RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Арыенцір – традыцыйныя каштоўнасці»: Юрый Сянько наведаў два прадпрыемствы ў Магілёве

17 кастрычніка старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Сянько з працоўнай паездкай наведаў Магілёў. З працоўнымі калектывамі СПМК «Газбудмантаж» і ЗТАА «Омск Карбон Магілёў» прафсаюзны лідэр гаварыў аб сацыяльнай падтрымцы насельніцтва і важнай навіне ў заканадаўстве, якое закране працуючых пенсіянераў.

Як адзначыў Юрый Сянько, беларускія прадпрыемствы паспяхова развіваюцца, ствараюцца новыя працоўныя месцы і, што важна, па многіх пытаннях сваё плячо падстаўляюць прафсаюзы.

- Беларусь - унікальная краіна з высокім узроўнем чалавечага развіцця. Дзяржава, дзе правы працоўных надзейна абаронены, - падкрэсліў лідэр нацыянальнага прафцэнтра.

Дарэчы, літаральна на днях прафсаюзная ініцыятыва, якая датычылася поўнага захавання пенсіённых выплат для працуючых пенсіянераў, была падтрымана кіраўніком дзяржавы. Гэта значыць, калі наймальнік захоўвае супрацоўніка на працоўным месцы, ён будзе атрымліваць 100% сваёй сумленна заробленай пенсіі і плюс 100% - заработную плату.

Не змог Юрый Сянько абысці і тэму сям'і. Ён адзначыў, што захаванне нашых традыцыйных каштоўнасцей - адна з важнейшых стратэгічных задач.

На гэтым увесь час акцэнтуе ўвагу і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Ён неаднаразова адзначаў, што «культ паўнавартаснай сям'і з двума і больш дзецьмі мусіць быць стылем жыцця беларусаў. Толькі так мы зможам быць упэўненыя, што наступныя за намі пакаленні будуць прырастаць, а значыць, моцна трымаць суверэнітэт у сваіх руках і гарантавана жыць у свеце».

На сустрэчах у Магілёве шмат гаварылася аб дзяржаўных дапаможніках пры нараджэнні і выхаванні дзяцей, сямейным капітале, сацыяльнай дапамозе і сацыяльных паслугах, а таксама аб ролі прафсаюзаў у захаванні і развіцці гарантый для працоўных і членаў іх сем'яў.

- У нашай краіне шэраг дадатковых нормаў прапісаны ў калектыўных дагаворах прадпрыемстваў і арганізацый, некаторыя з іх у далейшым зацвярджаюцца на заканадаўчым узроўні, - падкрэсліў старшыня ФПБ.

Сёння з 24 тыс. першасных прафсаюзных арганізацый, якія існуюць у Беларусі, у 18 тысячах - заключаны калектыўныя дагаворы. Гэта дастаткова высокі ўзровень сацыяльнага партнёрства.

У час сустрэчы на РУП «СПМК Газбудмантаж» дырэктар прадпрыемства Алег Пірожнік і старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі Ірына Алейнікава падзяліліся вопытам сваёй сумеснай працы. Сацыяльнае партнёрства на прадпрыемстве выбудавана дастойна. Толькі за мінулы год па калектыўнай дамове работнікам выплачана 97 тыс. рублёў, сярэднямесячная заработная плата ў арганізацыі перавышае 2,5 тыс. рублёў. Пры гэтым тарыфная стаўка 1-га разраду сёлета падвышалася на 20%.

РУП «СПМК Газбудмантаж» створана ў 1991 годзе. Сёння яго работнікі выконваюць шырокі спектр будаўнічых работ па ўладкаванні ўнутраных і вонкавых інжынерных сістэм, сістэм газазабеспячэння, а таксама вырабляюць металаканструкцыі і іншую прадукцыю. За мінулыя 8 месяцаў 2024 года тут асвоена інвестыцый на 1034 тыс. рублёў, грошы пайшлі на тэхпераўзбраенне - куплю неабходнага абсталявання.

У ЗТАА «Омск Карбон Магілёў» размова ішла аб падрыхтоўцы маладых спецыялістаў для прадпрыемства. Пачынаючы з 2018 года, тут актыўна супрацоўнічаюць з рознымі навучальнымі ўстановамі, у тым ліку даючы працоўныя месцы для праходжання вытворчай практыкі будучым спецыялістам. За апошнія гады на сваё першае працоўнае месца сюды прыйшлі каля 50 маладых работнікаў.

ЗТАА «Омск Карбон Магілёў» - гэта адзінае ў Беларусі прадпрыемства, якое вырабляе тэхнічны вуглярод, адна з 3 пляцовак кампаніі (акрамя Омска і Валгаграда). Фірма выпускае 36 марак тэхнічнага вугляроду, які прымяняецца ў многіх сферах. Унутраны рынак спажывае каля 11% прадукцыі, астатняя сыходзіць на экспарт - у Кітай, Малайзію, Сінгапур, В'етнам, Турцыю. На прадпрыемстве працуюць 600 чалавек.

1prof.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая