванні крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Актыўная праца ў гэтым кірунку пачалася менш за два тыдні таму. Але ўжо ёсць першыя вынікі, адзначыў Валерый Малашка. У кожным рэгіёне створаны рабочыя групы, падобныя абласной. Праведзена адпаведнае інфармаванне насельніцтва. Апытана вялікая частка магчымых сведак тых страшных падзей. Падняты наяўныя гістарычныя звесткі, вывучаныя архівы ЗАГСаў і інш. Дзякуючы гэтай працы з’явіліся звесткі аб раней невядомых месцах расстрэлаў мірнага насельніцтва, брацкіх магілах у некаторых раёнах Магілёўшчыны. Сабраныя матэрыялы накіраваны ў органы пракуратуры.

Значную дапамогу ва ўстанаўленні няўлічаных пахаванняў аказваюць удзельнікі гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру». «Ініцыятыва Генеральнай пракуратуры заслугоўвае ўсялякай павагі, яна вельмі своечасовая, – лічыць кіраўнік клуба, гісторык Мікалай Барысенка. – У свеце пачынае падымаць галаву экстрэмізм. Гэтага дапусціць нельга».

Па словах Мікалая Барысенкі, расследаванні, падобныя цяперашняму, праводзіліся некалькі разоў: адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны, а таксама да 20-годдзя яе пачатку – у 1961 годзе. «Тады была праведзена велізарная праца па вывучэнні злачынстваў і зладзействаў нямецка-фашысцкіх акупантаў на тэрыторыі Магілёўшчыны, – падкрэсліў гісторык. – Аднак значны масіў недаследаваных матэрыялаў усё яшчэ знаходзіцца ў Дзяржаўным архіве вобласці, архіве грамадскіх аб’яднанняў, занальных архівах у Крычаве і Бабруйску».

Мікалай Барысенка дадаў, што тут, у першую чаргу, павінны папрацаваць архівісты. А рабочым групам неабходна падабраць людзей, якія знаходзяцца ў тэме: не раз працавалі ў фондах, архівах і ведаюць, як гэта рабіць, – краязнаўцаў, гісторыкаў, пошукавікаў.

У сваю чаргу, дырэктар Дзяржаўнага архіва Магілёўскай вобласці Пётр Шэўчык паведаміў: на пастаянным захоўванні ва ўстанове знаходзіцца 21 архіўны фонд, які паказвае на злачынствы, дапушчаныя нямецка-фашысцкімі захопнікамі на тэрыторыі нашага рэгіёна, уключаючы генацыд народа, яго знішчэнне і спаленне. Акрамя таго, такія ж звесткі маюцца ў фондзе асабістага паходжання ветэранаў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

«Праца будзе вялікая – больш за 14,4 тыс. спраў, у кожнай каля 200 лістоў, – канстатаваў Пётр Шэўчык. – Гэта значны аб’ём архіўных матэрыялаў, якія трэба вывучыць і даць ім ацэнку, у тым ліку прававую».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая